Палітвязьні ў Беларусі могуць сустрэцца з псыхіятрамі ў некалькіх выпадках. Падчас кароткага мэдычнага агляду, калі яны прыбываюць у сьледчы ізалятар або калёнію. Калі іх адпраўляюць на псыхіятрычную экспэртызу. Або калі іх асуджаюць на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне.
Ці могуць накіраваць у псыхіятрычны шпіталь здаровага чалавека? Ці лекары могуць падчас прымусовага лячэньня нашкодзіць зьняволенаму? Колькі можа доўжыцца прымусовае лячэньне ў стацыянары? Паводле якіх крытэраў палітвязьняў накіроўваюць на псыхіятрычную экспэртызу? Ці могуць яны адмовіцца? У якіх умовах людзі знаходзяцца ў псыхіятрычных шпіталях? Свабода расказвае пра гэта з дапамогай былых палітзьняволеных, лекараў-псыхіятраў і праваабаронцы.
Шпіталь пасьля «забойства сілавіка»
Марыю Ўсьпенскую многія беларусы ведаюць зь відэа 2021 году, якое распаўсюдзілі праўладныя каналы. Стрункая жанчына ў чорным здымае на тэлефон сілавікоў, што ўварваліся ў кватэру. У выніку забілі ейнага мужа Андрэя Зельцара і супрацоўніка камітэта дзяржаўнай бясьпекі Дзьмітрыя Федасюка. Марыю затрымалі ў той жа дзень. Яе абвінавацілі ў забойстве сілавіка. Што менавіта адбылося ў кватэры ў той вечар, дагэтуль невядома.
Усьпенскую трымалі ў ізалятары на Акрэсьціна, пазьней у сьледчым ізалятары на Валадарскага. Сукамэрніца, якая знаходзілася разам зь ёй у СІЗА, раней апісвала Марыю так:
«Маша вельмі плакала, што ня можа пахаваць мужа і ня можа зь ім разьвітацца. Часам яна „выпадала“ і казала: „Слухайце, а як гэта мне пайсьці за кватэру заплаціць?“ Чалавек быў у стане такога дзікага шоку, што яна вярталася думкамі ў мінулае, што ў яе нармальнае жыцьцё».
Са словаў сукамэрніцы, у 2020 годзе ва Ўсьпенскай здарыўся крызіс асобы, які перайшоў у дэпрэсію. Яна зьвярталася па дапамогу псыхатэрапэўта і прымала антыдэпрэсанты.
З «Валадаркі» Марыю накіравалі на псыхіятрычную экспэртызу ў шпіталь у Навінках. Праз дзесяць месяцаў пасьля забойства яе мужа і сілавіка пачаўся суд. Марыі на ім не было. Яе маці прадстаўляла ейныя інтарэсы — як асобы, якая або была ў стане бесьсьвядомасьці ў вечар забойства, або захварэла на псыхічны разлад пасьля.
Ёй прызначылі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары. Тэрміну суд не вызначаў. Яе накіравалі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя ў Навінках пад Менскам. У 2023 годзе суд разглядаў зьмену прымусовых мер бясьпекі і лячэньня Марыі Ўсьпенскай. Дзе яна цяпер і што зь ёй, невядома.
Гэта адзін з самых гучных выпадкаў, калі палітзьняволеную ў Беларусі скіравалі прымусова лячыцца. З дня забойства ейнага мужа Андрэя Зельцэра прайшло чатыры гады.
Былая палітзьняволеная Натальля Дуліна расказала, што ведае ад іншых зьняволеных, якія сядзелі з Усьпенскай, што нібыта ў яе «вялікія пыхалягічныя праблемы».
«Тое, што яе ў выніку перавялі ў псыхіятрычны шпіталь, наколькі можна меркаваць па сьведчаньнях дзяўчат, гэта была ня спроба яе ізаляваць або нэўтралізаваць, каб яна нечага лішняга не сказала, а менавіта зьвязанае зь ейным станам. То бок ёй сапраўды было вельмі кепска», — камэнтуе Натальля Дуліна.
Псыхіятар Сяргей Папоў пракамэнтаваў, што магло б адбыцца з чалавекам у падобнай сытуацыі, калі б справа не была зьвязаная з палітыкай.
«Хутчэй за ўсё, чалавек адбыў бы свае паўгоду на прымусовым лячэньні ў клініцы і хутчэй за ўсё пасьля гэтага яго б адпусьцілі дадому, каб працягваць тэрапію амбуляторна. Бо частка тэрапіі — каб чалавек вярнуўся да свайго сацыяльнага жыцьця... ПТСР можа лячыцца вельмі доўга. Гэта хвароба, якая можа доўжыцца гадамі, але гэта людзі ня лечаць у шпіталях гадамі, ніколі і нідзе ў сьвеце», — кажа псыхіятар.
Ён падсумоўвае, што калі чалавека ў такой сытуацыі, як ва Ўсьпенскай, скіравалі б у псыхіятрычны шпіталь на гады, то гэта можна разглядаць як «выкарыстоўваньне шпіталя ня ў мэтах лячэньня, а ў мэтах пакараньня».
Больш за 30 выпадкаў прымусовага лячэньня
Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павал Сапелка расказаў Свабодзе, што вядома больш за 30 выпадкаў, калі людзей, затрыманых у Беларусі з палітычных прычын пасьля 2020 году, накіравалі на прымусовае лячэньне. Сярод іх шмат асуджаных за абразу або паклёп на службовых асобаў.
Праваабаронцам вядома, што 21 чалавека ў выніку зьмясьцілі ва ўстановы закрытага тыпу: псыхіятрычныя шпіталі. І няма зьвестак, каб іх выпусьцілі. Пяць чалавек з гэтай групы ўжо вызваліліся, іх лічаць былымі палітвязьнямі. Ёсьць тыя, каго адразу скіравалі на амбуляторнае лячэньне, то бок чалавек знаходзіўся дома, а не ў закрытай установе, і часам наведваў лекараў. Ім не давалі статусу палітвязьняў.
Адзін з палітвязьняў выклікае найбольшую трывогу праваабаронцаў. Гэта Міхаіл Ляпейка з Магілёва. Яму 77 гадоў. Яго асудзілі за «абразу Лукашэнкі» на прымусовае лячэньне. Мужчыну затрымалі больш за чатыры гады таму. Сувязі зь ягонымі роднымі няма.
«Мы нават ня ўпэўненыя ў тым, што ён цяпер жывы», — дзеліцца Сапелка.
Ёсьць шэраг праблем у выпадках прымусовага лячэньня, адзначае праваабаронца.
1. Закрыты суд
Усе такія справы разглядаюць у закрытым судовым паседжаньні.
«Таму абставіны мы ведаем вельмі часта толькі з афіцыйных паведамленьняў дзяржаўных органаў, часам — ад родных, сяброў», — адзначае юрыст.
2. Ізалююць не небясьпечных
Паводле «Закону аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі», прымусова лячыць можна толькі тых псыхічна хворых людзей, якія ўхіляюцца ад лячэньня і ствараюць небясьпеку для сябе або іншых людзей, цытуе Павал Сапелка.
Аднак, ён адзначае, што ў псыхіятрычныя ўстановы трапляюць людзі, затрыманыя з палітычных матываў, якія не ствараюць небясьпекі для грамадзтва. Ён прывёў прыклад былога палітвязьня Мацьвея Бяляя, якога асудзілі на прымусовае лячэньне. Але пакуль прысуд не ўступіў у сілу, яго працягвалі трымаць ў звычайным СІЗА.
3. Невядомыя тэрміны
Ніхто ня ведае, колькі зойме прымусовае лячэньне. Суд гэтага не вызначае. Ці чалавека выпусьцяць, ці ён застанецца лячыцца, маюць вырашаць у шпіталі пасьля чарговай экспэртызы кожныя паўгоду, зьвяртае ўвагу Павал Сапелка.
4. Схаваныя ўмовы ўтрыманьня
Праваабаронцам складана сачыць за ўмовамі ўтрыманьня людзей у псыхіятрычных шпіталях. Вядома толькі тое, што паведамяць у Мінздароўя або пракуратуры. Туды няма доступу грамадзкасьці, кажа суразмоўца.
«Калі гэтых людзей накіроўваюць на пазбаўленьне волі без дастатковых падставаў, калі яны не небясьпечныя, паводле стану здароўя, калі іх накіроўваюць толькі таму, што яны абазвалі дрэнным словам Лукашэнку, гэта адвольнае пазбаўленьне волі... За словы нельга зьмяшчаць чалавека ў закрытую ўстанову», — тлумачыць Павал Сапелка, у якіх выпадках накіраваньне на прымусовае лячэньне можа парушаць правы чалавека.
Ён перакананы, што гэтых палітвязьняў, асуджаных на прымусовае лячэньне, варта вызваліць у першую чаргу з межах гуманітарнага сьпісу.
«Які разлад трэба лячыць у стацыянары год?»
Псыхіятар, былы намесьнік старшыні этычнага камітэту Беларускай псыхіятрычнай асацыяцыі Сяргей Папоў мяркуе, што сыстэме прасьцей асудзіць чалавека на тэрмін у калёніі, чым скіраваць яго на псыхіятрычнае лячэньне ў шпіталь. Аднак бываюць іншыя выпадкі.
«Імаверна, ёсьць нейкія станы ў чалавека, што яны (супрацоўнікі сыстэмы. — РС) ня хочуць „гемарою“ і адпраўляюць чалавека ў псыхіятрычны шпіталь, каб у іх не было лішніх праблем. Раптам гэты чалавек нешта з сабой зробіць? Таму яны скідваюць гэтага чалавека на шпіталь і робяць лекараў турэмнікамі», — разважае суразмоўца.
Аднак ён кажа, што ведае пра адзін выпадак, калі, імаверна, здароваму чалавему, пра псыхіятрычныя дыягназы якога раней не было вядома і якога затрымалі з палітычных матываў, прызначылі прымусовае лячэньне ў пыхіятрычным шпіталі ў Навінках. Аднак, паводле яго, гэта не было неабходным крокам для здароўя асуджанага.
«Могуць быць розныя дыягназы, як дэпрэсія або трывожныя разлады, якія не патрабуюць, як правіла, стацыянарнага лячэньня. Кожны чацьвёрты, ці кожны пяты мае нейкую трывогу ці нешта такое», — разважае ён.
Псыхіятар кажа, што ведае шмат фактаў, калі людзей, у тым ліку, «палітычных», не выпускалі са шпіталя падчас прымусовага лячэньня, нават калі тыя ужо прыходзілі ў норму. Раз на паўгода зьняволеныя пацыенты маюць праходзіць паўторную экспэртызу. У выніку іх могуць выпісаць дадому або працягнуць лячэньне.
«Які разлад трэба лячыць у стацыянары год? Ёсьць вострыя фазы, купаваньне якіх можа заняць і месяц, і два. Але год — гэта нонсэнс. Я разумею, што чалавек можа не хацець прымаць падтрымліваючае лячэньне дома. Але гэта не нагода трымаць яго ў шпіталі год. Шпіталь тады пераўтвараецца ў турму», — рэзюмуе ён.
Экспэрт дадае, што раней многія людзі, калі рабілі злачынствы, не зьвязаныя з палітыкай, нават хацелі б трапіць у шпіталь, а не ў турму.
«Іншая рэч, што Гайцюнішкі і іншыя шпіталі — гэта таксама турма, і законы там таксама турэмныя. Гэта цяжка назваць тэрапіяй, лячэньнем, рэабілітацыяй. Думаю, нейкая тэрапія там ідзе. Але асноўная мэта — гэта ізаляцыя ад грамадзтва. Людзі застаюцца там на гады, нават калі стацыянарная тэрапія ўжо не патрэбная», — кажа псыхіятар.
Празьмерна актыўным даюць супакаяльныя
Псыхіятар Сяргей Папоў мяркуе, што для некаторых людзей наадварот цяжэй знаходзіцца ў псыхіятрычным шпіталі, чым у турме.
«Там атмасфэра няпростая. Людзі ў вельмі цяжкім стане там знаходзяцца. Гэта кантакт з псыхічным болем іншага чалавека, з людзьмі, якія знаходзяцца ў асабістай катастрофе, з хранічнымі захворваньнямі, разладамі, не ў кантакце з гэтай рэальнасьцю. Зь імі нават пагутарыць цяжка», — тлумачыць ён.
Яшчэ з тузін гадоў таму людзі на прымусовым лячэньні маглі знаходзіцца ў звычайным аддзяленьні. Пазьней сыстэму прымусовай экспэртызы перавялі цалкам пад адказнасьць Міністэрства ўнутраных справаў, а не Міністэрства аховы здароўя.
«Гэтыя лекары працуюць не ў Мінздароўя, а ў МУС. У іх свая сыстэма навучаньня. Яны пасьля заканчэньня мэдычнага ўнівэрсытэта ідуць вучыцца ў МУС. Яны слугі МУС, а не аховы здароўя», — расказвае Сяргей Папоў.
Тады ж у РНПЦ у Навінках адкрылася дадатковае аддзяленьне прымусовага лячэньня.
«Розныя будынкі, розная ахова, міліцыя, сабакі. Гэта сапраўды турма, магчыма, з больш мяккімі ўмовамі», — апісвае суразмоўца.
Але, на думку экспэрта, у такой установе ня могуць нашкодзіць «палітычным», як было ў часы савецкай «карнай мэдыцыны».
«Я вельмі крытычна стаўлюся да таго, як працуе псыхіятрычная сыстэма ў Беларусі. Але я думаю, усё ж не. Мне здаецца, не было прыкметаў таго, што ўлады і МУС лезуць у мэдычныя працэдуры. Гэта спосаб пазбавіцца чалавека (з боку сілавой сыстэмы. — РС), і хай лекары ім займаюцца. Лекары ў нас больш гуманістычна настроеныя, прытрымліваюцца пратаколаў і накіраваныя на тэрапію, а не на катаваньні. Я ня веру, што існуе катавальня ў псыхіятрычных стацыянарах», — адзначае ён.
Аднак суразмоўца заўважыў, што да некаторых празьмерна актыўных пацыентаў, якія чымсьці незадаволеныя, выказваюць сваю пазыцыю, хочуць дамагчыся сваіх правоў, прыкладам, выпісацца або пагаварыць з доктарам пра лекі, могуць стасаваць супакаяльныя прэпараты.
«Гэтага чалавека могуць успрыняць як таго, хто парушае супакой, парадак у аддзяленьні. Яму могуць прызначыць лекі, якія ня зробяць яго „агароднінай“, такіх ужо няма, але яго могуць сэдзіраваць так, што ён будзе спаць, у яго могуць разьвіцца пабочныя эфэкты ад гэтага леку. Гэта датычыць ня толькі „палітычных“. Магчыма, да палітычных гэта можа быць больш, бо яны больш актыўныя, больш за справядлівасьць», — тлумачыць экспэрт.
Адмысловец дадае, што падчас знаходжаньня ў псыхіятрычным шпіталі зьняволенаму чалавеку, які мае псыхічныя складанасьці, сапраўды могуць дапамагчы.
«Калі чалавек будзе ў дэпрэсіі, дэзадаптацыі, ён атрымае антыдэпрэсанты. Тое, што ў турме зрабіць вельмі цяжка», — дадае ён.
Сяргей Папоў расказаў, што калі чалавек у вострым стане, у псыхозе, не ўсьведамляе сябе і рэальнасьць, тады яму могуць даць моцныя супакаяльныя. Але гэта кароткатэрміновая мера. Таксама такога пацыента могуць фіксаваць прасьцінамі да ложка. Гэта практыка, якую прымяняюць у розных краінах сьвету, у тым ліку, у Эўропе. У Беларусі ўжо не выкарыстоўваюць утаймавальныя кашулі. Папоў адзначыў, што такая фіксацыя можа адбывацца толькі на пэўны непрацяглы час. Калі чалавека будуць так прывязваць на цэлы дзень — гэта ўжо катаваньне.
«Вы называеце сябе палітзьняволенай — я буду трактаваць гэта як паранаідальны разлад асобы»
Яшчэ адна магчымасьць для палітвязьняў сустрэцца з псыхіятарам — гэта псыхіятрычная экспэртыза.
Былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая правяла ў зьняволеньні больш за чатыры гады ў палітычных справах, расказала Свабодзе, як яе за кратамі скіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу. Гэта было чатыры разы. Кожны раз гэта адбывалася на этапе сьледзтва, калі на яе заводзілі новую крымінальную справу. Яе туды скіроўваў сьледчы.
«Гэта былі не псыхіятрычныя экспэртызы. Гэта была адна з формаў палітычных рэпрэсій у выглядзе псыхіятрычных экспэртызаў. Гэта было праз маю цьвёрдую прынцыповую пазыцыю. Бо нягледзячы на ўсе пагрозы, я працягвала называць сябе палітзьняволенай. Гэта выклікала вялізарную разьюшанасьць ва ўсіх карнікаў. Гэта была помста мне... Калі чалавек не скараецца, для іх гэта псыхічнае адхіленьне», — мяркуе яна.
У калёніі ў Зарэччы працаваў псыхіятар-нарколяг Павал Бурвель, які, з словаў Шарэнды-Панасюк, зьвязваў статус палітвязьня з псыхічным разладам.
«Ён выразна заявіў, што калі вы называеце сябе палітзьняволенай — я буду трактаваць гэта як паранаідальны разлад асобы. Такую цыдулку ён напісаў. Яна захоўвалася ў матэрыялах адносна мяне ў калёніі ў Зарэччы. Мне ўдалося яе прачытаць», — кажа суразмоўца.
Паліна Шарэнда-Панасюк ўспамінае, што ёй прапаноўвалі выбраць, дзе праходзіць экспэртызу: у СІЗА або ў псыхіятрычным шпіталі ў Навінках. Яна кажа, што тройчы адмаўлялася ад праходжаньня псыхіятрычнай экспэртызы. Але яе ўсё адно завозілі ў клініку.
«Гэта ганебна. Гэта дыскрэдытацыя мяне як чалавека, як палітыка», — перакананая палітзьняволеная.
Паліна расказвае, што этап у Навінкі — гэта і фізычна вельмі цяжка. Шлях ішоў празь некалькі ўстановаў і гарадоў, з торбамі з рэчамі. Падчас этапу праходзілі «голыя шмоны» — дагляд рэчаў, калі чалавеку неабходна было цалкам разьдзявацца і прысядаць.
«Кожны заход і выхад з аўтазака — гэта чарговы ператрус, чарговыя абразы, гэта сабакі, карнікі, якія зьдзекуюцца. Кожны раз гэта быў мэтанакіраваны прэс з мэтай зьнішчыць псыхалягічна і фізычна мяне», — апісвае яна.
«Абавязковы элемэнт расчалавечваньня — страшэнная хустка на галаву»
У Навінках Шарэнда-Панасюк знаходзілася ў спэцыялізаваным аддзяленьні асобна ад звычайных пацыентаў шпіталя.
«Гэта асобны корпус, які знаходзіцца за плотам. Гэта сапраўдная турма. Там калючы дрот, плот, сабакі, якія бегаюць, шмат міліцыянтаў», — апісвае яна атмасфэру.
Палітзьняволеная кажа, што некалькі разоў яе трымалі ў палаце зь іншымі жанчынамі, максымум чатырох разам. Тыя жанчыны былі асуджаныя паводле наркатычных артыкулаў або за забойства. Аднойчы падчас яе перабываньня прывезьлі жанчыну зь неадэкватнымі паводзінамі, якая ўжывала наркотыкі і была небясьпечнай для іншых. Яе зьмясьцілі асобна. Рэшта — звычайныя людзі, кажа Паліна.
«Палаты нагадваюць камэры. Жалезныя дзьверы з вочкамі і адтулінамі, празь якія падаюць ежу. Усё адзін у адзін як у СІЗА або нават у ШЫЗА. У палаце няма нічога акрамя жалезных ложкаў і лавы са сталом, прыкручаных да падлогі. Ні кранаў з вадой, ні прыбіральні», — успамінае яна.
Суразмоўца дадае, што там забіраюць усе рэчы, у тым ліку зубную пасту, шчотку, расчоску, шпількі для валасоў, уласнае адзеньне. Можна мець толькі туалетную паперу. Стаіць плястыкавае вядро ў якасьці туалета.
«Выдавалі нейкія лахманы. Адзін іх выгляд наводзіў на думку, што ў цябе з галавой ня ўсё ў парадку. Гэта было не па памерах, страшэннай расфарбоўкі ў сінія кветачкі, шлёпанцы 45-а памеру. Сарочка беспамерная, настолькі заношаная, што на табе распаўзалася, і халат. Калі выходзілі на вуліцу, прымушалі надзяваць мужчынскія клятчатыя штаны. Давалі палінялую целагрэйку. І абавязковы элемэнт расчалавечваньня — страшэнная хустка на галаву», — апісвае Паліна шпітальнае адзеньне.
Кожныя тры гадзіны людзей выводзяць у прыбіральню, расказвае суразмоўца. Там можна расчасацца, пакурыць, памыць галаву. У палаце дазвалялі ляжаць удзень і чытаць кнігі. Асьвятленьне было кепскае. Душ раз на тыдзень.
Яна ўспамінае, што ў сакавіку 2021 году было вельмі душна ў палаце, памяшканьне амаль не праветрывалася. Зьняволеныя набіралі бутэлькі з вадой і палівалі сьцены.
«Ложкі гэта тры-чатыры паралельныя трубы, на якія кладзеш тонкі, брудны, звалялы, сьмярдзючы матрац. Гукі ўвесь час. Нягледзячы на тое, што ноч, яны рагочуць, грымяць кубкамі, бразгат жалезных дзьвераў», — апісвае суразмоўца ўмовы.
«Мы, два дарослыя чалавекі, сядзелі і займаліся маразмам»
На чацьвёрты раз Шарэнда-Панасюк пагадзілася на працэдуру, бо ў Навінках адзін дзень тэрміну залічваецца за паўтара. Экспэртыза мае доўжыцца 21 дзень. Але столькі яе трымалі толькі адзін раз, у іншыя вярталі ў калёнію раней.
«Гэта было ў выглядзе тэстаў: раздрукоўкі, кніжачкі, матэматычныя тэсты. Тэсты, падобныя, як дзяцей рыхтуюць да школы: падабраць кавалак узору да карцінкі, паглядзець, што на карцінцы няправільна. Для мяне гэта выглядала сюрэалістычна. Яны цудоўна разумелі, чаму я тут знаходжуся. Мы, два дарослыя чалавекі, сядзелі і займаліся маразмам», — кажа суразмоўца.
У выніку псыхіятрычных экспэртызаў, наколькі ведае Паліна Шарэнда-Панасюк, ёй давалі заключэньне, што ў яе няма псыхічных адхіленьняў і што «у момант учыненьня злачынства яна ўсьведамляла грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў».
Ці шмат іншых палітвязьняў меліся праходзіць псыхіятрычную экспэртызу, Паліна дакладна ня ведае.
«На дзьвярах кожнай палаты былі напісаныя або анархісцкія лёзунгі, або „Жыве Беларусь!“. Прычым гэта былі даты ледзьве не пачатку 2000-х. То бок гэта ўсё існавала да 2020 году. Яно пэўна тычылася абмежаваных групаў людзей. Але сыстэма была ўжо адкатаная на карную псыхіятрыю... Увесну 2021 году супрацоўнікі казалі, што тут быў і Аўтуховіч, і Пачобут. Пасьля 2021 году гэта проста паставілі на канвэер», — мяркуе палітзьняволеная.
Паліна сьцьвярджае, што нягледзячы на магчымасьць накіраваць асуджанага на прымусовае лячэньне, у папраўчых калёніях знаходзіцца вялікая колькасьць людзей з псыхічнымі адхіленьнямі, якія, на яе думку, меліся б лячыцца ў шпіталях.
«Іх трымаюць у калёніях як нявольніцкую сілу. Яны прыбіральшчыцы, самая брудная праца на іх. Псыхічна хворых людзей выкарыстоўваюць для ціску на палітзьняволеных. Калі нас трымалі ў ПКТ, то ўвесь час з псыхічна хворымі людзьмі. За дзесяць месяцаў, што я сядзела, празь мяне прапусьцілі 10-15 такіх жанчын. Хтосьці сам з сабой размаўляе, а хтосьці вельмі агрэсіўны. Яны могуць на цябе кінуцца. Адна такая жанчына пабіла мяне па наводцы адміністрацыі», — кажа Паліна Шарэнда-Панасюк.
«Звычайныя пытаньні, каб высьветліць вашыя трывогі»
Палітзьняволеная выкладчыца Натальля Дуліна расказала, што яе накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу. Яна праходзіла гэтую працэдуру ў СІЗА цягам некалькіх гадзін.
«Вас выклікаюць у кабінэт. Прыходзіць чалавек, які, відаць, спэцыяліст, якога пасылаюць, каб вам задаць пытаньні. Гэта як анкетаваньне, апытаньне, але вы ня пішаце, а адказваеце, а чалавек запісвае. Да мяне такая дзяўчына прыходзіла. Пытаньні я не памятаю, але гаворка ішла пра мае звычкі, адчуваньні, настроі, ці прымаю я нейкія лекі. Такая дзяжурная рэч, якая ня думаю, што істотная», — расказвае Дуліна.
Яна адзначае, што гэта выглядала як прыём у спэцыліста ў звычайным жыцьці. Яна не заўважыла перадузятасьці ў спэцыяліста.
«Звычайныя пытаньні, каб высьветліць вашыя трывогі або нешта, што можа паказаць на вашыя нестабільныя паводзіны. Ёсьць рутынныя рэчы. Іх ня варта ўспрымаць як ціск на „палітычных“», — кажа суразмоўца.
Яна падзялілася, што некаторых ейных знаёмых зьняволеных, як «палітычных», так і «непалітычных» накіроўвалі на экспэртызу на стацыянар.
Псыхіятар Сяргей Папоў мяркуе, што на псыхіятрычную экспэртызу накіроўваюць ня ўсіх палітвязьняў, бо гэта дорага.
«Думаю, калі не атрымліваецца ў сьледчага ці некага наладзіць кантакт з чалавекам. Сыстэма ня можа працаваць, бо чалавек нешта не падпісвае, не адказвае, мабыць, накшталт такога. Або калі яны бачаць, што нешта неадэкватнае зь іхняга пункту гледжаньня. Ня думаю, што гэта нейкая выбудаваная сыстэма», — тлумачыць ён.
Ён кажа, што па форме псыхіятрычная экспэртыза звычайна праходзіць не фармальна, а больш якасна.
«Думаю, калі мы кажам пра палітвязьняў, хутчэй за ўсё гэта фармальна адбываецца. Думаю, гэта зьвязана з тым, дзе менш праблемна гэтага чалавека трымаць», — мяркуе ён.
«Наўрад ці сёньня можна казаць, што псыхіятрыя выконвае функцыю барацьбы з іншадумствам»
Лекар-псыхіятар Павал Перапёлкін патлумачыў у камэнтары Свабодзе, што на судова-псыхіятрычную экспэртызу накіроўвае орган, які вядзе крымінальную справу: сьледчы, пракурор, судзьдзя. Фігурант справы альбо яго абаронца таксама могуць ініцыяваць гэтую працэдуру.
«Падставай для накіраваньня можа быць любы сумнеў у мэнтальным здароўі падэкспэртнага, зварот вязьня ў мінулым па псыхіятрычную дапамогу, зьвесткі пра наяўнасьць мэнтальнага захворваньня, неадэкватныя дзеяньні ці выказваньні, суіцыдальныя выказваньні і спробы, а таксама характар дзеяньняў, якія яму інкрымінуюць як злачынства, напрыклад, надзвычайная жорсткасьць», — тлумачыць экспэрт.
Асноўная мэта экспэртызы — вызначыць, ці мог абвінавачаны, падсудзімы ўсьведамляць свае дзеяньні і іх наступствы падчас таго, у чым яго вінавацяць, адзначае псыхіятар. Ад гэтага будзе залежаць, ці можа чалавек несьці крымінальную адказнасьць. Яшчэ адна мэта — выявіць псыхічныя захворваньні, калі яны ёсьць, і накіраваць на лячэньне.
Павал Перапёлкін расказвае, што экспэртызу могуць праводзіць амбуляторна (у СІЗА, калёніі або абласных аддзелах судовых экспэртыз) альбо стацыянара (у шпіталі).
«Аддзяленьне стацыянарнай псыхіятрычнай экспэртызы не ўваходзіць у структуру РНПЦ (у Навінках. — РС) і не падпарадкоўваецца яго кіраўніцтву. Яно адносіцца да Камітэта судовых экспэртыз і толькі месьціцца на базе РНПЦ», — тлумачыць суразмоўца.
Экспэртыза можа доўжыцца ад некалькіх гадзін да некалькіх тыдняў. Яе праводзяць ня менш за тры экспэрты: лекары-псыхіятры-нарколягі з вышэйшай мэдыцынскай адукацыяй, якія прайшлі перападрыхтоўку па судовай экспэртызе цягам году. Яны вывучаюць матэрыялы справы, мэдыцынскія дакумэнты, праводзяць клінічную гутарку з чалавекам, ягоны агляд. Могуць праводзіць дадатковыя дасьледаваньні.
«У маім прафэсійным досьведзе было некалькі выпадкаў, калі высновы экспэртызы выклікалі вялікія сумневы. Але падставаў казаць пра тое, што псыхіятрычная экспэртыза працуе выключна фармальна альбо фіктыўна ў мяне няма», — адзначае псыхіятар.
Адмовіцца ад псыхіятрычнай экспэртызы нельга, кажа Перапёлкін.
«Чалавек можа, напрыклад, нічога не казаць экспэртам, сядзець увесь час моўчкі. Гэта абцяжарыць працу экспэртаў, але само правядзеньне экспэртызы не скасуе», — камэнтуе ён.
Лекар мяркуе, што любыя лекавыя сродкі прызначаюць толькі, калі ёсьць паказаньні для іх, у тым ліку палітвязьням.
«Я ня ведаю, ці выкарыстоўваюцца ў дачыненьні палітвязьняў прызначэньне лекаў без наяўнасьці паказаньняў. Але сэнсу ў гэтым ня бачу. Да сёньняшняга дня існуе шмат мітаў пра лекі, якія выкарыстоўваюць у псыхіятрыі, але на самой справе ніякага сур’ёзнага грунту пад імі няма. Калі даць здароваму чалавеку лекавы сродак, то нічога не адбудзецца», — кажа Павал Перапёлкін.
Ён дадае, што можна справакаваць пабочныя эфэкты ня толькі «псыхіятрычнымі» прэпаратамі, але любымі лекавымі.
«Але, па-першае, гэты эфэкт малапрадказальны, а па-другое, лекару і пэрсаналу гэта створыць значна больш праблем, чым пацыенту. Немагчыма існуючымі лекавымі сродкамі, напрыклад, змусіць чалавека паводзіць сябе пэўным чынам альбо казаць нешта пэўнае», — тлумачыць ён.
Перапёлкін адзначае, што і экспэртызу, і прымусовае лекаваньне можна выкарыстоўваць як сродак ціску і інструмэнт рэпрэсій.
«Не стасаваньне лекаў, а абмежаваньні, якія з гэтым зьвязаныя. Нават паездка этапам да „Навінак“ і адтуль можа быць элемэнтам ціску. Плюс стыгматызацыя мэнтальных разладаў, якая дагэтуль існуе ў нашым грамадзтве», — разважае ён.
Спэцыяліст кажа, што беларуская псыхіятрыя захавала шмат неабгрунтаваных абмежаваньняў у дачыненьні да людзей з псыхічнымі расстройствамі і асаблівасьцямі.
«У пэўных выпадках іх прававы стан значна горшы, чым зьняволеных. Захоўваецца стыгматызацыя, якая адасабляе людзей з псыхічнымі захворваньнямі як „недзеяздольных“, „ненармальных“, „неадэкватных“, „небясьпечных“. Наўрад ці сёньня можна казаць, што псыхіятрыя выконвае функцыю барацьбы з іншадумствам, палітычнымі дысыдэнтамі, як гэта было ў „саўку“. Рэжым выкарыстоўвае значна больш жорсткія і разнастайныя мэтады, зьвязаныя з крымінальным перасьледам, зьняволеньнем, шантажам, адчужэньнем маёмасьці», — падсумоўвае ён.
Форум