Галоўнай умовай для вяртаньня Алега Сянцова на тэрыторыю Ўкраіны зьяўляецца выдача Расеі яе грамадзян, асуджаных ў ЗША — Віктар Бута і Канстанціна Ярашэнкі, а таксама Марыі Буцінай, якая знаходзіцца пад вартай.
Аб гэтым карэспандэнту «Новай газеты» Паўлу Каныгіну распавяла крыніца, блізкая да перамоваў па абмене палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай.
Паводле словаў крыніцы, Масква гатовая абмяркоўваць такую «гуманітарную акцыю» наўпрост з Вашынгтонам, пры гэтым Украіна ня будзе зьяўляцца бокам перамоваў.
Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава сказала «Новай газете», што «ня ў курсе» такіх ініцыятыў.
Лёс усіх чатырох зьняволеных абмяркоўваўся ў канцы жніўня 2018 году падчас тэлефоннай размовы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў ЗША і Расеі Майка Пампэа і Сяргея Лаўрова, гаворыцца далей у публікацыі.
Пампэа тады ўзьняў пытаньне аб вызваленьні Сянцова, Лаўроў, у сваю чаргу, загаварыў аб незаконным утрыманьні ў турмах ЗША бізнэсоўца Бута і лётчыка Ярашэнкі, а таксама пра «перасьлед паводле надуманых падставаў» грамадзянкі Расеі Буцінай.
Увечары ў нядзелю аўтар артыкулу ў «Новай газете» Павел Каныгін ў інтэрвію радыё «Эхо Москвы» выказаў сумневы ў тым, што Дональд Трамп мог бы пагадзіцца на такі абмен. Журналіст мяркуе, што такі ўчынак прэзыдэнта ЗША выглядаў бы «як рэвэранс у бок Масквы».