Алег Сянцоў, які 139 дзён трымае галадоўку ў расейскай калёніі, дастаўлены ў бальніцу гораду Лабытнангі. Вязень пройдзе мэдычнае абсьледаваньне і атрымае кансультацыі ад лекараў.
Раней прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка, выступаючы на Генэральнай асамблеі ААН, заявіў, што Сянцоў знаходзіцца «паміж жыцьцём і сьмерцю».
Кіраўнік украінскай дзяржавы заклікаў членаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прыняць адпаведную рэзалюцыю і запатрабаваць ад Крамля датрыманьня правоў чалавека.
Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў асуджаны ў Расеі на 20 гадоў паводле абвінавачваньня ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Крыме. Рэжысэр віну не прызнае. 14 траўня Сянцоў абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем вызваліць з расейскіх турмаў усіх украінскіх палітвязьняў. Ён неаднаразова заяўляў, што будзе трымаць яе «да канца».
З патрабаваньнем неадкладна вызваліць Сянцова ў апошнія месяцы выступілі больш за 100 дзеячаў сусьветнай культуры, праваабаронцы і лідэры краін Захаду.