Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бульба ў райскім садзе. Выйшаў з друку «Беларускі праваднік па Старым Запавеце»


Павал Касьцюкевіч, архіўнае фота
Павал Касьцюкевіч, архіўнае фота

Пад такім назовам у выдавецтве «Логвінаў» зьявілася новая кніга Паўла Касьцюкевіча. Яна мае яшчэ і падзагаловак «Беларускі праваднік па Старым Запавеце (ТаНаХу), які істотна ўдакладняе і назву кнігі, і яе зьмест.

Павал Касьцюкевіч шукае адказы на пытаньні, якія да яго ў беларускім літаратурным сьвеце ніхто ня толькі не фармуляваў пісьмова, а нават у думках мець іх лічыў за страшную крамолу. Ну напрыклад...

  • Ці расла ў Эдэме бульба?
  • Хто плаціў за камунальныя паслугі Адама і Евы?
  • Як сталася, што цар Давід зрабіўся першым партызанам і рэкетырам у гісторыі чалавецтва?
  • Чаму грамадзянін БНР паэт Хаім-Нахман Бялік так і не адрадзіў біблійны іўрыт?
  • Што агульнага ў «Песьні песьняў» зь «Песьняй пра зубра»?

На многія з гэтых ды іншых сьмелых пытаньняў аўтар дае аргумэнтаваныя, арыгінальныя і жартаўлівыя адказы.

Ці расла ў Эдэме бульба?

Паколькі пра бульбу гаворка мусіць быць толькі паважная, то і адказ у аўтара кнігі разгорнуты і зусім бяз жартаў:

«Пісьменьнік Мэндэле Мойхер-Сфорым у сваёй кнізе „Вандраваньні Бэньяміна Трэцяга“, апублікаванай у 1878 годзе ў Вільні, некалькі разоў ужыў слова „бульбус“. Назваўшы гэтак славуты караняплод, Мойхер-Сфорым прыўнёс у іўрыт, які тады бурліва адраджаўся і актыўна замазваў прабелы, новае-старое слоўца. Яно, мяркуючы з усяго, зьявілася не без уплыву беларускай моўнай стыхіі, што атачала шаноўнага літаратара ў родных Капылі і Слуцку. Трэба заўважыць, у „бульбуса“ моцныя карані. Старагрэцкія. З гэтым словам габрэі былі знаёмыя як найменей паўтары тысячы гадоў — бульбус можна выкапаць сям і там на старонках Талмуду. Праўда, там ён азначаў ня бульбу, якой дакалюмбавая Эўразія ня ведала, а цыбулю. Нягледзячы на пратэкцыю вядомага літаратара і шыкоўны радавод, у сучасным гутарковым іўрыце „бульбус“ не прыжыўся.

Вокладка кнігі «Бульба ў райскім садзе»
Вокладка кнігі «Бульба ў райскім садзе»

Цяпер на рынках і ў супэрмаркетах Хайфы і Ерусаліму гучыць іншае найменьне, прапанаванае менш вядомымі рэаніматарамі іўрыту — „тапуах адама“ (даслоўна „яблык зямлі“). Філялягічныя аргумэнты за гэтае слова таксама крэпкія — карані ж спрадвечна-сэміцкія (а не старагрэцкія), а абедзьве палоўкі словазлучэньня „тапуах“ (яблык) і „адама“ (зямля) зьяўляюцца ўжо ў другім разьдзеле біблійнай Кнігі Роду, якая, натуральна, нашмат старажытнейшая за Талмуд.

Аднак пры больш старанным разглядзе слова „тапуах адама“ выяўляецца не такім натуральным і старажытным, як здавалася. Бульба ж не апісаная ў эдэмскім садзе ці краіне „на захад ад раю“, куды саслалі небараку Адама. Фантазія адмаўляецца маляваць гэтую дзікую карціну: першы чалавек у стаптаных сандалях поўзае па эдэмскіх градах і зьбірае з райскіх кустоў калярадзкага жука.

Паводле Бібліі, у раі рос проста „тапуах“ —яблык, які прапанаваў Зьмей Еве, і была проста „адама“, зямля, з пылу якой і паўстаў Адам. Зьяднаць гэтыя палоўкі ў словазлучэньне здагадаліся тыя, хто ведаў сучасную францускую мову, дзе дзьве частачкі скамбінавалі ў ХVIII стагодзьдзі ў наватвор „pomme de terre“, „яблык зямлі“».

Госпад жартаваў і нам дазваляў

Кніга складаецца зь пятнаццаці эсэ, у якіх звабныя для аўтара (і чытачоў) старазапаветныя эпізоды разглядаюцца аўтарам дасьціпна і жартаўліва, хоць Біблія — ня самая вясёлая кніга, — зазначае пісьменьнік. Больш за тое, словы «сьмех» і «сьмяяцца» сустракаюцца ў Старым Запавеце толькі ў адным месцы — у «Быційнай» гісторыі пра Абрагама і Сару. Тады Ўсемагутны паабяцаў немаладой пары сынка. Пачуўшы абяцаньне, пані трошкі ў гадах (Сары на той момант 89) ціхенька засьмяялася. Не засаромеўшыся прысутнасьці свайго Госпада, яна з сумневам у голасе выпальвае: «Ці мне, калі я пастарэла, мець гэтую ўцеху?» Аднак Сутны, пусьціўшы Сарына нахабства між вушэй, настойвае. Гэта будзе дакладна сын, і яго варта назваць менавіта Ісакам (на іўрыце «Іцхак» — «Той, які будзе сьмяяцца»).

Гумар ёсьць у аўтара(ў) Бібліі, — сьцьвярджае сп. Касьцюкевіч і дадае:

«Пачуцьцём гумару не абдзяліў сябе і сам Госпад Бог. Ён ацаніў саркастычны выпад Сары супраць сябе. І адразу ж вырашыў увечніць яго ў імені. Каб чалавецтву празь дзевяць месяцаў стала ясна, хто тут сьмяецца апошнім».

Дарэчы, у эпізодах з Салямонавай каханкай і Сарынай цяжарнасьцю ў Бібліі Павал Касьцюкевіч якраз і ўбачыў тры складнікі безумоўна безадмоўнага жарту: «Абавязковая самаіронія, мэлядраматычная тэатральнасьць і наяўнасьць (часам завочная) чыёйсьці мамы». Абсалютнае алібі для жартоўнага пераказу кананічных тэкстаў з сучаснага беларускага гледзішча.

Самая нечаканая кніга пра Біблію і Беларусь

Свае арыгінальныя эсэі аўтар новай кнігі пачаў пісаць два гады таму, гэткім чынам надумаўшы адзначыць паўтысячагодзьдзе з часу выхаду першага беларускага выданьня Бібліі, зробленага Францішкам Скарынам у Празе ў 1517-м. Прафэсійны пісьменьнік, перакладнік ізраільскай літаратуры і асырыёляг-аматар Павал Касьцюкевіч узяўся ўважліва перачытаць біблійныя аповеды і пашукаць у іх жывыя паралелі з беларускай, габрэйскай і блізкаўсходняй культурай, гісторыяй і палітыкай. Ягоныя эсэі друкаваліся на сайце Радыё Свабода і вось цяпер выйшлі асобнай кнігай. «Бульба ў райскім садзе» — самая нечаканая кніга пра Біблію і Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG