Кнігу Зянона Пазьняка «Цяжкі час» (частка 2) беларускія мытнікі забралі на беларуска-ўкраінскай мяжы ў грамадзкага актывіста Віктара Кулака.
Гэта адбылося 23 верасьня на памежным пераходзе «Новая Гута», куды Віктар Кулак прыехаў на аўтамабілі пасьля паездкі ў Чарнігаў. Актывіст распавёў Свабодзе абставіны затрыманьня кнігі.
Падчас агляду аўтамабіля кнігай зацікавіўся мытнік, пагартаў і сышоў, а потым прыйшлі адразу 6 супрацоўнікаў мытні і памежнікаў.
«Яны забралі кнігу і пачалі на яе складаць розныя дакумэнты. У выніку мне ўручылі 3 паперы, сярод іх акт агляду кнігі і паведамленьне аб забраньні кнігі з накіраваньнем яе на экспэртызу наконт прызнаньня экстрэмісцкай літаратурай. Дакумэнты падпісаў інспэктар мытнай службы Аляксей Пакрэпа. Мне было сказана, што на экспэртызу пойдзе 20 дзён», — распавёў Віктар Кулак.
Кнігу Зянона Пазьняка «Цяжкі час» Кулаку падараваў знаёмы з Украіны.
Сканфіскаваная кніга — збор артыкулаў Зянона Пазьняка з 1996 па 2002 гады на тэмы ўнутранай палітыкі і расейска-беларускіх дачыненьняў.
У 2015 годзе на беларуска-польскай мяжы ў актывіста КХП-БНФ Алеся Чахольскага мытнікі забралі па два асобнікі кніг Зянона Пазьняка «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял» і «Добрая фатаграфія». Спачатку Ленінскі і Маскоўскі раённыя суды Берасьця, а ў 2017 годзе і Вярхоўны суд Беларусі прызналі, што гэтыя кнігі Зянона Пазьняка ўтрымліваюць экстрэмізм, а іх распаўсюджаньне забаронена ў Беларусі.
У 2015 годзе на горадзенскай мытні затрымлівалі кнігу Зянона Пазьняка «Terra Dei», якую таксама адпраўлялі на экспэртызу, але прыкметаў экстрэмізму ў кнізе не знайшлі.
Кніга Зянона Пазьняка «Цяжкі час» («Канцэпцыя новага беларускага Адраджэньня», частка 2) выйшла ў сьвет у 2010 годзе. Яе ў 2015 годзе ўжо правяралі на «экстрэмізм», забраўшы на мяжы ў Паўла Севярынца. Прыкметаў экстрэмізму ў кнізе тады не знайшлі і вярнулі яе ўласьніку.