У прыватным выдавецтве Зьмітра Коласа выйшла другая частка кнігі «Словы і вобразы» перакладніка і пэдагога Лявона Баршчэўскага.
Ці быў у Беларусі маньерызм? Да якое эўрапейскае эстэтычнае плыні прыпадабняюцца творы Ўршулі Радзівіл? Хто стаў першым паэтам «высокага штылю» ў ВКЛ? На ўсе гэтыя ды многія іншыя пытаньні дае адказы знаны перакладнік і пэдагог Лявон Баршчэўскі ў сваёй новай кнізе «Словы і вобразы».
Аўтар вызначае жанр выданьня як аўтарскі падручнік літаратуры для школьнікаў, але насамрэч гэта цудоўная чытанка для ўсіх, хто цікавіцца скразным кантэкстам усясьветнага літаратурнага і культурнага працэсу.
«Словы і вобразы» — кніга, найперш карысная тым, што паказвае літаратурна-культурныя працэсы на беларускіх землях у няспыннай агульнай хадзе эўрапейскай гісторыі. Беларуская эстэтычная традыцыя разглядаецца ў ёй як нацыянальная праява агульнаэўрапейскага культурніцкага руху. І ў гэтым — самае галоўнае адрозьненьне кнігі Лявона Баршчэўскага ад афіцыйных школьных падручнікаў.
На падставе аналізу канкрэтных твораў розных часоў і народаў Баршчэўскі разглядае найважнейшыя этапы станаўленьня літаратуры і мастацтва — ад старажытнасьці да канца эпохі Асьветніцтва. Аўтар прыводзіць у прыклад найлепшыя творы аўтараў розных краінаў, далучаючы да іх і тагачасных беларускіх.
Як кажа сам Баршчэўскі, ён імкнуўся даць «шырокі кантэкст, дзе няма прыніжэньня беларускай літаратуры. Яна стаіць побач з усясьветнай, яна раўнапраўная. І яна ня горшая, калі браць яе найлепшыя праявы».
Яшчэ адной асаблівасьцю выданьня, яго адрозьненьнем ад афіцыйных падручнікаў зьяўляецца яго інтэграванасьць. Тут уся літаратура — адзін прадмет.
«І ня проста літаратура, а літаратура і мастацтва нават аб’яднаныя ў адно. І гэта шлях, якім рана ці позна пойдзе ўся беларуская школа, таму што гэта абсалютна няправільна, што існуюць розныя літаратуры ў розных прадметах», — адзначае аўтар.
Паводле яго, беларуская, расейская, сусьветная літаратуры павінны быць аб’яднаныя ў адзін прадмет. Тады вучні будуць атрымліваць сыстэмныя веды, Да таго ж гэта вялікая эканомія часу, бо не давядзецца адны і тыя тэарэтычныя тэрміны вывучаць на ўроках расейскай літаратуры і на ўроках беларускай.
Лёгкі стыль аўтара робіць падручнік займальным чытвом, прывабным ня толькі для вучняў, але і для сталых чытачоў, якія ў свае школьныя гады былі пазбаўленыя падобных кніг.
Кніга — ня першая падобная ў шматгадовай працы Лявона Баршчэўскага, выкладчыка літаратуры Беларускага гуманітарнага ліцэя і перакладніка з больш чым дзесяці моваў. Першая частка «Словаў і вобразаў» выйшла ў 2017 годзе. Яшчэ раней спадар Баршчэўскі быў суаўтарам выданьняў «Словы ў часе», «Словы ў часе і прасторы», «Беларуская літаратура і сьвет», у якіх беларуская літаратура таксама разглядаецца як неад’емная частка ўсясьветнага літаратурнага працэсу.