Як малы зь беластоцкай вёскі, які выразаў з кары аленяў і мядзьведзяў, стаў сусьветна прызнаным мастаком, сьвядомым беларусам, акадэмічным прафэсарам у Варшаве, інтэлектуальнай зоркай беларускай Польшчы.
Зь Лявонам (Лёнікам) Тарасэвічам — адным з найбольш вядомых сучасных мастакоў у Польшчы і Эўропе, мы знаёмыя з нашых студэнцкіх гадоў. Тады, на пачатку 1980-х у Варшаве, мы разам аб’ядноўвалі беларускае студэнцтва і выдавалі часопіс «Сустрэчы». Потым, вярнуўшыся на Беласточчыну, разам удзельнічалі ў наладжваньні беларускага палітычнага і культурнага жыцьця пасьля падзеньня камунізму. Наша доўгае знаёмства і шмат супольных перажываньняў, спадзяюся, тлумачаць стыль і тон гэтай доўгай размовы, якая адбылася ў Валілах на Беласточчыне 2 верасьня 2018.
Прафэсар, які «адвучвае ад мастацтва»
— Лёнік, у 2011 годзе прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі надаў табе тытул прафэсара выяўленчых мастацтваў (profesor sztuk plastycznych). У навуковым сьвеце ў Польшчы тытул прафэсара атрымліваюць людзі, якія раней атрымалі тытул доктара габілітаванага, то бок напісалі так званую габілітацыю. Як выглядае габілітацыйны працэс для мастака-жывапісца? Трэба пісаць нейкі тэкст? Ці хопіць паказаць свае карціны, каб атрымаць габілітацыю?
— Мусіць быць тэкст, напісаны табою пра мастацтва. Ну і потым рэцэнзэнты чытаюць свае рэцэнзіі. Найчасьцей рэцэнзіі датычаць як тэксту, які ты напісаў для атрыманьня габілітацыі, так і тваёй мастацкай творчасьці. І на канец адбываецца галасаваньне. У маім выпадку 12 рэцэнзэнтаў галасавалі за мяне, а 9 — супраць. Так што было тугавата.
Дарэчы, ты ня чуў пра такую кніжку: «Oduczyć sztuki. Metoda pedagogiczna Leona Tarasewicza na tle tradycji dydaktycznej Wydziału Malarstwa Akademii Sztuk Pięknych w Warszawie»? Гэта крытык мастацтва Якуб Банасяк выдаў у 2016 годзе — ён напісаў пра той час, калі я навучаў на факультэце жывапісу. Там ён піша пра ўвесь мой бой з факультэтам жывапісу Акадэміі, з усімі тымі, хто хацеў там ад мяне пазбыцца.
— Дык ты ў Акадэміі, паводле гэтага Банасяка, не вучыў жывапісу? Ён цьвердзіць, што ты адвучваў студэнтаў ад мастацтва?
— Не. Гэта, разумееш, такое «мужыцкае ў горадзе»: людзі, якія самі нічога ня робяць, але замацаваліся ў структуры Акадэміі, хочуць пазбыцца новага — гэта значыць, мяне, які ў тую структуру ўваходзіць, ня просячы іх дазволу. Гэта такі выдавецкі хорар, але там ёсьць і цікавыя зьвесткі, у спасылках шмат карыснай інфармацыі можна знайсьці. Я пра гэтую кніжку дазнаўся, калі яна ўжо была поўнасьцю напісаная. Аўтар даў мне яе пагартаць перад самай публікацыяй, каб я праверыў некаторыя фактаграфічныя рэчы. Я сышоў з катэдры жывапісу шэсьць гадоў таму і цяпер працую ў Майстэрні прасторы жывапісу Акадэміі.
— Як ты працуеш у Варшаве, жывучы пастаянна ў Валілах? Колькі часу ты праводзіш у Варшаве як акадэмічны супрацоўнік?
— Я дамовіўся такім чынам, што прыяжджаў у Акадэмію на сераду-чацьвер або на аўторак-сераду, ужо ня ўспомню, як дакладна было ў нейкім канкрэтным годзе, — але ў прынцыпе мне трэба было быць у Акадэміі цягам двух дзён на тыдзень. А цяпер я ў адпачынку. Ёсьць такое для выкладчыкаў: адпачынак для паляпшэньня здароўя. Так што ў гэтым акадэмічным годзе мяне ў Акадэміі ня будзе. А потым застануцца мне яшчэ гады тры да пэнсійнага ўзросту…
Прафэсар, які даў поўную свабоду
— З нашых студэнцкіх гадоў я помню твае расповеды пра ўлюбёнага прафэсара ў Акадэміі, Тадэвуша Дамініка, які вучыў цябе жывапісу. Былі там і калярытныя гісторыі пра эратычныя вечарынкі прафэсара са студэнткамі, але цяпер я хачу запытацца пра іншае… Дарэчы, ён яшчэ жыве, твой прафэсар?
— Не, памёр два гады таму. Я магу сказаць, што з прафэсарам Дамінікам у мяне былі сяброўскія адносіны, мы кантактавалі зь ім пасьля маёй вучобы ў Акадэміі ўвесь час, нярэдка сустракаліся на выставах ці нават ладзілі супольныя.
Пасьля першага курсу ў Акадэміі прафэсар Дамінік сказаў мне, каб я не прыходзіў на абавязковыя для студэнтаў заняткі маляваць усіх тых голых бабаў і гаршкі, але каб маляваў у сябе дома, тое, што сам захачу. Я тады здымаў кватэру ў Фаляніцы каля Варшавы. Прафэсар Дамінік час ад часу заяжджаў да мяне, глядзеў, што я там намаляваў, потым я вымаў з маразільніка бутэльку гарэлкі, мы сядалі за стол, гутарылі пра мастацтва, і я зноў браўся за маляваньне.
У выніку, калі пад канец акадэмічнага году я прыносіў свае працы ў Акадэмію на агульны агляд, студэнты са старэйшых курсаў прасілі мяне, каб я не прыносіў усяго, што я намаляваў. Таму што была вялікая дыспрапорцыя паміж колькасьцю палотнаў, якія я намаляваў дома, і тым, што ў Акадэміі намалявалі яны. І яшчэ іншае: некаторыя з тых працаў, якія я намаляваў у студэнцкія часы ў сябе дома, я ўвесь час не саромеюся паказваць на выставах па сёньняшні дзень.
— Ты ўжо тады маляваў у стылі, па якім сёньня распазнаюць палотны Тарасэвіча ў сьвеце?
— Я б не сказаў пра стыль, але некаторыя з маіх тагачасных, студэнцкіх палотнаў ужо ясна прадказвалі, чым я буду займацца ў будучыні.
— Пачакай, я ўсё ж не зразумеў тваёй дамовы з Дамінікам… Студэнтам жа трэба маляваць і жывых жанчын, і нейкі, прабач, мёртвы натурморт, бо гэта, як я думаю, ёсьць у праграме кожнай акадэміі жывапісу на сьвеце. У сваёй Фаляніцы табе ж таксама трэба было маляваць голых жанчын і талеркі з кубкамі… Ці не?
— Не… Гэта, разумееш, было тыповае для тагачаснай Польшчы. Як, дарэчы, і для цяперашняй. Пішацца адно, а робіцца іншае.
— Ну, ня веру! Дык табе прафэсар ніколі не казаў намаляваць ні каня, ні каровы?!
— Ніколі. Прафэсар Дамінік стараўся працаваць са студэнтамі так, каб кожны з нас індывідуальна кіраваў сваім мастакоўскім лёсам.
— Мне цікава, чым ты пераканаў прафэсара, каб ён табе дазволіў пасьля першага курсу пакіраваць сваім лёсам індывідуальна. Якія працы гэта былі — фігуральныя, абстрактныя?
— На першым курсе ўсім трэба было маляваць фігуральныя рэчы, і я гэта таксама рабіў. Але, як мне здаецца, прафэсар паступіў цалкам лягічна: ён убачыў, што я раблю намнога больш за іншых, і што мяне хіліць мацней за іншых у розныя, так сказаць, фармалізмы… А потым яшчэ былі пленэры, на якіх прафэсар убачыў, што я ахвотней, чым іншыя, пачынаю пазбывацца ў сваім жывапісе некаторых рэчаў, якімі нагрузілі мяне без патрэбы мастацкія школы.
Шэдэўральны ланцужок
— У мяне дома цяпер пад сотню альбомаў з рэпрадукцыямі сусьветнага жывапісу. І мне прыгадваецца адна рэч, якую ў нашы студэнцкія гады ты сказаў у Варшаве ў адносінах да сябе: я хачу мець сто альбомаў з каляровымі рэпрадукцыямі сусьветнага жывапісу, і каб пад ніводнай карцінай не было ніякага подпісу, ні назвы карціны, ні нават яе аўтара — яны, маўляў, толькі замінаюць успрыманьню чыстага жывапісу… Мяне тады жывапіс не цікавіў, і тым больш я ня думаў пра ніякія альбомы, але прайшло гадоў 30 з гакам, і я жывапісам моцна зацікавіўся. І паступова сабраў амаль 100 альбомаў. Што праўда, усе карціны ў іх з подпісамі. Сярод іх ёсьць альбом «Шэдэўры польскага жывапісу», а ў ім — рэпрадукцыі палотнаў ня толькі Тарасэвіча, але і Дамініка… Пашанцавала табе з прафэсарам, праўда?
— Тут крыху даўжэйшы і цікавейшы ланцужок… Прафэсарам Тарасэвіча быў Тадэвуш Дамінік; прафэсарам Дамініка быў Ян Цыбіс; прафэсарам Цыбіса быў Юзэф Панкевіч; а Панкевіч вучыўся ў Яна Матэйкі…
— Нічога сабе! І карціны ўсіх гэтых дзядзькоў, уключна з Тарасэвічам, значацца ў «Шэдэўрах польскага жывапісу»! А ты ж мне калісьці расказваў, што за першым разам табе не ўдалося здаць экзамэну ў Акадэмію, і цябе цапнулі ў войска на два гады…
— Так, я на экзамэне атрымаў 29 балаў, а прымалі ад 30. Я тады вярнуўся з Варшавы ў Валілы, спрабаваў зачапіцца на працы ў Доме культуры ў Гарадку, але мяне не прынялі. І 14 кастрычніка прыйшло запрашэньне ў армію. Усіх іншых бралі 1 кастрычніка, а мяне ўзялі на два тыдні пазьней — нехта, відаць, пабачыў у маіх паперах, што я здаваў у Акадэмію мастацтваў, і накіраваў мяне ў полк, дзе мяне чакаў занятак «візуальнага прапагандыста».
«Будаўнік сацыялістычнай Польшчы»
— Такім чынам у 1977 годзе я трапіў у Варшаву, у вайсковую частку Ўнутраных войскаў на вуліцы Жвіркі і Вігуры, пры якой таксама знаходзілася гэтак званая рэпрэзэнтацыйная рота Польскага войска — то бок тыя салдаты, якія ўдзельнічалі ў парадах падчас дзяржаўных сьвятаў і пры нагодзе візытаў у Варшаву нейкіх важных замежнікаў. У нашай частцы таксама адбываліся важныя афіцыйныя канфэрэнцыі Міністэрства нацыянальнай абароны і менш афіцыйныя вясельлі дзяцей розных шышак зь Міністэрства. Зразумела, пад кожную такую нагоду трэба было забясьпечваць «мастацкае аздабленьне» і розныя актуальныя лёзунгі, як унутры заляў, так і навонкі будынкаў. Я не змагу палічыць, колькі разоў мне даводзілася выпісваць вялікімі літарамі лёзунг: «Pod przewodem Partii, wspólnie z całym Narodem, rzetelną żołnierską służbą i pracą budujemy jutro socjalistycznej Polski».
— Наколькі я разумею тагачасныя адносіны ў войску, дык ты, як такі «вайсковы мастак», быў у даволі прывілеяванай сытуацыі. Дзяды, мабыць, баяліся крануць цябе…
— Можна так сказаць. Пасьля трохмесячнага пэрыяду агульнага вайсковага вышкаленьня, якое праходзілі ўсе маладыя салдаты, я застаўся ў гэтым школьным узводзе, разам са старымі салдатамі і сяржантамі. Яны спачатку не маглі пераварыць, што ня могуць пазьдзекавацца з маладога салдата — ну бо ён раз на тыдзень ходзіць да намесьніка камандзіра палка па палітычных справах, каб дамаўляцца наконт «візуальнай прапаганды». А ў камуністычныя часы палітрук у палку быў важнейшы за самога камандзіра…
Яны былі хітрыя, тыя мае камандзіры: яны «схавалі» мяне ў сваёй частцы — у ніякіх сьпісах я ня значыўся як салдат з мастацкімі здольнасьцямі, які здаваў экзамэны ў Акадэмію мастацтваў. Бо інакш дачуўся б пра мяне нейкі важны генэрал у Міністэрстве і забраў бы мяне з часткі, каб я маляваў партрэты ці то яму, ці то ягонай сям’і, ці то ягоным знаёмцам. А так — я працаваў, так сказаць, ананімна, дзеля яшчэ большай хвалы нашага палка. Прыкладам, я казаў маёру-палітруку, што патрабую 30 чалавек, каб павесіць такі ці сякі лёзунг або дэкарацыю, ён даваў сваё дабро, я званіў у адну роту ці другую, браў 30 хлопцаў, і мы ішлі працаваць дзеля лепшага заўтра нашай сацыялістычнай Айчыны. Хлопцы прыносілі дзьве скрынкі піва з крамы за агароджай казармаў, я рысаваў контуры літар, яны запаўнялі іх фарбамі… Я пільнаваў, каб яны ня толькі выпілі піва, але і выканалі сваю працу, бо вядома — у арміі салдат любіць перш за ўсё паспаць у цяньку, а не натужвацца…
Пасьля году службы я напісаў просьбу — быў такі закон у тагачасным войску, паводле якога я мог гэта зрабіць, — каб мне дазволілі зноў здаваць экзамэн у Акадэмію мастацтваў. Мне дазволілі, і я пайшоў здаваць яго ў вайсковым мундзіры. Здаў, але мусіў адслужыць яшчэ год, па поўнай праграме, перш чым пайсьці ў 1979-м вучыцца на жывапісца…
Калі знайшоў беларусаў?
— А калі табе захацелася заняцца беларускімі справамі?
— Пасьля заканчэньня першага курсу ў Акадэміі — дзе я спачатку адчуваў сябе ніякавата, бо там былі людзі выключна з Варшавы, і толькі я адзін з правінцыі — мне неяк засьвярбела душа і захацелася нечага яшчэ, нечага свайго. Я пайшоў у Інстытут мастацтва на вуліцы Доўгай, дзе трымаюць фанаграфічныя запісы народнага фальклёру. Аказалася, там маюць усё з цэлай Польшчы, але ня маюць нічога з нашай Беласточчыны — ад Аўгустава па Белавежу. Сястра тады неяк падказала мне, што ёсьць Беларускае грамадзка-культурнае таварыства (БГКТ) у Польшчы, і яно мае свой клюб у Варшаве, на вуліцы Сэнатарскай. Я туды зайшоў, першае ўражаньне было даволі змрочнае — калі адчыняеш дзьверы, табе ў вочы кідаецца адразу нейкая такая тройка, намаляваная змрочнымі колерамі на сьцяне…
— Я помню гэтую фрэску. Недзе ў тым самым часе — магчыма, годам раней — і я заглянуў туды ўпершыню…
— Я ў клюбе БГКТ пагаварыў з чалавекам, які там дзяжурыў, і ён даў мне нумар тэлефону Юркі Туронка, беларускага гісторыка ў Варшаве. На першай сустрэчы з Туронкам мы добра пагаварылі пры бутэльцы гарэлкі, і я выйшаў ад яго зь «Вершалінскім раем» Аляксея Карпюка — раманам, у якім апісваюцца мае ваколіцы. І другая рэч — ён даў мне нейкі кантакт ці выхад на цябе. І мы тады сустрэліся з табою ўпершыню. Што было далей — ты ўжо знаеш…
Мог бы стаць і ткачом
— Давай вернемся да ранейшага часу, пра які я амаль нічога ня знаю. Раскажы крыху пра час, калі ты вучыўся ў Мастацкім ліцэі ў Супрасьлі.
— У мяне недзе захавалася выразка з газэты, дзе напісалі, што ёсьць, маўляў, такі хлопчык у Станцыі Валілы, які малюе і займаецца разьбою, і ён хоча ісьці вучыцца ў Мастацкі ліцэй у Супрасьлі…
— Гэта «Ніва» пра цябе напісала?
— Не, Gazeta Białostocka. І там быў здымак нейкіх аленяў, мядзьведзяў і ёлак на сьцяне — словам, таго, што падлетак можа выразаць з кары. Мой бацька шаўцаваў, і ў яго быў такі востры ножык… І сапраўды, я пайшоў у тую школу. Але зноў жа — ледзь даў рады туды пралезьці. Дарэчы, як і ў Акадэмію мастацтва у Варшаве — там я быў таксама адным з апошніх на экзамэне…
— Гэта ты кажаш пра той экзамэн, які ты здаваў у мундзіры?
— Так. У супраскім ліцэі менш здольных — тых, што паказалі горшы вынік на ўступным экзамэне — бралі на ткацтва, а лепшых — на сувэнірнае мастацтва (pamiątkarstwo)…
— Сувэніры?!
— Ну, там вучылі рабіць розныя рэчы з дрэва. Я, як горшы, папаў на ткацтва.
— Ах, а я думаў, што там таксама былі нейкія клясы маляваньня ці нечага такога…
— Малявалі там усе, але школа мела фармальна толькі дзьве спэцыяльнасьці: ткацтва і сувэнірнае мастацтва. Разумееш, хлопцу 15 гадоў, ён трапляе ў мастацкую школу, а яму кажуць перабіраць ніткі, ну, * * маць!.. Мы там страшэнна мучыліся, асабліва ў першай клясе. І вось так я там пратузаўся чатыры гады.
Але мяне выратоўвала адно. Пасьля восьмай клясы, перад ліцэем, я ўпершыню паехаў у Варшаву, да сястры, і там глытнуў іншага паветра. Пайшоў на выставы ў мастацкіх галерэях, пазнаёміўся з пэўнымі людзьмі, якія працавалі, скажам так, у мастацкіх колах. І я ім час ад часу давозіў нейкую сваю разьбу, яны яе прадавалі, і гэта мне давала свой грош. Я тады няблага падвучыўся працаваць у дрэве, выразаць розныя рэчы…
Прыгоды іканастасу ў Кленіках
— Вось паслухай, гэта табе будзе асабліва цікава. Я некалі зрабіў двух «сьвятых духаў» для іканастасу. Выразаў з дрэва двух галубоў, сымбаляў Сьвятога Духа, якія потым у іканастасе прымацоўваюць зьверху і пакрываюць золатам або срэбрам. І адзін з тых галубоў знаходзіцца ў іканастасе тваёй парафіяльнай царквы ў Кленіках. А другі «сьвяты дух» — у Заблудаве.
— Чаму ж ты раней не казаў мне пра гэта?! Напішам ва ўсіх даведніках па парафіі Кленікі, што маем свайго «тарасэвіча»!
— (Сьмяецца.) Так, маеце. З гэтым іканастасам у Кленіках была даволі цікавая гісторыя, бо калі мы з майстрам Янэкам завезьлі калёны для іканастасу і паставілі іх у царкве, бацюшка Высоцкі чамусьці не схацеў за іх заплаціць. Мы выйшлі за вёску, пачакалі, пакуль у царкве не пачнецца багаслужба, і тады Янэк увайшоў у царкву, узяў калёну з іканастасу і выйшаў, выклікаючы не абы-якую ўзрушанасьць прыхаджан. Пасьля гэтага бацюшка стаў больш згаворлівы і заплаціў…
— Гэта было калі, больш-менш?
— У 1980-м або 1981-м. Чаму іканастас у Кленіках рабілі якраз мы? Бо я быў з бацюшкам Высоцкім знаёмы раней. Раней ён быў сьвятаром у маёй парафіі ў Гарадку. Вось такі рамантызм маладосьці…
У Супрасьлі сьвет быў прасьцейшы
— Вяртаючыся да ліцэю ў Супрасьлі, я яго часам называю антымастацкім, бо я там насамрэч ніколі не займаўся мастацтвам. А тое, што я ўсё ж набыў нейкія мастацкія веды, было вынікам маіх пазаліцэйскіх заняткаў… Настаўнікі ў ліцэі нешта спрабавалі гаварыць нам пра мастацтва, але для іх мастацтва канчалася на ХІХ стагодзьдзі. Калі я апынуўся ў Акадэміі ў Варшаве, я зразумеў, што мне рэальна трэба як мінімум два гады, каб нагнаць варшаўскіх аднакурсьнікаў, што тычыцца агульных ведаў пра мастацтва.
— Я гэта добра разумею. Калі ў 1977 годзе я апынуўся, пасьля ліцэю ў Гайнаўцы, на факультэце фізыкі ў Варшаве — я перажыў падобны шок. Там былі мае аднакурсьнікі пасьля элітарных ліцэяў у сталіцы, дзе фізыцы вучыць прыходзілі малодшыя ўнівэрсытэцкія супрацоўнікі, тыя самыя, якія былі кандыдатамі навук і асыстэнтамі прафэсараў ці нават дацэнтамі на нашым факультэце. Мне здавалася, што я ніколі ня здолею запоўніць таго прагалу ў фізычна-матэматычных ведах, які аддзяляў мяне, правінцыяла, ад тых сталічных разумнікаў…
Слухай, Лёнік, мне цяпер прыйшло ў галаву такое пытаньне: А як да цябе ставіліся ў Супрасьлі і потым у Акадэміі ў Варшаве як да беларуса?
— Калі ў 1981-м я стаў патроху гаварыць пра сваю беларускасьць аднакурсьнікам у Акадэміі і спрабаваў што-нешта ім растлумачваць, яны, хутчэй за ўсё, не зразумелі, пра што я. Некаторыя думалі, што гэта такая мая прыхамаць, спроба будаваць свой імідж на нейкай экзотыцы, што гэта, прасьцей кажучы, неаўтэнтычнае.
А ў Супрасьлі сьвет дзяліўся проста: на праваслаўных і на католікаў. Праваслаўныя мелі тую перавагу над католікамі, што маглі вызваліцца ад заняткаў і на свае сьвяты, ня толькі каталіцкія. Помню, што адна сяброўка зь ліцэю, татарка-мусульманка, пра веравызнаньне якой я дазнаўся праз шмат гадоў пасьля заканчэньня ліцэю, пісалася ў школе праваслаўнай, каб мець вольныя ад заняткаў дні на праваслаўныя сьвяты…
Наша праблема была ў тым, што, нягледзячы на тое, што ў Гарадку быў даволі актыўны Дом культуры, пры якім існаваў беларускі хор, ніхто ня мог растлумачыць нам, падлеткам, што мы — не палякі, а беларусы, ня толькі на сцэне Дому культуры, але і ў штодзённым жыцьці. Нібыта гаварылася, што мы праваслаўныя, мы беларусы, але гэта неяк не пранікала на глыбейшы ўзровень. Я помню, як я быў зьдзіўлены, калі дазнаўся, што ў Гарадку ёсьць лекар, які гаворыць з пацыентамі па-беларуску… Навошта?
— Ты пра Юрку Геніюша, сына Ларысы Геніюш?
— Так. Калі я быў студэнтам і сустракаўся зь Юркам Геніюшам, усё ўжо было для мяне зразумела. Але ў школьныя гады, што значыла беларускасьць — я ня ведаў, і ніхто ня змог мне ўцямна растлумачыць.
Я ніколі не хадзіў на ўрокі літаратурнай беларускай мовы і фактычна ня ведаў яе. Таму мне такая важная была сустрэча зь Юркам Туронкам у Варшаве і тое, што ён падараваў мне «Вершалінскі рай» Карпюка, у якім апісваюцца месцы з нашай ваколіцы і нашы людзі. Спачатку я думаў, што кіну гэтую кніжку пасьля некалькіх старонак, але калі дайшоў да 17-й і зразумеў, што гэта кніжка пра маё, пра мой сьвет, я ня мог адарвацца ад яе. Калі кніжка скончылася, я ледзь ня плакаў, што не магу чытаць далей… Вось такая была роля кніжкі ў маім беларускім самаўсьведамленьні… У мае 23 гады! За гэты кніжны падарунак я выразаў Юрку Туронку Пагоню ў дрэве. Ну і так усё пачалося. Потым я сустрэў цябе, і мы пачалі рабіць, крок за крокам, тое што рабілі…
Як перахітрыць беларускую мытню
— Мне прыгадваецца, што некалі ты меў супольныя выставы зь Міраславам Балкам, таксама адным з найбольш вядомых у сьвеце польскіх мастакоў з твайго пакаленьня. У гэтай сувязі я хачу запытацца, ці належаў ты да нейкіх мастацкіх групаў або рухаў пасьля заканчэньня Акадэміі?
— Мірэк Балка закончыў Акадэмію на год раней за мяне, хоць я старэйшы за яго на два гады. Але ў мяне два гады забрала войска. Мы пачыналі выстаўляць свае працы амаль адначасова. Тады якраз у Польшчы стартавалі мастакі-экспрэсіяністы, група жывапісцаў пад назвай «Neue Wilde Malerei» і група скульптараў пад назвай «Neue Bieriemiennosť». Але я не папаў нікуды, не схацелі мяне... Разумееш, я ня ўпісваўся ў іх палітычную плынь, таму што вельмі часта іхныя працы мелі палітычны выгук, зьвязаны з польскай палітычнай рэчаіснасьцю сярэдзіны 1980-х. А мяне гэта не цікавіла.
— Ці меў ты ў той час нейкія кантакты з мастакамі ў Беларусі ці хоць бы чуў пра нейкія прозьвішчы?
— Хутчэй чуў, чым кантактаваў — пра Ігара Кашкурэвіча, Віктара Пятрова, Артура Клінава... Гэта мастакі прыблізна майго пакаленьня. Сустракацца зь імі давялося крыху пазьней.
Цяпер, праз Андрэя Дурэйку [беларускі мастак, які жыве ў Нямеччыне — РС] у мяне ёсьць кантакты зь беларускімі мастакамі малодшых пакаленьняў. Дарэчы, у кастрычніку плянуем супольную выставу беларускіх мастакоў у «Галерэі Ў». Атрымаецца ці не — ня ведаю, але важна, што зноў наладзіліся кантакты.
— Што ты павязеш на гэтую выставу? Няўжо карціны? Ты ня думаеш, што яны могуць ехаць туды год або яшчэ даўжэй?
— Мы пастанавілі перахітрыць усе тыя мытні. Мне на месцы ў Менску падрыхтуюць палатно і фарбы, я заеду, намалюю карціну і пакіну яе там, а сам вярнуся, як прыехаў — з пустымі рукамі. Калі ёсьць праблемы, трэба знайсьці спосаб, як іх абмінуць.
Гатэльны дыван і мабільная царква
— Слухай, я павінен быў запытацца ў цябе пра гэта, калі ты гаварыў пра ліцэй у Супрасьлі, дзе цябе вучылі мастацтву ткацтва. Але галава тады не зварыла, таму запытаю цяпер. Ці ты калі-небудзь зрабіў нешта як ткач? Выткаў нешта мастацкае?
— Як будзеш некалі ў Варшаве, то зайдзі ў гатэль «Europejski». І там, адразу за ўваходам, убачыш дыван, шырынёю мэтар трыццаць і даўжынёю пяцьдзясят мэтраў, які запраектаваў Тарасэвіч. Гатэль аздаблялі польскія мастакі, якіх дзеля гэтага выбрала Анда Ротэнбэрг, вядомая куратарка мастацтва ў Польшчы. Там, у канцы калідора з гэтым дываном, ёсьць таксама адна мая праца на сьцяне. Дыван я ня ткаў уласнымі рукамі, толькі зрабіў праект. Выткалі яго ў Нідэрляндах.
— 50 мэтраў дывана, гэта табе ня жартачкі... Нейкія яшчэ іншыя файныя праекты, не зьвязаныя з жывапісам і мастацкімі інсталяцыямі, у цябе былі?
— Некалі ў Бухарэсьце пашыралі праспэкт і былі вымушаныя перасунуць дзьве царквы за панэльныя блёкі ўздоўж таго праспэкту. У сувязі з гэтым я тады прадставіў ім праект мабільнай царквы — зрабіць толькі падлогу, такую як у царкве, шэсьць мэтраў шырынёю, на гэтай падлозе паставіць царкоўны прастол, а да падлогі прыладзіць колы. Каб можна было, напрыклад, адслужыць вячэрню ў адной частцы гораду, ноччу пераехаць з гэтай царквой у іншую частку гораду, з паліцэйскай аховай і ўсім такім, і там адслужыць ютрань. Але патрыярх Румынскай праваслаўнай царквы ня даў сваёй згоды. У Румыніі не ўдалося, але, я думаю, што на Беласточчыне можна было б зрабіць. Бар’ер тут не ў тэхналёгіі, а ў чалавечых галовах.
Ці Гарадок дасьць рады бязь Лёніка
— Шкада, што гэты румынскі праект не ажыцьцявіўся. Яшчэ нешта царкоўнае, можа?
— Калі ўжо перастану працаваць у Акадэміі, хачу адрамантаваць царкву тут у нас у Гарадку, на Замкавай гары. Гэта 1498 год, царква драўляная, восем на восем мэтраў — першы храм, пастаўлены Хадкевічамі на гэтых землях Вялікага Княства Літоўскага. Манастыр у Супрасьлі пачалі будаваць толькі праз два гады пасьля гэтай гарадоцкай царквы...
— Чакай — ты кажаш: адрамантаваць драўляную царкву з канца ХV стагодзьдзя... Ад яе нешта засталося?
— Там ёсьць горка. А ў гэтай горцы ёсьць розныя археалягічныя знаходкі. І мы ўжо ведаем, дзе быў адзін вугал царквы. А калі маем адзін вугал, то ўжо знаем, што далей. Трэба толькі зрабіць праект, раскапаць усё і паставіць царкву на камянях.
— Ага, дык гэта хутчэй рэстаўрацыя царквы, так сказаць, з археалягічных парэшткаў...
— Так. Можна многа зрабіць, каб толькі былі тут людзі. Праблема ў тым, што з гэтых зямель людзей «высмакталі». Самыя актыўныя, з адукацыяй, выехалі адсюль, каб знайсьці сабе працу. Бо тут працы няма. Я застаюся ў Валілах, але мушу жыць два разы хутчэй і плаціць два разы даражэй, бо адгэтуль мне трэба ўсюды даяжджаць, а потым сюды вяртацца...
— А тут людзям фактычна няма дзе ўладкавацца на працу, калі не лічыць мясцовых крамаў і дробных паслугаў?
— Так, усё тут дробнае. Я мару, каб тут уладкавалі нейкую фабрыку, прыкладам, вытворчасьць электронных прыбораў ці элемэнтаў, бо тады прыедуць сюды працаваць мазгі, людзі з інтэлектам, зь якімі можна было б штосьці рабіць. Тады б пачалося іншае жыцьцё.
Нам і так пашанцавала, бо ў 1950-х была думка, каб у Гарадку паставіць фабрыку сукна ці нечага такога. Калі б тую фабрыку паставілі, яна б нас забіла. На шчасьце, Беласток бярэ ваду з нашай рэчкі [Супрасьлі — РС], так што яны там падумалі-падумалі і перадумалі.
Але, зь іншага боку, праз нашу гміну ідзе міжнародная дарога [шаша да памежнага польска-беларускага пераходу ў Баброўніках — РС]. Калі я пабачыў дзьве дзяўчыны, якія працуюць пры гэтай дарозе прастытуткамі, то сказаў сабе: Лёнік, ужо можаш зьяжджаць у Варшаву, Гарадок эканамічна дасьць рады і безь цябе...
Вяртаньне на бацькаўшчыну
— Давай вернемся да таго часу, калі ты заканчваеш Акадэмію ў Варшаве і ўваходзіш на дарожку вольнага мастака. Тое, што мы рабілі разам пры выдаваньні студэнцкага часопісу «Сустрэчы», абмінем, а засяродзімся на тваёй кар’еры. Ты атрымліваеш дыплём Акадэміі, робіш сваю першую пэрсанальную выставу...
— Пасьля дыплёму гэта была ўжо мая другая выстава, у галерэі «Foksal». А першую я меў яшчэ будучы студэнтам на чацьвертым курсе, у галерэі «Pracownia Dziekanka». Дарэчы, у галерэі «Foksal» цяпер працуе мая выстава, заўтра яе разьбіраем. А праз два тыдні яны выдадуць каталёг, у якім будуць паказаныя ўсе мае выставы ў гэтай галерэі, іх было, мабыць восем ці дзевяць, дакладна ня помню...
Гэта быў такі час, які сам добра помніш — мы былі бадзёрыя, поўныя мараў і плянаў наконт таго, што будзем рабіць на бацькаўшчыне. Мы думалі, каб жыць тут на Беласточчыне і тут працаваць. Я тады якраз намаляваў партрэты дзяцей Ірэны Шэвіньскай [славутая польская лёгкаатлетка (1946-2018), тройчы алімпійская чэмпіёнка ў спрынце — РС], схапіў крыху грошай і меў за што наняць грузавік і перавезьці ўсе свае пажыткі з Варшавы ў Валілы да бацькоў. За лета я падрыхтаваў сабе майстэрню ў бацькоўскай хаце — тры мэтры на шэсьць мэтраў, да столі можна было дацягнуцца рукой — і ў верасьні пачаў працаваць. Працы, якія я зрабіў на палатне ў хаце, я паказаў у лістападзе ў галерэі «Pracownia Dziekanka» у Варшаве, а працы на паперы, якія я рабіў на падлозе ў Доме культуры ў Гарадку, я завёз на першую сваю выставу ў галерэі «Biała» у Любліне.
Ну і так яно пачалося. Недзе ў 1984 годзе я наняў гэты будынак [колішняя школа ў вёсцы Валілы, у якой цяпер жыве мастак — РС] і стаў яго рамантаваць. Пасьля працы пры рамонце я заяжджаў да мамы на абед, а потым нярэдка ехаў у Бельск да Марылькі Базылюк [настаўніца беларускай мовы у Бельску — РС], дзе сустракаліся людзі, якія абмяркоўвалі і рыхтавалі розныя рэчы, зьвязаныя зь беларушчынай. І тады аказалася, што мне ўжо не хапае часу на маё зацікаўленьне арніталёгіяй — я перастаў хадзіць у так званыя арніталягічныя паходы, часам толькі заглянуў на нейкі зьезд. А ў Валілах я завёў розных фазанаў, якіх тады ўжо магчыма было купіць у чэхаў і немцаў...
У 1987 годзе, калі ў Ляйпцыгу я пабачыў 38 тысяч курэй на выставе, я пастанавіў стварыць такі сьвет у Валілах. Потым у Варшаве зь сябрамі мы заснавалі саюз [гадоўлі дэкаратыўных курэй — РС] і працуем да сёньня. Езьдзім два разы на год на зьезды эўрапейскай фэдэрацыі аматараў такіх курэй, штогод у Варшаве робім выставы сваіх курэй. Чатыры гады таму мы езьдзілі на выставу ў Мэтцы ў Францыі, дзе нашы куры здабылі чатыры тытулы чэмпіёнаў, а сёлета ў лістападзе паедзем у Данію на агульнаэўрапейскую выставу дэкаратыўных курэй.
Ну вось, так і пачалося маё жыцьцё паміж сьветам выставаў — мастацкіх і курыных — і сьветам тут...
Беларусы бяруць уладу ў Гарадку
— А потым прыйшоў час, калі ты заняўся палітыкай...
— Калі узьнікла Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне [палітычная партыя беларусаў у Польшчы, заснаваная ў лютым 1990 — РС], якім кіраваў Сакрат Яновіч, я стаў кіраўніком на наш Гарадоцкі раён. Нашы думкі разышліся, што тычылася канцэпцыі выбараў і наогул палітычнай дзейнасьці. Я заўсёды гаварыў, што ўладу трэба здабываць зьнізу, у гмінах, а потым, калі магчыма, у цэнтры. А ў Беластоку думалі інакш. Аказалася, што хлопцы прайгралі ў Беластоку і ва ўсіх іншых месцах [гаворка пра мясцовыя выбары ў Польшчы ў траўні 1990 — РС], а мы ў Гарадку з кандыдатамі Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня ўзялі 17 дэпутацкіх месцаў з 20 магчымых.
Гэты час, калі я цяпер яго прыгадваю і параўноўваю зь сёньняшнім, можна назваць «беларускім рэнэсансам» у Гарадку. У Гарадку зьявілася газэта па-беларуску і па-польску — «Гарадоцкія навіны» — на якую грошы былі афіцыйна выдзеленыя з гміннага бюджэту. Я там стаў пісаць кароткія тэксты пра гісторыю Гарадка і пра Хадкевічаў, бо нашы вучаныя гісторыкі зь Беластоку не схацелі пісаць у гмінную газэту...
Пачаўся вельмі цікавы працэс, у якім мы вярнулі людзям у Гарадку гістарычную памяць, уключна з колішнім гербам мястэчка. Людзі ў посткамуністычны пэрыяд патрабавалі нейкага народнага сьвята, і ў Гарадку колішняе першамайскае сьвята неяк плаўна ператварылася ў Дзень Гарадка, на якім людзі несьлі не чырвоныя сьцягі, а хадкевічаўскія сьцягі з грыфам, ну а школьнікі паказвалі сцэнкі зь гісторыі Гарадка і таму падобнае.
Але аказалася, што тое, што можна так пасьпяхова разгарнуць, можна таксама пасьпяхова згарнуць. Зь цягам часу ўся гэтая мясцова-беларуская і гістарычная падбіўка Дня Гарадка прапала, а народнае сьвяткаваньне сышло на ўзровень disco polo [від танцавальнай музыкі зь нескладанымі рытмамі і мэлёдыямі, вельмі папулярны ў Польшчы ў 1990-х — РС].
Калі зьявіліся грошы
— Усё гэта — і рамонт школы пад твой дом, і твае выезды на выставы, палітычная актыўнасьць, ну і наогул харчаваньне і ўтрыманьне — патрабавала ад цябе немалых грошай. Ну ня мог жа ты ўвесь час харчавацца ў мамы... У сувязі з гэтым у мяне пытаньне: Калі ты зразумеў ці адчуў, што можаш весьці жыцьцё вольнага мастака і зарабляць сваім мастацтвам дастаткова грошай на ўсё, што табе ў жыцьці трэба?
— Ведаеш, калі мне трэба было здабыць грошы, дык я іх здабываў. У час вучобы ў Акадэміі я не хацеў прадаваць сваіх карцінаў, а займаўся рамяством — разьбою. Такой, прыкладам, як той голуб для іканастасу ў тваёй царкве, пра які я табе казаў. А пасьля Акадэміі, у 1985 годзе, я стаў выяжджаць за мяжу. Гэта быў час, калі за мае карціны на Захадзе плацілі невялікія грошы, паводле заходніх мерак, але ў Польшчы гэтыя грошы аказваліся вялікімі сумамі. Пасьля выставаў у Швэцыі і Англіі мая фінансавая сытуацыя стала лягчэйшай...
— Швэцыя была першай замежнай краінай, у якой запрапанавалі табе пэрсанальную выставу?
— Так. Пасьля маёй выставы ў галерэі «Foksal», у Варшаву прыехалі тры швэды на перамовы аб арганізацыі выставы «Dialogue» у Moderna Museet у Стакгольме. Прыехаў віцэ-дырэктар Moderna Museet Björn Springfeldt, зь ім Claes Nordenhake, чалавек, які тады пачаў ствараць мастацкую галерэю свайго імя, і Per Madsen, багаты калекцыянэр мастацтва, які меў два палацы і немаведама колькі карцінаў у іх. І гэты Мадсэн запрасіў мяне і польскага мастака Томаша Татарчыка на два месяцы ў адну маляўнічую мясьціну над морам у Швэцыі. Ён нам заплаціў па дзьве сярэднія месячныя зарплаты ў Швэцыі, а за гэта мы, паводле дамовы, пакінулі яму па дзьве свае карціны з тых, якія там намалявалі.
Тады Клаэс Нордэнхаке папрасіў мяне пакінуць астатнія карціны, якія я намаляваў падчас тых двух месяцаў, паабяцаўшы зрабіць выставу ў сваёй галерэі ў Мальмё, «Galerie Nordenhake»...
— І ад гэтай швэдзкай выставы, як разумею, твае карціны пачалі прадавацца на Захадзе?
— Галерэя ня зробіць табе выставы, калі ня мае намеру прадаць твае карціны. Бо галерэі ж жывуць з продажу карцін, якія выстаўляюць.
Потым мае карціны трапілі на выставу ў Лёндане, якую арганізаваў шатляндзкі мэцэнат мастацтва Richard Demarco, там пабачылі іх іншыя людзі, і гэтыя іншыя людзі сказалі пра Тарасэвіча зацікаўленым іншым людзям у Нью-Ёрку, і тады я атрымаў прапановы выставіць свае карціны ў Нью-Ёрку, у дзьвюх галерэях. Тады таксама я атрымаў прапанову выставы ад Gabriella Cardazzo з Вэнэцыі, якая была на выставе ў Лёндане. Прынцып тут просты: нехта ўбачыў твае працы і сказаў пра іх камусьці іншаму, той іншы сказаў яшчэ іншаму, і так яно пачынае крок за крокам круціцца...
Два сьветы
— І ты яшчэ знаходзіў час, каб сярод такой выставачнай мітусьні рабіць беларускую справу. Помніцца, ты нейкі час даваў сатырычныя малюнкі ў беластоцкую «Ніву»?
— Так, рысаваў. Але ў 1990-х мае рысункі пачалі ў «Ніве» цэнзураваць. Помніцца, рэдактар «Нівы» Генік Мірановіч не прапусьціў малюнку рыбнай кансэрвы, на якой замест надпісу «селядзец у тамаце» быў надпіс «Беларускае грамадзка-культурнае таварыства»... І яшчэ там быў адзін сатырычны малюнак, двух «беластоцкіх сьвятых» зь беларускага асяродзьдзя... Малюнак апублікавалі, але праваслаўныя крыжы, якія на ім былі, закрылі...
— Тады быў якраз такі прыліў клерыкалізму ў Польшчы, і каталіцкага ў маштабе ўсёй краіны, і праваслаўнага на нашым беластоцкім панадворку. Так што сатыра, якая чапляла нейкім бокам рэлігію, не віталася, мякка кажучы... Мне цікава, наколькі тое, што ты рабіў для беларускага асяродзьдзя ці для беларушчыны, кажучы высокім стылем, уплывала на цябе як на мастака, які са сваімі карцінамі «круціўся» ў зусім іншым сьвеце?
— У тым іншым сьвеце людзі наогул пра мае беларускія заняткі ня ведалі, а калі і ведалі, дык не разумелі, навошта мне гэта было. Адзін Клаэс Нордэнхаке, здаецца, гэта разумеў. Гэта ён першы мне сказаў, што ёсьць неблагі фільм пра Беларусь, называецца «Ідзі і глядзі». Іншыя глядзелі на мае беларускія заняткі як на нейкае дзівацтва ці нават прыдуркаватасьць. Але я навучыўся, што мушу разьдзяліць свой сьвет на беластоцкую частку — сьвет беларускасьці, царквы і мовы, у якім няма мастацтва — і на іншую частку, у якой нашы праблемы падаюцца людзям сьмешнымі. Толькі значна пазьней, калі ўжо пра мяне сталі шмат дзе пісаць, некаторыя крытыкі мастацтва пачалі ўводзіць гэты мой беластоцка-беларускі сьвет у аналіз маёй асобы і творчасьці.
Што пайшло ня так у Беластоку
— Але раптам твае адносіны зь беластоцкім сьветам наогул і зь беларускім у прыватнасьці папсаваліся...
— Гэта было пасьля «Басовішча» 1993 году. Я лічу, што і мастацкае аздабленьне сцэны таго «Басовішча», якое я зрабіў — сьцяна зь сінімі хмаркамі, і старэнькае аўта, размаляванае каля сцэны, і выступ Сакрата Яновіча на сцэне ў джынсах і чорных акулярах — усё гэта цягнула наш сьвет уверх, было праявай авангарду, а не адсталасьці, і давала нашаму фэстывалю выхад у культурную прастору ўсёй Польшчы... Аказалася, што больш кансэрватыўная група пачала моцна супраціўляцца такому падыходу. Мяне пачалі атакаваць беластоцкія польскамоўныя газэты, потым далучылася «Ніва». Нават твой брат, Алік, напісаў нейкі іранічны тэкст пра мяне. А польскамоўныя газэты пры гэтай нагодзе пачалі абсьмейваць «Басовішча». Пачаўся час, калі я ўбачыў, што ў гэтай дзялянцы я ўжо нічога больш не зраблю, і тады я адступіўся ўбок, пачаў дапамагаць у падрыхтоўцы да выступленьняў рок-гурту «Брага»... На час наступнага «Басовішча» я выехаў з Гарадка, мяне не было на фэстывалі. «Брага» атрымала на фэстывалі прыз, але празь некалькі дзён, калі ўсе даведаліся, што гэты гурт зьвязаны са мною, пачалі блякаваць інфармацыю пра яго, як і пра мяне... Пачынаючы зь сярэдзіны 1993 году, у «Ніве» нічога пра Лёніка ня знойдзеш, цягам дзесяці-адзінаццаці гадоў...
— Для мяне гэты канфлікт быў незразумелы ўжо тады і, праўду кажучы, ня стаў зразумелым ніколі пазьней. У 1993 я фармальна яшчэ лічыўся журналістам «Нівы», але бываў у рэдакцыі рэдка. Я сядзеў дома і перакладаў «Уліса» — Міністэрства культуры сыпанула грошай на выданьне, і мне да канца году трэба было надрукаваць пераклад, каб грошы не прапалі. Да таго, я ўжо ад чэрвеня 1993 ведаў, што восеньню пайду працаваць у Варшаву, перакладчыкам пры амбасадзе ЗША, так што ўсе беластоцкія справы для мяне адышлі на задні плян. Я тады не уключыўся ні ў крытыку Тарасэвіча, ні, праўда, у яго абарону...
— А я тады зразумеў, што на ніякую абарону разьлічваць не магу, толькі на сябе самога. Я не прымаў ніякіх прапановаў зь Беластоку і адмовіўся ад трох узнагародаў...
— Як гэта ўсё закончылася?
— Сустрэўся са мною галоўны рэдактар «Kuriera Porannego» у Беластоку, каб неяк закончыць гэтую сытуацыю. Я яму кажу: напішы некалькі слоў, і гэта закончыцца. І ён напісаў тэкст з выбачэньнямі, прачытаў мне гэты тэкст па тэлефоне, а потым апублікаваў у газэце. І так сытуацыя ў Беластоку пераламалася. Усе зразумелі, што можна мяне атакаваць, але гэта не прыносіць ніякай карысьці...
Але самае горкае для мяне было адчуваньне, што ўсе тыя сябры зь беларускага асяродзьдзя, зь якімі мы некалькі гадоў раней рабілі адну справу, як быццам мяне пакінулі. Адзіным чалавекам, зь якім я тады сустракаўся час ад часу і мог пагаварыць пра беларускія справы, быў Сакрат Яновіч у Крынках...
А што тычыцца «Басовішча», то каб ня той канфлікт з 1993 году, дык наступны фэстываль я плянаваў аформіць так, каб на сцэне паставіць пальмы, паставіць іх таксама сярод соснаў вакол сцэны, наняць гурт бубначоў, якія гралі б афрыканскія рытмы, а сам фэстываль вёў бы са сцэны чарнаскуры мадэратар па-беларуску... Усё гэта, я сёньня адчуваю, было на той час «занадта хуткае» для нашых людзей, «занадта прасунутае», магчыма, што і для людзей у Польшчы наогул. Але ў маім жыцьці заўсёды так — наколькі было можна, я падцягваў нейкія рэчы да таго моманту, калі асяродзьдзе пачынала тармазіць, тады я браўся за іншую рэч і зноў яе падцягваў, пакуль зноў не пачыналі тармазіць.
Чацьвертае пакаленьне
— Лёнік, на заканчэньне я хацеў бы запытаць цябе не пра асабістае, а пра наша агульнае. Яно мне не дае спакою ўжо гадоў сем. Як ты думаеш, чаму перапісы насельніцтва ў Польшчы ў 2002 і 2011 гадах паказалі, што ўсе нацыянальныя меншасьці за той час колькасна вырасьлі або засталіся на больш-менш такім самым узроўні, а толькі беларусы паменшалі, і то на працэнтаў 17. Паміж гэтымі перапісамі дзяржава давала гранты на разьвіцьцё беларускага руху на Падляшшы амаль беспраблемна, хто толькі хацеў, той атрымліваў грошы. І тады яшчэ не было ва ўладзе «Права і справядлівасьці», так што нашы людзі ня мелі палітычнай прычыны, каб баяцца прызнавацца, што яны беларусы. А ўсё ж такі яны чамусьці не схацелі прызнацца, ці проста памерлі... Чаму?
— Наша памылка ў тым, што мы патрабуем ад селяніна нацыянальнай сьвядомасьці. Мы часта спрачаліся пра гэта з Сакратам Яновічам, які быў моцна расчараваны, што беларусы не прызнаюцца, што яны беларусы. Я яму тлумачыў, што нідзе на сьвеце сяляне ня маюць патрэбы ў нацыянальнасьці, што трэба мець гістарычную сьвядомасьць, каб адчуваць нацыянальную сьвядомасьць. А ў нас ніколі не было такой школьнай сыстэмы, якая дала б беларусам гістарычную сьвядомасьць.
Мы, беручы праваслаўных на Беласточчыне агулам, засталіся пры этнаграфічнай, хатняй беларускасьці. Нашы біялягічныя бацькі не далі і не маглі нам даць беларускай сьвядомасьці. Невялікая колькасьць з нас знайшла сабе духовых бацькоў, ад якіх вучылася беларускасьці. Наколькі мы змаглі, настолькі стараліся тую беларускасьць будаваць і пашыраць, пачынаючы ад студэнцкага беларускага руху і канчаючы ўсімі тымі арганізацыямі, фэстывалямі і наогул беларускімі ініцыятывамі, якія нарадзіліся ў 1990-х... Але гэта была замалая група...
— Я хачу табе запярэчыць... Сёньня па 50-60 гадоў тым нашым сябрам і знаёмым, якія разам з намі прайшлі нацыянальную школу ў Беларускім аб’яднаньні студэнтаў, Беларускім дэмакратычным аб’яднаньні, на «Басовішчах» і ва ўсім іншым, што ў беларускім руху зьявілася пасьля падзеньня камунізму. Тая група, пра якую ты кажаш, пабольшала. Яны ўжо маюць дарослых дзяцей, а некаторыя нават унукаў. Гэта ўжо не сяляне, а, так сказаць, гарадзкая эліта. Ну, калі не эліта, дык сьвядомая гарадзкая інтэлігенцыя... І ні храна не атрымліваецца. Чаму? Чаму тая беларускасьць, якая цяпер прапануецца ў Польшчы, якую і ты прапануеш сваімі інтэлектуальнымі «Трыялёгамі» ў Крынках, не знаходзіць, калі сказаць высакашпарка, жывога водгуку ў народнай душы?
— Мне тут прыгадваецца габрэйскі гумар: габрэй кажа, што працуе дзеля таго, каб яго сын быў інжынэрам, унук — доктарам, а праўнук — мастаком. Каб культура магла існаваць, трэба чатыры пакаленьні. Мы з табою — прадстаўнікі трэцяга пакаленьня. Чацьвертае яшчэ будзе, яно толькі высьпявае.
Размова ілюструецца рэпрадукцыямі карцін і фатаздымкамі мастацкіх інсталяцый Лявона Тарасэвіча, дасланых нашай рэдакцыі самім мастаком. Усім сваім працам мастак прынцыпова не дае назваў.