Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі няма «клясавай» няроўнасьці, ёсьць міжрэгіянальная, — World Bank


Салігорскі раён багацейшы за Шаркаўшчынскі на цэлы Янаўскі — 745 рублёў за 341 км
Салігорскі раён багацейшы за Шаркаўшчынскі на цэлы Янаўскі — 745 рублёў за 341 км

Справа нават ня ў розьніцы між гараджанамі і сяльчанамі, а ў розьніцы між багатымі і беднымі раёнамі.

Беларусь, у адрозьненьне ад іншых краінаў Эўропы і Цэнтральнай Азіі, практычна не сутыкаецца зь няроўнасьцю паміж групамі насельніцтва, дзе адны атрымліваюць выгаду ад новых эканамічных магчымасьцяў, а іншыя застаюцца адсталымі ва ўсё больш гнуткай эканоміцы, сьцьвярджаецца ў дакладзе Сусьветнага банку «На шляху да новай сацыяльнай дамовы».

Але ў Беларусі ёсьць сацыяльная няроўнасьць іншай формы — між рэгіёнамі. Краіна знаходзіцца «ў першай траціне» рэйтынгу краінаў Эўропы і Цэнтральнай Азіі з самым высокім узроўнем міжрэгіянальнай няроўнасьці — на ўзроўні Італіі. А горш за Беларусь у гэтым пляне ў Малдове, Чарнагорыі, Эстоніі, Расеі, Таджыкістане і Славаччыне.

Сярэдні разрыў у спажываньні хатніх гаспадарак паміж самым багатым і самым бедным рэгіёнамі дасягае дзьвюх трацінаў сярэдняга ўзроўню спажываньня па краіне. Пры гэтым разрыў паміж сялом і горадам не такі значны — у розьніцы даходаў гараджан і вяскоўцаў па ўсёй краіне Беларусь займае сярэдзіну сьпісу.

«У Беларусі няроўнасьць між рэгіёнамі зьвязаная не з адрозьненьнямі ў памеры хатніх гаспадарак або ўзроўнямі іх адукацыі, — адзначыў Алекс Крэмэр, кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі. — Наадварот, гэта адбываецца таму, што ў людзей, якія пражываюць у адсталых рэгіёнах, існуе менш магчымасьцяў.

Таму важна даць большай колькасьці беларусаў доступ да эканамічных магчымасьцяў, падтрымліваючы разьвіцьцё малых гарадоў і паляпшаючы транспартныя камунікацыі, а таксама забясьпечваючы фінансавую падтрымку маламаёмасным».

Салігорскі раён багацейшы за Шаркаўшчынскі на цэлы Янаўскі — 745 рублёў за 341 км

Белстат прыводзіць у публічнай статыстыцы разьмеркаваньне рэальных грашовых даходаў толькі па абласьцях і сталіцы. На такім узроўні адрозьненьні невялікія (хоць у Менску значна менш людзей зь мінімальнымі рэальнымі даходамі і найбольш з максымальнымі).

Статыстыка па раёнах краіны ёсьць па сярэдніх налічаных заробках (да вынятку падаткаў і збораў). І там сталіцу амаль заўсёды абганяе «шахтарскі» Салігорскі раён. Найбольш у канцы табліцы сярэдніх заробкаў раёнаў Віцебскай і Магілёўскай абласьцей.

У ліпені 2018 году (апошнія на момант публікацыі зьвесткі) разрыў зусім не вялікі: 1337,6 рубля ў Салігорскім раёне і 1334,8 рубля ў Менскім, ды бывае розьніца і ў 200 рублёў на карысьць салігорцаў. Звыш 500 даляраў сярэдняга заробку, якія Аляксандар Лукашэнка абяцае беларусам ужо больш за 10 гадоў, маюць таксама ў Жодзінскім (1247,4 р.), Менскім (1186,9 р.), Наваполацкім (1074 р.), Дзяржынскім (1055,6 р.), Рэчыцкім (1039,5 р.) і Жлобінскім (1014,4 р.) раёнах.

Найменшыя заробкі апошнім часам у Шаркаўчынскім (589,7 рубля ў ліпені), Мсьціслаўскім (605,4 р.), Мёрскім (629,4 р.), Лёзьненскім (638,8 р.), Браслаўскім (642,6 р.) і Слаўгарадзкім (644,6 р.) раёнах.

Між Салігорскам і Шаркаўшчынай 341 км па дарозе (286 км напрасткі) і 745,1 рубля розьніцы сярэдніх заробкаў у раёне — а гэта цэлы сярэдні заробак у Янаўскім раёне, які ў сярэдзіне сьпісу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG