Зь верасьня гэтага году мінімальны заробак настаўнікаў у Латвіі павышаецца на 30 эўра да 710 эўра. Такую пастанову прыняў урад краіны, паведамляе агенцтва LETA.
Павышаныя таксама стаўкі аплаты працы кіраўнікоў навучальных устаноў, іх структурных падразьдзяленьняў і мэтадыстаў — супрацоўнікам устаноў адукацыі зь лікам навучэнцаў ад 100 да 500 чалавек мінімальная стаўка павышаная на 50 эўра. На 35 эўра (да 785 эўра) павялічаная стаўка мэтадыста.
У Беларусі зь 1 верасьня заробкі бюджэтнікам таксама падвысілі, у прыватнасьці, настаўнікам першай катэгорыі — 66 рублёў (на 26 эўра ў эквіваленце), што сувымерна з падвышэньнем заробкаў настаўнікам у Латвіі.
Праўда, у Латвіі на 30 эўра падвысілі мінімальны настаўніцкі заробак. Але самае галоўнае адрозьненьне — ад якога ўзроўню адбыліся падвышэньні.
У беларускай адукацыі сярэднія травеньскія заробкі склалі прыкладна 657 рублёў (260 эўра). Прафэсары і выкладчыкі зараблялі 1120 рублёў (444 эўра), настаўнікі — 808 рублёў (320 эўра).
Да падвышэньня заробкаў сярэдні заробак настаўніка ў Беларусі складаў менш паловы за мінімальны заробак яго латвійскага калегі.