Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня: колькі вы будзеце працаваць на новы айфон


Прэзэнтаваныя iPhone XS i iPhone XR у тэатры Стыва Джобса
Прэзэнтаваныя iPhone XS i iPhone XR у тэатры Стыва Джобса

Кампанія Apple прэзэнтавала 12 верасьня тры новыя мадэлі iPhone і смарт-гадзіньнік Apple Watch Series 4. Свабода палічыла, колькі ў сярэднім мусіць працаваць беларус, каб зарабіць на новыя прылады.

Спойлер: Магчыма, гэта не пра вас. Мы параўналі кошты на новы айфон з сярэднімі заробкамі настаўнікаў, лекараў і айцішнікаў.

Сьцісла:

  1. Папярэднюю мадэль iPhone X прыбралі з афіцыйнага продажу. Летась беларусы працавалі на яго ў сярэднім 80 дзён.
  2. Сярэднестатыстычны беларус ня зможа набыць з аднаго заробку найтаньнейшы з прэзэнтаваных айфонаў.
  3. Набыць любы з прэзэнтаваных гаджэтаў Apple з аднаго заробку зможа толькі супрацоўнік беларускай ІТ-сфэры.

Што паказала Apple?

1. iPhone XS

Абноўленая вэрсія леташняга iPhone X з экранам 5,8 цалі. Да папярэдняй мадэлі дадалі залаты корпус, а максымальны аб'ём памяці павялічылі да 512 GB, працу акумулятара павялічылі на паўгадзіны.

Таксама XS будзе падтрымліваць 2 SIM-карты:

Стартавая цана — 999 даляраў (2157,84 рубля).

iPhone XS і iPhone XS Max
iPhone XS і iPhone XS Max

2. iPhone XS Max

Усё як у iPhone XS, толькі:

  • экран — 6,5 цалі. Гэта найбольшы экран за час выпуску iPhone;
  • акумулятар будзе працаваць на паўтары гадзіны больш, чым у iPhone X.

Стартавая цана — 1099 даляраў (2373,84 р.).

3. iPhone XR

Франтальная частка тэлефона паўтарае дызайн X-мадэляў, а задняя панэль падобная да iPhone 8. Гэта самая танная мадэль iPhone з прэзэнтаваных 12 верасьня.

Стартавая цана тэлефона ў ЗША будзе пачынацца ад 749 даляраў (1617,84 р.). Каб набыць гэты тэлефон, беларусу прыйдзецца працаваць у сярэднім 54 дні.

4. Apple Watch Series 4

Экран павялічылі на траціну, яго рамкі зьменшылі. Гадзіньнікі 4 пакаленьня маюць карпусы 40 і 44 мм, раней усе мадэлі Apple Watch выходзілі ў карпусах 38 і 42 мм. Да гадзіньнікаў падыдуць раменьчыкі ад Apple Watch 2015–2017 гадоў.

Вэрсію гадзіньнікаў GPS+Cellular для выкарыстаньня ў Беларусі набываць немэтазгодна — такія Apple Watch працуюць з тэхналёгіяй eSIM, якую беларускія апэратары не падтрымліваюць.

Стартавы кошт GPS-вэрсіі Apple Watch Series 4:

  • 40 мм — 349 даляраў (753,84 р.);
  • 44 мм — 429 даляраў (926,64 р.).

З чаго мы зыходзілі?

  1. Цэны на iPhone XS Max 64GB і Apple Watch Series 4.
  2. Сярэднія налічаныя заробкі беларусаў у першай палове 2018 году паводле Белстату.
  3. Курс даляра на 13 верасьня паводле Нацбанку.

Больш за ўсё будуць працаваць настаўнікі

Супрацоўнікі сфэры адукацыі маюць найменшы сярэдні заробак у параўнаньні зь лекарамі і айцішнікамі — 633 рублі. Цана «бюджэтнага» iPhone XR — гэта амаль 2,5 заробку настаўнікаў. Каб набыць iPhone XS Max, давядзецца папрацаваць 4 месяцы.

Лекар таксама ня зможа набыць сабе з аднаго заробку ніводзін з прэзэнтаваных айфонаў. На любы з новых гадзіньнікаў Apple Watch трэба будзе працаваць 2 месяцы, а на бюджэтны iPhone XR — 3 месяцы.

Прадстаўнік IT-сфэры зможа набыць любы з прэзэнтаваных гаджэтаў з аднаго заробку, і грошы яшчэ застануцца.

Працаваць прыйдзецца больш

Аргумэнт 1. Мы лічылі сярэдні налічаны заробак, зь якога вылічваюць падатак і іншыя ўнёскі — рэальны заробак меншы. Белстат не публікуе зьвестак пра наяўныя рэсурсы грамадзян паводле сфэраў дзейнасьці.

Аргумэнт 2. Паводле Белстату, сярэдняя беларуская сям’я можа адкладаць штомесяц 65 рублёў 20 капеек. Калі адкладаць гэтую суму, сабраць грошы на iPhone XS удасца за 3 гады.

Мы ня ўлічвалі, што чалавек, які хоча набыць iPhone XS Max, будзе:

  • набываць сабе нешта іншае, нават ежу;
  • аплочваць паслугі;
  • плаціць за арэнду жытла;
  • мець любыя іншыя выдаткі.

Аргумэнт 3. Традыцыйна на беларускім рынку айфоны каштуюць даражэй за стартавую цану дэвайса ў ЗША. Напрыклад, у афіцыйным беларускім продажы розьніца ў цэнах з амэрыканскімі на папярэднюю мадэль iPhone X даходзіла да 571 даляра.

Аргумэнт 4. На пачатку верасьня курс даляра ў Беларусі дасягнуў гадавога максымуму — 2,16 рубля. Калі тэндэнцыя падзеньня беларускай валюты працягнецца, за новы айфон у рублёвым эквіваленце давядзецца заплаціць яшчэ больш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG