У Львове актывісты нацыянальных дыяспар народаў Паволжа прэзэнтавалі палітычную карту Ідэль-Урала. Акцыя прайшла ў рамках штогадовага Форуму выдаўцоў.
Пра гэта сайту «Idel. Реалии» распавёў кансультант праекту «Палітычная мапа Ідэль-Уралу» Паўло Падабед.
Паводле Падабеда, мапу накладам адна тысяча асобнікаў выпусьціла кіеўскае выдавецтва «Новий друк» на сродкі, сабраныя актывістамі дыяспар.
«На мапе намаляваныя шэсьць рэспублік Ідэль-Уралу з захаваньнем іх адміністрацыйных межаў. Гэта значная частка Прыволскай фэдэральнай акругі Расеі; ёсць на мапе Масква, а таксама межы Ўкраіны і Казахстану, каб было зразумела, як блізка землі народаў Ідэль-Уралу знаходзяцца ад суседніх дзяржаў. Таксама ёсьць на мапе і населеныя пункты за межамі рэгіёну, якія маюць гістарычнае, сакральнае значэньне», — сказаў Падабед.
Выданьню мапы папярэднічала абмеркаваньне яе электроннага варыянту, разьмешчанага ў сацсетках. Найбольш актыўна ўдзельнічалі ў ім, паводле Падабеда, прадстаўнікі Чувашыі.
Падабед адзначыў, што выданьне мапы рэгіёну ініцыяваў грамадзкі рух «Свабодны Ідэль-Урал», а галоўным кансультантам выступіў украінскі палітоляг Максім Маёраў.
Сузаснавальнік «Свабоднага Ідэль-Уралу» Боляень Сырэсь у камэнтары сайту «Idel. Реалии» адзначыў, што мапа патрэбна для таго, каб ведаць межы «сваёй дзяржавы».
Грамадзкая платформа «Свабодны Ідэль-Урал» была створаная ў сакавіку 2018 году ў Кіеве. Асноўныя прынцыпы плятформы — негвалтоўныя дзеяньні ў рамках міжнароднага права з мэтай дамагчыся рэалізацыі дзяржаўнага сувэрэнітэту татараў, башкір, удмуртаў, марыйцаў, чувашоў, эрзян, макшан.