Падзеі 21 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Адкрыцьцё выставы «Майстры Манпарнаса з беларускіх мястэчак»
Выстава прадстаўляе прыватныя калекцыі, у якіх захоўваюцца творы беларускіх мастакоў Парыжскай школы: Марка Шагала, Восіпа Любіча, Восіпа Цадкіна, Раберта Геніна, Яўгена Зака і іншых. Асобныя работы выстаўляюцца ў публічным доступе ўпершыню.
Менск, Нацыянальны гістарычны музэй (вул. Карла Маркса, 12).
Музэй працуе з 11:00 да 19:00.
Дата дня
21 верасьня 1918 году нарадзіўся Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнаўца і пісьменьнік. Сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1968 году. З 1983 — прафэсар катэдры беларускага мовазнаўства. Складальнік зборнікаў крылатых словаў і афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнаньняў, фразэалягізмаў.
Выразы на штодзень
Асаблівая заслуга Янкоўскага дзеля захаваньня беларускае мовы за савецкім часам была ў выданьні дапаможнікаў у фанэтыцы. Дзякуючы ягоным кнігам студэнты, пісьменьнікі, дыктары радыё і тэлебачаньня мелі магчымасьць навучыцца гаварыць па-беларуску прыгожа і без памылак.
Таксама ў гэты дзень
1610 — войскі ВКЛ і Кароны Польскай занялі Маскву.
1801 — замест зьліквідаванай Літоўскай была ўтвораная Горадзенская губэрня (існавала да 1921 г.).
1933 — у Бэрліне распачаўся судовы працэс па справе падпалу Райхстагу, які адбыўся 27 лютага 1933 году. Зь пяці абвінавачаных сваю віну прызнаў толькі Ван дэр Любэ. Суд вынес яму сьмяротны прысуд.
У гэты дзень нарадзіліся
1902 — Пётра Мiрановіч, беларускі мастак. Вучыўся у Латвійскай акадэміі мастацтваў і Аўстрыйскай акадэміі мастацтваў. З 1950 году жыў ў Нью-Ёрку.
1923 — Мікалай Барысевіч, беларускі фізык, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (1969) і Акадэміі навук СССР (1981). Заслужаны дзяяч навукі Беларусі.
1934 — Леанард Коэн, канадзкі сьпявак і кампазытар.
1959 — Віктар Івашкевіч, палітычны дзяяч, журналіст, адзін зь лідэраў нацыянальнага адраджэнскага руху.
У памяці
1830 — Ян Сьнядэцкі, астраном, матэматык, філёзаф, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту.
1860 — нямецкі філёзаф Артур Шапэнгаўэр.
1975 — беларускі пісьменьнік Міхась Лынькоў, аўтар аповесьці «Міколка-паравоз».