Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор Украіны паабяцаў замежным добраахвотнікам абарону ад экстрадыцыі


Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка
Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка паабяцаў, што праваахоўныя органы будуць адмаўляць у экстрадыцыі ў Расею ці іншыя краіны замежных грамадзян, якія ваявалі на Данбасе на баку Ўкраіны і вышукваюцца праз сыстэму Інтэрполу.

«Да ўсіх сяброў Украіны замежнага паходжаньня, якія цяпер маюць кантракты з Узброенымі сіламі Ўкраіны — я маю на ўвазе беларусаў, італьянцаў, расейцаў, азэрбайджанцаў, грамадзян іншых краін — іхны кантракт ёсьць бясспрэчнай падставай для адмовы ў любых экстрадыцыйных працэдурах іншых краін», — заявіў Юры Луцэнка.

Ён камэнтаваў сытуацыю з выдачай Расеі ўраджэнца Інгушэціі Цімура Тумгоева, якога расейскія ўлады абвінавацілі ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях у Сырыі на баку «ісламскай дзяржавы».

Рашэньне пракуратуры аб экстрадыцыі Цімура Тумгоева выклікала вялікі рэзананс ва Ўкраіне. Многія актывісты папракалі ўладу, што Расеі выдалі добраахвотніка, які нібыта ваяваў на баку Ўкраіны. У той жа час Юры Луцэнка падкрэсьліў, што Цімур Тумгоеў ніводнага разу не паведамляў сьледзтву пра свой удзел у добраахвотніцкіх батальёнах і ня меў ніякіх дакумэнтаў, якія б гэта пацьвярджалі.

«Хто-колечы з суб’ектаў міжнароднага вышуку, хто ваяваў на ўкраінска-расейскай вайне, мае адпаведныя дакумэнты, сьведчаньні пабрацімаў або камандзіраў, ня можа быць выдадзены Расейскай Фэдэрацыі. Гэта аксіёма, якой мы прытрымліваемся», — падкрэсьліў генпракурор Украіны.

Юры Луцэнка таксама рэкамэндаваў усім замежным грамадзянам, якія ваявалі на Данбасе да ўвядзеньня заканадаўчай нормы аб неабходнасьці заключэньня кантракту з Узброенымі сіламі Ўкраіны, абавязкова «мець пры сабе дакумэнты камандзіраў, пабрацімаў, баявыя распараджэньні, нумар вайсковай часткі, завераныя належным чынам».

«У любым выпадку, на любых імаверных працэсах, якія я не магу выключыць, заява пра тое, што чалавек ваяваў на фронце за Ўкраіну, ёсьць падставай для дакладнай дзяржаўніцкай пазыцыі пракуратуры — ніякай выдачы ворагу тых, хто ваяваў за Ўкраіну», — заявіў Юры Луцэнка.

Паводле неафіцыйных дадзеных, грамадзяне Беларусі — трэцяя па колькасьці група замежнікаў сярод удзельнікаў антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Дакладная лічба беларусаў, якія прайшлі праз вайну на баку Ўкраіны, невядомая. Валянцін Налівайчанка, які ў 2014 годзе ўзначальваў Службу бясьпекі Ўкраіны, сьцьвярджаў, што такіх грамадзян Беларусі было менш за тысячу.

Год таму Харкаўская праваабарончая група паведамляла пра арышт 11 расейскіх добраахвотнікаў, адносна якіх была распачата экстрадыцыйная працэдура. Інфармацыі пра беларусаў на той момант не было.

За ўвесь час толькі адзін грамадзянін Беларусі, якія ваяваў на Данбасе, атрымаў украінскае грамадзянства. Іншыя не змаглі атрымаць нават від на сталае жыхарства ва Ўкраіне. У лютым 2017 году двое беларускіх добраахвотнікаў пасьля некалькіх няўдалых спробаў легалізавацца ва Ўкраіне атрымалі статус уцекачоў у Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG