Грамадзкая арганізацыя «Цэнтар новых ідэяў» апублікавала экспэртнае апытаньне «Індэкс беларускай будучыні». Яно складзенае на падставе прагнозаў 26 экспэртаў пра будучыню Беларусі на наступныя 5 гадоў.
У «Індэксе беларускай будучыні» ёсьць прагнозы наконт таго, што праз 5 гадоў стане зь беларускай эканомікай, ці палепшыцца ў краіне сацыяльна-дэмаграфічнае становішча, ці стане Беларусь больш адукаванай ды інавацыйнай, наколькі ўзмоцніцца ці аслабне нацыянальная кансалідацыя і ідэнтычнасьць, ці палепшыцца абарона сацыяльных меншасьцяў ды інш.
Усяго аўтары вылучылі 20 індыкатараў, якія ўплываюць на беларускую будучыню, і, як вынікае з апытаньня 26 экспэртаў, у большасьці з гэтых паказьнікаў Беларусь дэградуе альбо знаходзіцца ў стане стагнацыі.
Экспэрты, якія прадстаўляюць 20 арганізацый (аналітычныя цэнтры, акадэмічныя структуры і арганізацыі грамадзянскай супольнасьці) ацэньвалі паводле шкалы ад 0 да 100% імавернасьць розных сцэнароў разьвіцьця Беларусі, сукупнасьць якіх і зьяўляецца колькасным паказьнікам «Індэксу беларускай будучыні».
Прыводзім асноўныя высновы, зробленыя па выніках апытаньня.
Росту эканомікі чакаць ня варта
Экспэрты прагназуюць, што ў наступную пяцігодку эканоміка Беларусі будзе расьці нязначна — у межах ад 1,5% да 3%, што на практыцы зьяўляецца стагнацыяй: гэткі рост не кампэнсуе стратаў ад эканамічнага крызісу і ніжэйшы за рост сусьветнай эканомікі.
Сярэдні заробак у пэрыяд 2018–2022 гадоў экспэрты прагназуюць на ўзроўні 500-600 даляраў (у параўнаньні зь цяперашнім сярэднім заробкам 422 даляры).
Вонкавая запазычанасьць Беларусі, паводле экспэртаў, праз 5 гадоў можа скласьці 70-90% ад ВУП Беларусі (на 2017 год яна складае 73% ВУП).
Беларусаў стане менш, але яны будуць жыць даўжэй
Паводле экспэртаў, чаканая працягласьць жыцьця беларусаў у наступныя 5 гадоў будзе далей павялічвацца і складзе ад 75 да 80 гадоў (у 2017 годзе — 74 гады), але колькасьць насельніцтва паменшыцца.
Навука і адукацыя будуць перажываць ня лепшыя часы
Як прагназуюць экспэрты, у 2018–2022 гады выдаткі на навуковыя дасьледаваньні ў Беларусі будуць заставацца на нізкім узроўні, адрозна ад іншых краінаў Эўропы. Напрыклад, калі Нарвэгія ці Нідэрлянды на дасьледаваньні і распрацоўкі выдаткоўваюць каля 2% ад ВУП, то Беларусь у 3-4 разы менш (паводле прагнозу, 0,5-0,7% ВУП). Малой будзе заставацца і колькасьць заявак на патэнты.
Крыху менш Беларусь пачне выдаткоўваць і на адукацыю (большасьць прагназуе 4-5% ад ВУП). Праўда, у адрозьненьне ад папярэдняга паказьніка, Беларусь у гэтым не адстае ад Захаду: цяпер у краіне ідзе на адукацыю 5% ВУП — прыкладна так, як у Нямеччыне і Польшчы.
Карупцыі менш ня стане
Беларусь ужо ня першае дзесяцігодзьдзе змагаецца з карупцыяй і ня можа яе перамагчы, хоць і знаходзіцца ў карупцыйных рэйтынгах вышэй, чым Украіна ці Расея. Але значна ніжэй, чым заходнія суседзі. Выглядае на тое, што цягам наступных 5 гадоў ня варта чакаць радыкальных зьменаў — беларуская карупцыя захавае прыкладна такі ж памер і распаўсюджанасьць, як і цяпер.
Правы меншасьцяў будуць абараняцца лепш
Паводле ацэнак экспэртаў, у выпадку правоў людзей з інваліднасьцю, сэксуальных, рэлігійных ды іншых меншасьцяў варта чакаць пэўнага паляпшэньня. Калі сёньня існуюць сыстэмныя і ўстойлівыя перашкоды для рэалізацыі іхных правоў, то праз 5 гадоў, згодна з прагнозам, гэтыя абмежаваньні будуць тычыцца асобных сфэраў і кірункаў дзейнасьці.
Беларуская «тутэйшасьць» нікуды ня дзенецца
Што да беларускай кансалідацыі і нацыянальнай ідэнтычнасьці, то, паводле экспэртаў, яна няўстойлівая і ў наступныя гады калі і варта чакаць паляпшэньня, дык нязначнага.
У краіне сфармаваныя канкурэнтныя інтэрпрэтацыі гісторыі, культуры, мовы, не існуе выразнага разуменьня адрознасьці ад іншых нацый. Унутраны канфлікт у пытаньні нацыянальнай ідэнтычнасьці мае палітычны характар. Існуе прыкметны вонкавы ўплыў на фармаваньне ідэнтычнасьці.