Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэханізмы адхіленьня ад улады прэзыдэнта ЗША: імпічмэнт і 25-я папраўка


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

У цяперашняй атмасфэры палітычнага супрацьстаяньня ў ЗША крытыкі прэзыдэнта гэтай краіны Дональда Трампа кажуць пра магчымасьць імпічмэнту. У Канстытуцыі ЗША прадугледжваецца магчымасьць імпічмэнту прэзыдэнта, каб абараніць найвышэйшую выбарную пасаду ад «дзяржаўнай здрады, хабарніцтва або іншых сур’ёзных злачынстваў і правінаў». Гэты крок да магчымага адхіленьня прэзыдэнта ад пасады ўжываецца надзвычай рэдка. Існуе, аднак, яшчэ адзін шлях, якому дагэтуль ніколі не давалі ходу — 25-я папраўка.

Папраўка, якая ўступіла ў сілу ў 1967 годзе, прадугледжвае, што віцэ-прэзыдэнт пераймае ўладу ў выпадку, калі прэзыдэнт ЗША пакідае сваю пасаду. Яна таксама забясьпечвае мэханізм, з дапамогай якога прэзыдэнт можа часова адмовіцца ад сваіх паўнамоцтваў, скажам, калі ён ці яна пераносіць апэрацыю.

Але гэта можа быць і спосабам адхіленьня прэзыдэнта насуперак ягонай волі — калі «прэзыдэнт ня ў стане ажыцьцяўляць паўнамоцтвы і абавязкі сваёй пасады».

Імпічмэнт

Людзі, якія распрацавалі Канстытуцыю ў канцы 1780-х гадоў, лічылі важным стварыць ясны мэханізм адхіленьня ад пасады абранага прэзыдэнта. Фраза «дзяржаўная здрада, хабарніцтва або іншыя сур’ёзныя злачынствы і правіны» стала стандартам, у адпаведнасьці зь якім прэзыдэнт павінен быць прыцягнуты да адказнасьці і адхілены ад пасады.

У рамках гэтай сыстэмы, Палата прадстаўнікоў праводзіць працэдуру, падобную да працэсу суду прысяжных. Пасьля Сэнат праводзіць разьбіраньне і галасуе. У залежнасьці ад вэрдыкту, прэзыдэнт застаецца на пасадзе альбо пакідае яе.

Імпічмэнт ужываўся ў гісторыі ЗША ў асноўным да судзьдзяў, а часам да ўрадоўцаў. У дачыненьні да прэзыдэнтаў ён выкарыстоўваўся толькі двойчы: у 1868 годзе да Эндру Джонсана і ў 1998 годзе да Біла Клінтана. Абодва былі абвінавачаныя Палатай прадстаўнікоў і апраўданыя Сэнатам.

У 1974 годзе ў юрыдычны камітэт Палаты прадстаўнікоў, які афіцыйна запачаткоўвае такую працэдуру, было пададзена некалькі пазоваў, каб пачаць імпічмэнт супраць прэзыдэнта Рычарда Ніксана. Ніксан падаў у адстаўку да таго, як працэс пайшоў далей.

Сёлета сярод дэмакратаў таксама гучалі заклікі да імпічмэнту прэзыдэнта-рэспубліканца Дональда Трампа, але малаверагодна, каб гэта адбылося, пакуль рэспубліканцы кантралююць абедзьве палаты Кангрэсу, лічаць аналітыкі.

Ня ў стане ажыцьцяўляць паўнамоцтвы

25-я папраўка была дададзеная да Канстытуцыі ЗША ў 1967 годзе, пасьля таго, як яе ратыфікавалі 38 штатаў.

Аўтары папраўкі намагаліся ліквідаваць няясны момант у Канстытуцыі: хто мае замяніць прэзыдэнта, калі ён ці яна пакіне свой пост датэрмінова. Да пачатку 1960-х існавала практыка, што пераемнікам становіцца віцэ-прэзыдэнт, але яна не была замацаваная ў законе. Джонсан, напрыклад, быў віцэ-прэзыдэнтам і стаў прэзыдэнтам ў 1865 годзе, калі Абрагама Лінкальна сьмяротна паранілі.

Былі прэцэдэнты, калі прэзыдэнт аказваўся недзеяздольным, але рэальнага мэханізму дэлегаваньня паўнамоцтваў не існавала. Вудра Ўілсан перанёс інсульт у 1919 годзе, але ніхто фармальна не пераняў ягоныя паўнамоцтвы да наступных прэзыдэнцкіх выбараў.

Забойства Джона Кенэдзі ў 1962 годзе дало дадатковы імпульс таму, каб афіцыйна прапісаць працэдуру пераемнасьці.

Разьдзел трэці 25-й папраўкі агаворвае мэханізм часовай перадачы паўнамоцтваў віцэ-прэзыдэнту. І Рональд Рэйган, і Джордж Буш выкарысталі яго, калі праходзілі мэдычнае лекаваньне. А чацьвёрты разьдзел прапісвае працэс недобраахвотнага адхіленьня прэзыдэнта.

Калі віцэ-прэзыдэнт і большасьць міністраў — цалкам 15 чалавек — вызначаць, што «прэзыдэнт ня можа выконваць паўнамоцтвы і абавязкі сваёй пасады», віцэ-прэзыдэнт можа прыступіць да выкананьня прэзыдэнцкіх функцыяў.

Калі прэзыдэнт заяўляе, што можа вярнуцца на працу, але віцэ-прэзыдэнт і большасьць кабінэту ня згодныя, то пытаньне перадаецца ў Кангрэс, які дзьвюма трацінамі галасоў можа не дазволіць прэзыдэнту аднавіцца на пасадзе.

Папраўка была распрацаваная ў якасьці «абароны ад сытуацыі, калі прэзыдэнт зь нейкіх прычынаў робіцца прафнепрыдатным ці непрацаздольным ў такой ступені, што гэта запатрабуе бяз выбараў часовага адхіленьня яго ад пасады, або, у выключных выпадках, не часовага», — кажа Майкл Герхардт, прафэсар канстытуцыйнага права ва ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны.

Падчас адміністрацыі Рэйгана, высокапастаўленыя прадстаўнікі адміністрацыі выказвалі заклапочанасьць з нагоды ягоных разумовых здольнасьцяў, аднак гэта стала вядома толькі пасьля таго, як Рэйган пакінуў сваю пасаду.

Але амэрыканскія аналітыкі ня бачаць падставаў для таго, каб 25 папраўка магла б быць ужытая да Дональда Трампа, і называюць у якасьці магчымага мэханізму адхіленьня яго ад улады ў скрайнім выпадку імпічмэнт.

«Калі б мы былі сапраўды занепакоеныя тым, што прэзыдэнт зь нейкіх прычынаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі альбо няздольны іх выконваць, што ён у прытомнасьці, але дрэнна выкарыстоўвае сваю ўладу... адэкватным крокам было б вызначыць ягоныя злачынствы альбо правіны, публічна ацаніць іх і прыняць адпаведныя меры, каб адхіліць яго ад пасады», — лічыць Герхардт.

Паводле прафэсара права, аўтары 25-й папраўкі відавочна мелі на ўвазе фізычныя альбо мэдычныя прычыны, якія часова робяць прэзыдэнта няздольным выконваць сваю працу. Складанасьці дадае тое, што Канстытуцыя не вызначае, што значыць «ня ў стане ажыцьцяўляць паўнамоцтвы і абавязкі».

«У нас ёсьць прыблізнае адчуваньне таго, што можна было б кваліфікаваць як парушэньне, якое караецца імпічмэнтам. Гэта павінна быць сур’ёзным парушэньнем. Мы спрабуем вызначыць гэты крытэр, — сказаў ён. — У выпадку з 25-й папраўкай мы ведаем, што гэта некампэтэнтнасьць, але мы ня ведаем, што ўваходзіць у гэтае паняцьце».

Ужываньне 25-й папраўкі «выклікае сур’ёзныя глыбокія засьцярогі наконт легітымнасьці выбарчага працэсу, — мяркуе Герхардт. — Уявіце сабе адхіленьне прэзыдэнта, які з гэтым ня згодны. Можна лёгка ўявіць сабе, што гэты прэзыдэнт ня сыдзе спакойна, і заявіць амэрыканскаму народу, што быў адхілены неправамерна».

«Гэта было б надзвычайна разбуральным для краіны», — падсумоўвае ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG