Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ЗША ня ладзяць зь Міжнародным крымінальным судом


Будынак Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе.
Будынак Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе.

На днях Джон Болтан, дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, прыгразіў Міжнароднаму крымінальнаму суду санкцыямі ў выпадку, калі супрацоўнікі суду пачнуць плянаванае расьсьледаваньне адносна меркаваных ваенных злачынстваў, учыненых вайскоўцамі ЗША ў Аўганістане.

«Несправядлівы» суд

Болтан назваў Міжнародны крымінальны суд, які мае сядзібу ў Гаазе, «непадсправаздачным» і «небясьпечным» для ЗША, Ізраілю і іншых саюзных дзяржаваў. Ён таксама заявіў, што любое расьсьледаваньне падазрэньняў у зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў вайскоўцамі ЗША і амэрыканскай выведкай у Аўганістане будзе лічыцца «неабгрунтаваным і несправядлівым».

«Мы забаронім судзьдзям і пракурорам уезду ў Злучаныя Штаты», — сказаў Болтан. — Мы накладзем санкцыі на іх сродкі ў фінансавай сыстэме ЗША, і мы будзем перасьледаваць іх у крымінальнай сыстэме ЗША. Мы будзем рабіць тое самае ў адносінах да любой кампаніі або дзяржавы, якая будзе дапамагаць Міжнароднаму крымінальнаму суду ў расьсьледаваньні адносна амэрыканцаў».

Чаго баіцца Вашынгтон?

Міжнародны крымінальны суд хоча пачаць расьсьледаваньне меркаваных злачынстваў Талібану і аўганскіх праўрадавых сілаў. Але гэтае расьсьледаваньне можа таксама ахапіць выпадкі абвінавачаньня вайсковых сьледчых ЗША ў катаваньні зьняволеных ўнутры Аўганістану і ў «тайных турмах» у Польшчы, Румыніі і Літве.

Міжнародны крымінальны суд зьяўляецца першай у сьвеце пастаяннай судовай установай, якая надзеленая паўнамоцтвамі для перасьледу асобаў за зьдзяйсьненьне генацыду, злачынстваў супраць чалавечнасьці і ваенных злачынстваў.

Ён быў створаны як міжурадавая арганізацыя ў Гаазе ў Нідэрляндах, у 2002 годзе, у рамках дамовы вядомай як Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду.

Рымскі статут быў ратыфікаваны 123 дзяржавамі.

Злучаныя Штаты не ратыфікавалі Рымскага статуту — супроць гэтага кроку выступіў прэзыдэнт Джордж Буш. Наагул, Вашынгтон пасьлядоўна выступае супраць такой сытуацыі, у якой міжнародны суд можа судзіць вайсковых і палітычных кіраўнікоў ЗША ў адпаведнасьці з міжнародным правам.

Пазыцыя ЗША ў гэтым пытаньні ў значнай ступені выкліканая боязьзю, што амэрыканскія вайскоўцы і цывільныя асобы могуць быць пастаўленыя перад судом без гарантый абароны, якія дае ім Канстытуцыя ЗША.

Замест гэтага, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці разглядаюцца ў судах ЗША ў адпаведнасьці з Законам аб ваенных злачынствах 1996 году — законам, які ўжываецца, калі альбо ахвяра, альбо вінаваты меркаванага ваеннага злачынства зьяўляецца грамадзянінам ЗША ці вайскоўцам ЗША.

Няпэўная будучыня міжнародных расьсьледаваньняў

Пасьля выказваньняў Болтана прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі Эль-Абдалах сказаў Свабодзе, што суд «будзе працягваць рабіць сваю працу» як «незалежны і бесстароньні інстытут з падтрымкай 123 краінаў сьвету».

Але экспэрты папярэджваюць, што цяперашняя спрэчка Вашынгтону зь Міжнародным крымінальным судом можа значна аслабіць гэты судовы інстытут.

«Міжнародны крымінальны суд крайне абмежаваны ў сваіх сьледчых магчымасьцях, ён амаль поўнасьцю залежны ад супрацоўніцтва», — лічыць Алекс Уайтынг, прафэсар Гарвардзкай юрыдычнай школы, які працаваў як пракурор у гэтым судзе ў 2010—2013 гг. — І ён не пабачыць ніякага супрацоўніцтва ні з боку ўраду Аўганістану, ні з боку Талібану ці ЗША».

Прытым, дадае Ўайтынг, цьвёрдая пазыцыя Вашынгтону можа з часам асьмеліць крытыкаў легітымнасьці Міжнароднага крымінальнага суду і давесьці да зьмяншэньня фінансаваньня гэтага інстытуту, што паўплывае вельмі адмоўным чынам на яго эфэктыўнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG