Адзін з трох першакурсьнікаў ва ўнівэрсытэтах па ўсім сьвеце мае сымптомы нейкага псыхічнага разладу. Пра гэта сьведчаць вынікі новага міжнароднага дасьледаваньня, праведзенага на замову Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя.
У дасьледаваньні вывучалі распаўсюджанасьць псыхічных разладаў — у тым ліку вялікага дэпрэсіўнага разладу, маніяў, агульнага трывожнага разладу, панічнага разладу, злоўжываньня алькаголем і выкарыстаньня псыхаактыўных рэчываў — сярод першакурсьнікаў у васьмі прамыслова разьвітых краінах. Дасьледчыкі апыталі 13,984 студэнтаў у Аўстраліі, Бэльгіі, Гішпаніі, ЗША, Мэксыцы, Нямеччыне, Паўднёвай Афрыцы і Паўночнай Ірляндыі.
35% студэнтаў, якія запоўнілі анкеты, паведамілі, што мелі прынамсі адзін з разладаў цягам жыцьця, а 31% паведаміў, што цярпелі ад нейкага з разладаў цягам 12 месяцаў перад дасьледаваньнем.
Найбольш распаўсюджаным разладам зьяўляецца вялікі дэпрэсіўны разлад, за ім ідзе трывожны разлад. Сярэдні ўзрост пачатку такіх праблемаў толькі крыху вышэйшы за 14 гадоў.
«Пераход ад сярэдняй школы ў каледж ці ўнівэрсытэт можа быць вельмі складаным,» — сказаў брытанскаму выданьню The Guardian Рэндзі Аўэрбах, які ў Калюмбійскім унівэрсытэце ЗША вывучае дэпрэсію і самагубствы і зьяўляецца вядучым аўтарам дасьледаваньня.
«Пашыранасьць разладаў трывожна высокая,» сказаў ён, дадаўшы, што дадзеныя паказваюць на «велізарную праблему для здароўя грамадзтва».
Паводле дасьледчыкаў, сапраўдныя лічбы разладаў могуць быць яшчэ вышэйшыя, бо ў гэтым дасьледаваньні навукоўцы канцэнтраваліся толькі на найбольш распаўсюджаных захворваньнях.