Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп падзякаваў Кім Чэн Ыну за парад бязь ядзерных ракетаў


Кім Чэн Ын і Дональд Трамп на сустрэчы ў Сынгапуры, 12 чэрвеня
Кім Чэн Ын і Дональд Трамп на сустрэчы ў Сынгапуры, 12 чэрвеня

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп убачыў «вялікую і вельмі пазытыўную заяву» ў тым, што чарговы вайсковы парад у Паўночнай Карэі прайшоў без звычайнай дэманстрацыі ядзерных узбраеньняў.

Дональд Трамп, які спрабуе прымусіць паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына адмовіцца ад сваёй ядзернага арсэналу, напісаў у твітары: «Дзякуй, старшыня Кім». Парад у Пхэньяне, прысьвечаны 70-годзьдзю ўтварэньня КНДР, прайшоў безь міжкантынэнтальных балістычных ракет, здольных, як сьцьвярджае Пхэньян, нанесьці ўдар па ЗША, расказвае «Голас Амэрыкі».

«Мы абодва дакажам усім, што яны памыляюцца! — сказаў Трамп, камэнтуючы перамовы аб дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава, якія застопарыліся. — Няма нічога лепшага за добры дыялёг двух людзей, якія падабаюцца адзін аднаму! [Усе] значна лепш, чым калі я заняў пасаду».

Паўтараючы камэнтары паўночнакарэйскага боку, Трамп заявіў, што тэмай параду былі «сьвет і эканамічнае разьвіцьцё». Амэрыканскі лідэр працытаваў камэнтар тэлесеткі Fox News, якая заявіла, што, «на думку экспэртаў, Паўночная Карэя прыбрала ядзерныя ракеты [з параду], каб прадэманстраваць прэзыдэнту Трампу сваю прыхільнасьць да дэнуклеарызацыі».

Кім Чэн Ын прымаў парад, але ня стаў зьвяртацца да людзей, якія сабраліся на плошчы Кім Ір Сена ў Пхэньяне.

На парадзе можна было ўбачыць танкі, ракеты і шматлікія падразьдзяленьні ўсіх родаў узброеных сіл КНДР.

Вайсковы парад адбыўся ў асаблівы час для Паўночнай Карэі. Пхэньян спрабуе аслабіць напружанасьць у стасунках з ЗША пасьля чэрвеньскага саміту Кім Чэн Ына і Трампа ў Сынгапуры.

На саміце паўночнакарэйскі лідэр паабяцаў, што КНДР адмовіцца ад свайго ядзернага арсэналу, але ў дасягнутым пагадненьні не было пазначана, як і калі гэта можа адбыцца. На днях Кім Чэн Ын заявіў, што ён спадзяецца правесьці дэнуклеарызацыю краіны да канца першага тэрміну Трампа ў Белым доме, гэта значыць да студзеня 2021 году.

Пасьля саміту не прайшло і дня, як Трамп абвясьціў: «Ядзернай пагрозы з боку Паўночнай Карэі больш няма».

Зрэшты, пасьля, нягледзячы на пахвалу ў адрас Кім Чэн Ына, Трамп выказаў раздражненьне ў сувязі з павольнымі тэмпамі перамоваў паміж дзьвюма краінамі. У жніўні ён адмяніў паездку дзяржсакратара Майка Пампэо ў Пхэньян для новых дыскусій.

Трамп і Кім Чэн Ын хацелі б, каб пагадненьне было дасягнута да пачатку новага раўнду перамоў. Вашынгтон хоча, каб Паўночная Карэя ўзяла канкрэтныя абавязаньні ў дэнуклеарызацыі, у той час як Пхэньян патрабуе гарантый бясьпекі ды іншых саступак перад дэмантажом свайго ядзернага арсэналу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG