Яраслаў Шымаў
На востраве Сэнтоса, які належыць Сынгапуру, цяжка засумаваць: тут ёсьць вялікі ўльтрасучасны парк атракцыёнаў, мноства спартовых і пляжных збудаваньняў, ня кажучы ўжо пра раскошныя гатэлі. Але 12 чэрвеня галоўнай «прынадай» на Сэнтосе стане сустрэча, якую яшчэ да яе пачатку назвалі гістарычнай: упершыню ў гісторыі сустракаюцца лідэры ЗША і Паўночнай Карэі – Дональд Трамп і Кім Чэн Ын.
«Рады быць у Сынгапуры, паветра прасякнута хваляваньнем», — падзяліўся сваімі адчуваньнямі па прыбыцьці ў Сынгапур Дональд Трамп з дапамогай любімага Твітэру.
Кім Чэн Ын не напісаў нічога, паколькі сацыяльнымі сеткамі, наколькі вядома, ён не карыстаецца. Але на сустрэчы з сынгапурскім прэмʼерам Лі Сяньлунам паўночнакарэйскі лідэр выглядаў задаволеным і выпраменьваў аптымізм. Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, які ўзначальваў падрыхтоўку да саміту з боку амэрыканскай дыпляматыі, у сваіх заявах быў дзелавіты і адразу пазначыў, чаго чакае Вашынгтон:
«Мы разьлічваем на поўную і незваротную дэнуклеарызацыю карэйскага паўвострава, якая паддаецца праверцы», – напісаў у Твітэры Пампэо.
Уласна, галоўная палітычная інтрыга саміту да гэтага і зводзіцца: ці здолее Вашынгтон дамагчыся ад Пхэньяну канчатковай адмовы ад ядзернай зброі – калі не неадкладнай, то хаця б у адносна блізкай пэрспэктыве. Справе не дапамаглі нядаўнія заявы дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана, а затым віцэ-прэзыдэнта Майка Пэнса, якія параўноўвалі пэрспэктывы такой адмовы для КНДР з тым, што зрабіў у пачатку мінулага дзесяцігодзьдзя тагачасны лібійскі дыктатар Муамар Кадафі.
Адмовіўшыся ад ядзерных распрацовак, ён нармалізаваў адносіны з Захадам – але гэта не выратавала яго ў 2011 годзе ад зрынаньня і забойства паўстанцамі, якіх падтрымалі заходнія дзяржавы. Можна сьмела сьцьвярджаць, што калі Кім Чэн Ын і хоча пераймаць нечы досьвед, то гэта відавочна не досьвед Кадафі. Мабыць, таму Белы дом пасьля не вяртаўся да лібійскіх аналёгіяў. А прэзыдэнт Трамп аддаваў перавагу акцэнту на «пернікі» – абяцаньні эканамічнай дапамогі, інвэстыцый і бясьпекі ў выпадку, калі правадыр КНДР будзе згаворлівым.
Саміт у Сынгапуры ўжо можна лічыць дыпляматычным цудам – улічваючы тое, што менш за год таму яго цяперашнія ўдзельнікі абменьваліся такімі «ласкамі», якія на такім высокім дзяржаўным узроўні можна пачуць нячаста.
На мяжы вайны. Крызіс вакол ракетна-ядзернай праграмы КНДР — перадгісторыя, хроніка, цытаты
У другой палове 2017-га сусьветны друк разважаў ужо не над тым, ці ўдараць ЗША па Паўночнай Карэі, а хутчэй над тым, калі гэта здарыцца. Але з прыходам 2018 году сытуацыя цалкам зьмянілася. Для пачатку Кім Чэн Ын бярэцца наладжваць адносіны з Паўднёвай Карэяй. Спартоўцы абедзьвюх краін сумесна выступаюць на зімовай Алімпіядзе ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане, а праз пару месяцаў правадыр Поўначы і прэзыдэнт Поўдня цёпла абдымаюцца на дэмаркацыйнай лініі паміж дзьвюма краінамі.
Так, менавіта лініі – паўнавартаснай, з адпаведным міжнародна-прававым статусам мяжы паміж дзьвюма Карэямі няма, паколькі Карэйская вайна 1950-х гадоў фармальна не спыненая, мірная дамова да гэтага часу не падпісаная. Гэтае пытаньне таксама павіннае быць разгледжанае Трампам і Кімам на саміце ў Сынгапуры.
Дарога да гэтага саміту заняла паўгоду, на працягу якіх Вашынгтон і Пхэньян зьмянілі лаянку на ўзаемна паважлівы тон, лідэры дзьвюх краін абмяняліся пасланьнямі, а ў ЗША і Сынгапуры выпусьцілі залатыя памятныя мэдалі ў гонар маючай адбыцца сустрэчы. У траўні сама сустрэча ледзь не сарвалася, але ў выніку Трамп і Кім усё ж прыляцелі ў Сынгапур 10 чэрвеня. Выбар месца сустрэчы абумоўлены тым, што, ня будучы зьвязаным саюзнымі і якімі-небудзь іншымі дамовамі ні з ЗША, ні з Паўночнай Карэяй, Сынгапур падтрымлівае добрыя адносіны з абедзьвюма гэтымі краінамі.
Пра тое, што стаіць за сынгапурскім самітам і чаго чакаць ад зносін двух, магчыма, самых экстравагантных палітыкаў у сьвеце, Радыё Свабода распавёў расейскі журналіст-усходазнаўца Васіль Галаўнін, які жыве ў Токіё.
– Чыім зьнешнепалітычным посьпехам у большай ступені – амэрыканскім ці паўночнакарэйскім – можна лічыць сам факт сустрэчы Трамп з Кім Чэн Ынам?
– Бясспрэчна, Паўночнай Карэі. Яна са становішча краіны, цалкам ізаляванай ад зьнешняга сьвету, якая палаялася нават са сваім адзіным эканамічным спонсарам і ваенным саюзьнікам Кітаем і ў мінулым годзе знаходзілася літаральна на мяжы ваеннага ўдару, цяпер апынулася ў цэнтры ўсеагульнай зацікаўленай увагі. Перад ёй адкрываюцца вялікія пэрспэктывы.
– Чаму папярэднім прэзыдэнтам ЗША не прыходзіла ў галаву прапаноўваць хоць дзядулі, хоць бацьку, хоць цяперашняму Кіму асабістыя зносіны, а вось Дональд Трамп адважыўся на гэта?
– Гэта, вядома, асаблівасьць Трампа, яго схільнасьць да гульні, тэатральнасьці. Праблема Паўночнай Карэі ў яе цяперашнім стане ідзе з часоў прэзыдэнта Клінтана. Вядома, ні Клінтану, ні Бушу-малодшаму, ні Абаму не прыходзіла ў галаву размаўляць з Кімамі, таму што было відаць, што размаўляць асабліва няма пра што. Усе дамоўленасьці, якія былі, Пхэньянам парушаліся, нічога не атрымлівалася нават на нізавым, працоўным узроўні. Да таго ж з Кім Ір Сэнам, я думаю, наўрад ці наогул хтосьці хацеў размаўляць, а Кім Чэн Ір, бацька цяперашняга правадыра, быў чалавек нелюдзімы, які асабліва не імкнуўся да кантактаў, у тым ліку з амэрыканскім лідэрам. А вось цяпер супалі два вельмі «завадныя» характары – Кім Чэн Ына і Трампа, якія, я не выключаю, адзін аднаму спадабаюцца.
— Тое, што яны абодва, і Дональд Трамп, і Кім Чэн Ын, як вы іх назвалі, — «завадныя», непрадказальныя, схільныя да рэзкіх зігзагаў у сваёй палітыцы, — гэта хутчэй у дадзеным выпадку станоўчы фактар ці адмоўны?
– Для іх, напэўна, плюс, таму што яны абодва гатовыя праяўляць своеасаблівую гнуткасьць і схільнасьць да хуткіх нечаканых рашэньняў. Хоць я падазраю, што Кім Чэн Ын больш пасьлядоўны ў сваіх доўгатэрміновых мэтах, у тактыцы. Наогул ён робіць, нягледзячы на ўсё сваё карнавальнае аблічча, уражаньне чалавека спакойна-халоднага, які ўмее даводзіць сытуацыю да апошняга барʼеру, а потым своечасова адступіць. Хоць у прынцыпе гэта ўласцівасьць усіх прадстаўнікоў дынастыі Кімаў, яны гуляюць на лязе нажа.
– У такім выпадку, які вынік сустрэчы з Трампам можна было б лічыць посьпехам для Кіма?
Калі не браць самыя вялікія надзеі, то ён хоча максымальна зацягнуць перамовы аб ліквідацыі ракетнага і ядзернага патэнцыялу КНДР, зацягнуць пажадана да бясконцасьці, але пры гэтым нешта выгандляваць у пляне гарантый бясьпекі і захаваньня ўласнага рэжыму. Напрыклад, хоць бы вусная заява аб тым, што яны сканчаюць Карэйскую вайну ці, скажам, гатовыя падпісаць дакумэнт аб яе заканчэньні – гэта быў бы вялікі посьпех. Вайна была толькі спыненая ў 1953 годзе пагадненьнем аб перамірʼі, але яна ідзе па гэты дзень, што выклікае ўвесьчасную занепакоенасьць у Паўночнай Карэі.
– А калі перавярнуць пытаньне: для Амэрыкі, для Дональда Трампа які вынік саміту будзе посьпехам?
– Чаго хоча Трамп, я не рашуся прадказаць. Калі браць Злучаныя Штаты наогул, то, вядома, гэта павінен быць нейкі графік рэальнай ліквідацыі ракетна-ядзернага патэнцыялу Паўночнай Карэі. То бок, не даць гэтую справу забалбатаць, як гэта адбывалася з пачатку 1990-х гадоў. Зразумела, немагчыма разьлічваць на тое, што яны пра нешта дамовяцца рэальна, гэта значыць нельга спадзявацца на тое, што Паўночная Карэя пагодзіцца на «лібійскі варыянт». Паўночная Карэя – гэта не Лібія. Але нейкая канкрэтыка, нейкі графік руху да ліквідацыі хоць бы часткі паўночнакарэйскага ваеннага патэнцыялу – гэта было б, вядома, посьпехам ЗША.
– Ці маюць рацыю ЗША, у дадзеным выпадку Дональд Трамп, у тым, што шукаюць прамых зносінаў з Паўночнай Карэяй? Можа быць, варта было, як раней, ціснуць на яе праз Кітай? Ці адносіны Паўночнай Карэі і Кітаю ўжо настолькі зьмяніліся, што КНДР стала досыць самастойным гульцом?
– Паўночная Карэя ня можа стаць самастойным гульцом, калі яна парве з Кітаем, у яе проста няма для гэтага эканамічных магчымасьцяў. Ня мне, вядома ж, даваць парады Злучаным Штатам, але, магчыма, было б больш эфэктыўна з дапамогай Кітаю яшчэ ледзь-ледзь патрымаць КНДР у карантыне, хаця б годзік яшчэ. Але Трампу, бясспрэчна, патрэбны гучны зьнешнепалітычны посьпех, яскравая карцінка. Гэтыя меркаваньні, вядома, пераважылі. Да таго ж нельга было разьлічваць на занадта доўгае спрыяньне Кітаю, асабліва на фоне тых гандлёвых праблем, якія ўтварыліся ў адносінах Вашынгтону з Пэкінам. Як бы там ні было, Кітай – гэта ключавы фактар, таму што ён дае Паўночнай Карэі ўсе магчымасьці для жыцьця.
– Як глядзяць на цяперашнія кантакты паміж Вашынгтонам і Пхэньянам ў Японіі і Паўднёвай Карэі? Там няма боязі, што Трамп тым ці іншым чынам пагоршыць іх становішча – перш за ўсё ў тым, што тычыцца бясьпекі?
– У гэтым пляне Японія і Паўднёвая Карэя даволі значна адрозьніваюцца. У Японіі, натуральна, менавіта гэтага баяцца, прычым усе – і правыя, і левыя. Асьцерагаюцца таго, што Трамп зробіць рэзкі крок і пра нешта дамовіцца з Кімам, забыўшыся пра інтарэсы Японіі.
А вось у Паўднёвай Карэі грамадзкая думка расколатая. Ва ўладзе там цяпер левыя нацыяналісты, яны родам з эпохі студэнцкіх хваляваньняў, тыя былыя маладыя людзі, якія змагаліся супраць вайсковай дыктатуры ў Паўднёвай Карэі ў 1980-я гады. А паколькі яны змагаліся менавіта супраць яе, то ў іх міжволі ўзьнікалі нейкія затоеныя сымпатыі да Поўначы. Многія зь іх чыталі ў юнацтве забароненыя ў Паўднёвай Карэі кнігі Кім Ір Сэна. Зьлёгку рамантычны настрой у іх застаўся. А галоўнае – цяперашняе кіраўніцтва Паўднёвай Карэі разьлічвае ўмацаваць уласныя пазыцыі за кошт прымірэньня з паўночнымі таварышамі.
Разьлікі гэтыя верныя, таму што ўзровень падтрымкі такога прымірэньня незвычайна вырас у апошні час. Але ёсьць у Паўднёвай Карэі і кансэрватыўная частка грамадзкай думкі, і яна таксама моцная. Яны лічаць, што паўночнікам верыць нельга ні ў чым, і таксама баяцца, што Трамп пра нешта дамовіцца з Кімам, а потым вымушаныя будуць усё гэта расхлёбваць як у Токіё, так і ў Сэуле, – кажа журналіст-усходазнаўца Васіль Галаўнін.
Бі-бі-сі ў сваёй тлумачальнай падборцы да саміту нагадвае пра сумны факт: незалежна ад зьменаў двухбаковай дыпляматыі, КНДР застаецца жорсткім камуністычным рэжымам — аднак, «пра што амаль напэўна ня зойдзе гаворка ў Сынгапуры — гэта пра сытуацыю з правамі чалавека ў Паўночнай Карэі».