Украінскія кінэматаграфісты, журналісты і грамадзкія актывісты разьмясьцілі на сайце Белага дому (petitions.whitehouse.gov) пэтыцыю ў падтрымку асуджанага ў Расеі паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме рэжысэра Алега Сянцова. Да раніцы 6 верасьня яна ўжо сабрала 100 тысяч галасоў, а гэта значыць, што паводле закону Белы дом абавязаны адправіць яе на разгляд профільнага ведамства.
Ініцыятар глябальнай акцыі #SaveOlegSentsov Аляксандра Матвійчук паведаміла, што мэта пэтыцыі ў тым, «каб паказаць міжнародным партнэрам, што вызваленьне ўкраінскіх палітвязьняў — гэта пытаньне ня толькі Ўкраіны, але і ўсяго дэмакратычнага сьвету».
Сянцоў, які адбывае 20-гадовы турэмны тэрмін паводле абвінавачваньня ў тэрарызьме ў Расеі, абвясьціў бестэрміновую галадоўку 14 траўня. Асноўнае яго патрабаваньне — вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў у Расеі. Сянцоў, паводле яго, мае намер «галадаць да сьмерці».
25 чэрвеня аб памілаваньні ўкраінца папрасіў расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ерн Ягланд.
Сам Сянцоў адмовіўся прасіць Пуціна аб памілаваньні.