Жыхары непакояцца, што ад сажалкі будзе вельмі моцна пахнуць. Акрамя таго, яе будуюць недалёка ад водазабору, які забясьпечвае пітной вадой Жодзіна. Вяскоўцы арганізаваліся ў чат і пачалі зьбіраць подпісы. Але сілавікі забралі блянкі, забаранілі крамам удзельнічаць у зборы подпісаў, а чат ператварыўся ў групу, у якой нельга пакідаць камэнтары.
Розгалас, відавочна, дайшоў да чыноўнікаў, і яны атрымалі заданьне сустрэцца з пратэстоўцамі. Сход адбыўся ў доме культуры ў аграгарадку Будагова. Там сабраліся як мясцовыя жыхары, так і жыхары вёскі Астравы, дзе будуюць сажалку, і іншых навакольных вёсак, піша «Мінская праўда».
На сустрэчу прыехалі прадстаўнікі Міністэрства прыроды, абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя. Мясцовыя ўлады прадстаўляў старшыня Смалявіцкага райвыканкаму Мікалай Парамонаў, зь Менску прыехалі кіраўнікі водаканалу і будаўнічай арганізацыі.
З рэпартажу «Мінскай праўды» зразумела, што сустрэча прайшла вельмі эмацыйна. Людзі актыўна задавалі пытаньні і абураліся патэнцыйна небясьпечным будаўніцтвам.
Дырэктар «Гардарбуду» Сяргей Панеў расказаў, што сажалка для адходаў будзе цалкам гермэтычнай.
«Па факце мы будуем грунтовую, абсалютна гермэтычную чашу, прызначаную для захоўвання глеевых асадкаў. Тэхнічна гэта кар’ер, вырабленая грунтовая чаша без даданьня або вывазу лішняга грунту. Па ўвесь пэрымэтар разьмяшчаецца геамэмбрана таўшчынёй 2 мм: на сёньня гэта самы шчыльны матэрыял, які забясьпечвае гермэтычнасьць. Па вяршыні таксама ідзе геамэмбрана, як дадатковая абарона. Тэрыторыя аб’екту 20 га, зь якіх 13 га — чаша. Астатняе — усё тое, што зьвязана з абслугоўваньнем», — сказаў Панеў.
Людзі сталі перакрыкваць Панева і казаць, што такая сажалка па суседзтве ім не патрэбная.
Дырэктар «Менскводаканалу» Фёдар Рымашэўскі расказаў, што сажалка па плянах будзе працаваць каля шасьці гадоў, пакуль ідзе рэканструкцыя сталічнай ачышчальнай сеткі. Хутка ў Менску плянуецца пабудаваць комплексы для зброджваньня і спальваньня адкідаў. Ён дадаў, што аб’ект будуецца на аснове сусьветнай практыкі ўтылізацыі адыходаў, а ўлады правялі ацэнку яго ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе. Пры гэтым ён не патлумачыў, чаму тады яны не папярэдзілі пра будаўніцтва мясцовых жыхароў.
Нехта зь мясцовых зьвярнуў увагу: вакол аб’екта ідзе высечка лесу. Аднак, як запэўніў старшыня Смалявіцкага райвыканкаму Мікалай Парамонаў, гэта ніяк не зьвязана з будаўніцтвам сажалкі — плянавыя работы вядуць работнікі лясгасу.
Таксама ўлады пераконваюць жыхароў у тым, што ніяк не пацярпіць мясцовая рэчка Бродня. Пасьля гэтага людзі задавалі пытаньні другі й трэці раз, некаторыя паўтараліся, піша праўладная газэта. Чыноўнікі заявілі, што праведзена складаная экалягічная экспэртыза, адмыслоўцы далі сваю ацэнку стану паветра, адыходаў, вады.
Начальнік аддзелу дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы Міністэрства прыроды Васіль Каваленка адзначыў, што па заканчэньні будаўніцтва камісія яшчэ раз праверыць, ці адпавядае аб’ект праектнай дакумэнтацыі.
А Мікалай Парамонаў прапанаваў стварыць ініцыятыўную групу з адказных жыхароў вёсак, каб расказаць ім усе дэталі работаў. Замарожваць будаўніцтва, на думку чыноўніка, ніякіх прычынаў няма.
Форум