Суд Барысаўскага раёну вынес рашэньне ў справе камандзіра 10-га асобнага батальёну радыёэлектроннай барацьбы Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня, якога абвінавачвалі ў бязьдзейнасьці (ч. 1 арт. 455 КК), паведамляе Вярхоўны суд.
Паводле афіцыйнага паведамленьня, абвінавачаны Ш., праходзячы службу на пасадзе камандзіра вайсковай часткі, атрымаў паведамленьне аб учыненых злачынствах, але не зарэгістраваў іх і не паведаміў пра іх старэйшаму камандзіру, службовага расьсьледаваньн няе прызначыў, праверку не арганізаваў, пракурору Менскай вобласьці не паведаміў, крымінальную справу не завёў і «тым самым схаваў учыненае злачынства».
Суд прызнаў камандзіра батальёну вінаватым у наўмыснай бязьдзейнасьці ўлады і асудзіў на 2 гады пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму. У даход дзяржавы абвінавачаны мае заплаціць штраф у 400 базавых велічыняў (9800 рублёў). Ён таксама цягам пяці гадоў пазбаўлены права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.
Паведамляецца, што абвінавачаны ўзяты пад варту ў зале суду. Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.
25 ліпеня суд Барысаўскага раёну асудзіў камандзіра 60-га асобнага палку сувязі палкоўніка Сяргея Гарадзінскага на 2 гады калёніі агульнага рэжыму за замоўчваньне дзедаўшчыны.
Усё пра гвалт у войску
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча мела ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдатаў, сталі паўторна пераглядаць вынікі сьледзтва ў некалькіх дзясятках ужо закрытых крымінальных справаў, заведзеных пасьля выпадкаў суіцыдаў і траўмаваньня салдатаў тэрміновай службы.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў пра нестатутныя дачыненьні падчас службы ў войску. Адбыўся шэраг судоў за дзедаўшчыну, не зьвязаных са сьмерцю Аляксандра Коржыча.