Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі за нарказлачынствы асуджаныя 15 украінцаў. Яны хочуць адбываць пакараньне на радзіме


Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock

Украінцы, асуджаныя ў Беларусі паводле 328 артыкула Крымінальнага кодэксу за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, зьвярнуліся ў Міністэрства юстыцыі Ўкраіны з заявамі аб жаданьні адбываць пакараньне на радзіме.

«У 2017 годзе пачалі разглядаць пытаньне аб перадачы з Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіну 21 асуджанага. Зь іх 15 былі асуджаныя за злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абарачэньнем наркатычных рэчываў, іх аналягаў і прэкурсораў», — паведаміў Свабодзе намесьнік міністра юстыцыі Ўкраіны ў пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі Сяргей Петухоў.

Паводле яго, справы ў дачыненьні да 7 украінцаў, асуджаных за нарказлачынствы, ужо разглядаюцца ва ўкраінскіх судах дзеля прывядзеньня выракаў у адпаведнасьць з заканадаўствам Украіны.

Ва Ўкраіне пакараньне можа быць меншым

Паводле Сяргея Петухова, украінскія суды, прыводзячы беларускія выракі ў адпаведнасьць з нацыянальным заканадаўствам, прытрымліваюцца тэрміну пакараньня, вызначанага ў Беларусі, за выключэньнем некалькіх выпадкаў.

Першы — калі закон Украіны прадугледжвае максымальны тэрмін пазбаўленьня волі за аналягічнае злачынства меншы, чым прызначаны замежным судом. Другі — калі тэрмін пакараньня, вызначаны замежным судом, меншы за мінімальны тэрмін, прадугледжаны ўкраінскім заканадаўствам. У апошнім выпадку ўкраінскія суды пацьвярджаюць вырак замежнага суду.

«У Міністэрстве юстыцыі адсутнічае інфармацыя аб выпадках, калі ўкраінскія суды вызначаюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на меншы тэрмін, чым вызначыў замежны суд», — падкрэсьліў намесьнік міністра юстыцыі Ўкраіны.

На гэты момант ва Ўкраіну для адбываньня пакараньня перададзеныя пяцёра ўкраінцаў, асуджаных у Беларусі за нарказлачынствы.

Ня так жорстка, як у Беларусі. Што пагражае «за наркотыкі» ў суседніх краінах

Вядома прынамсі пра два выпадкі, калі ўкраінцы, асуджаныя ў Беларусі ў 2016 годзе да трох гадоў зьняволеньня паводле часткі 1 артыкула 328 (незаконныя бяз мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў і аналягаў) ужо вызваленыя на датэрміновых умовах за добрыя паводзіны ва ўкраінскай турме.

Апроч таго, украінскія суды пералічваюць меру пакараньня, залічваючы кожны дзень папярэдняга ўтрыманьня грамадзян Украіны ў сьледчым ізалятары ў Беларусі за два дні пазбаўленьня волі (паводле так званага «закону Саўчанкі»). Такім чынам, хоць суд і пацьвярджае тэрмін зьняволеньня адпаведна беларускаму выраку, фактычна ягоны тэрмін становіцца меншым.

Беларусь патрабуе экстрадыцыі

Апошнім часам супраца Беларусі і Ўкраіны ў сфэры барацьбы з распаўсюдам наркотыкаў актывізавалася.

Беларусь накіравала ва Ўкраіну некалькі запытаў аб выдачы грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца пад сьледзтвам за распаўсюд і продаж наркотыкаў.

Нядаўна суд у Чарнігаве ўзяў пад экстрадыцыйны арышт беларускага грамадзяніна Ўладзімера Н. Паводле беларускіх праваахоўных органаў, ён з 2009 году ў складзе міжнароднай злачыннай групы займаўся перавозкай наркатычных рэчываў у буйных памерах.

У прыватнасьці, у красавіку 2010 году Ўладзімер Н. нібыта набыў у Расеі для перавозу ў Беларусь ня менш як 46 кіляграмаў гераіну, а ў жніўні таго ж году — яшчэ 27,5 кіляграма гераіну. У сакавіку 2013 году Магілёўскі абласны суд абвясьціў беларускага грамадзяніна ў вышук. У гэты час ён ужо быў на тэрыторыі Ўкраіны і атрымаў статус уцекача: нібыта ў Беларусі ў дачыненьні да яго адбываўся палітычны перасьлед на падставе ягонай прыналежнасьці да ромскай нацыянальнасьці.

Украіна пазбавіла Ўладзімера Н. статусу ўцекача і ўхваліла рашэньне аб яго экстрадыцыі ў Беларусь. Ягоным адвакатам удалося скасаваць рашэньне суду першай інстанцыі аб арышце, але апэляцыйны суд на хадайніцтва пракурора яго аднавіў.

Асноўныя факты пра прымяненьне «наркатычнага» артыкула 328 у Беларусі. ІНФАГРАФІКА

У Беларусі вельмі жорсткія пакараньні за наркатычныя злачынствы. Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі — «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў» — прадугледжвае пакараньне ад 5 гадоў абмежаваньня волі да 25 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у беларускіх турмах адбываюць пакараньне 13 760 асуджаных за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі. Гэта больш за траціну ад усіх асуджаных у месцах пазбаўленьня свабоды на 1 студзеня 2018 году.

У красавіку-траўні актывісткі «Маці 328» (сваякі асуджаныя па наркатычных артыкулах) правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (шматлікія пакараньні за дробны распаўсюд, захоўваньне і ўжываньне наркотыкаў), а таксама зьменаў у заканадаўства. 8 траўня Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў, а 11 траўня Савет міністраў накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект аб зьмене наркатычнага артыкулу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG