У 501-ю гадавіну выхаду ў Празе першай беларускай друкаванай кнігі, Бібліі Францішка Скарыны, журналіст Свабоды Сяргей Абламейка і дырэктар Беларускага калегіюму Ірына Дубянецкая абмяркоўваюць вынікі юбілейнага году.
— Хто лепш даў рады юбілею Скарыны — беларускае незалежнае грамадзтва ці дзяржава?
— Дата была грандыёзная, і яна, вядома, прагучала, але далёка не ва ўсю сваю моц. Гэта тычыцца і грамадзкіх, і дзяржаўных сьвяткаваньняў. Але трэба мець на ўвазе, што магчымасьці грамадзтва і дзяржавы — розныя.
Калі казаць пра дзяржаву, дык самым істотным унёскам былі кніжныя выданьні, найбольш значныя зь якіх ажыцьцявіліся руплівасьцю намесьніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы. Найперш гэта шматтомнае факсымільнае ўзнаўленьне ўсіх Скарынавых кніг «Кніжная спадчына Францыска Скарыны».
Калі казаць пра дзяржаву, дык самым істотным унёскам былі кніжныя выданьні, найбольш значныя зь якіх ажыцьцявіліся руплівасьцю намесьніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы
Прэзэнтацыі гэтага выданьня адбыліся ў розных краінах, але — у бібліятэках і на ўзроўні бібліятэк, без асаблівага рэзанансу. Таксама было шмат іншых выданьняў, практычна кожнае выдавецтва адзначылася ў тэме.
Ізноў-такі Нацыянальная бібліятэка зладзіла Кангрэс «500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня» ды выдатную тэматычную выставу.
А апроч гэтага? Ну выпусьцілі адзін фільм пра Скарыну ды па тэлевізіі паказалі, ну штогадовае сьвята беларускага пісьменства ў гонар Скарыны правялі ў Полацку, ну была яшчэ пара-тройка лякальных канфэрэнцый ды імпрэз...
Сьціпленька, ціхенька. Хіба ж гэта сьвяткаваньне найбольшай падзеі сусьветнага ўзроўню ў культурнай гісторыі краіны?
А ў сам юбілей Бібліі Скарыны, 6 жніўня 2017 году, дзяржава наогул нічога не зрабіла. Можна было б падумаць, што ва ўсіх гарадох Беларусі цэлы дзень будуць народныя гуляньні з выязнымі кірмашамі ды сьвяточна аздобленымі вуліцамі, а ўвечары 500-залпавы фэервэрк — але быў звычайны дзень, звычайны выходны, бо прыпаў на нядзелю...
— Я, у прынцыпе, падзяляю вашу пазыцыю. Разам з тым не магу не сказаць, што ў пачатку 2017 году чакаў ад дзяржавы яшчэ менш. А тое, што ўрэшце было зроблена, нашмат пераўзышло мае чаканьні.
Пасол Беларусі ў Чэхіі браў удзел у дзьвюх навуковых канфэрэнцыях у Празе, адкрываў іх і выступаў. У Прагу на адкрыцьцё выставы беларускай графікі ў мурах Славянскай бібліятэкі прыяжджаў міністар замежных спраў Уладзімер Макей. У першы дзень візыту Макей разам з дырэктарам Славянскай бібліятэкі ўрачыста ўсклаў кветкі да мэмарыяльнай шыльды Скарыну ў двары бібліятэкі. Назаўтра разам зь міністрам замежных спраў Чэхіі ўсклаў кветкі да помніка Скарыну на Градчанах у Празе.
Таксама адбыўся Міжнародны кангрэс ў Акадэміі навук у Менску, выйшла новае выданьне Скарынаўскай энцыкляпэдыі. Гэта — ня так і мала. Хаця тое, што сьвяткаваньне юбілею ўсклалі на бібліятэкі і нічога не правялі 6 жніўня — сапраўды ўражвае.
Дык калі вярнуцца да пытаньня, то як юбілей нашай Бібліі адзначыла незалежнае грамадзтва краіны?
— Грамадзтва рабіла што магло. Толькі ў полі майго зроку было наладжана два грамадзкія форумы да 500-годзьдзя. Іх ініцыяваў мастак Мікола Купава, на пачатку і напрыканцы 2017 году. Першы быў прысьвечаны Скарыну як перакладчыку і выдаўцу Бібліі, а другі — як навукоўцу і лекару.
Адбыўся ўнікальны цыкль канцэртаў — у Беларусі і за межамі, у якіх праз музыку асэнсоўвалася значнасьць Скарынавага чыну, у тым ліку ў кантэксьце 500-годдзя Лютараўскай Рэфармацыі. Іх ладзіў музыка і дырыжор Аляксей Фралоў.
Адбыліся канфэрэнцыі ў Празе і Лёндане, на Міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі ў Варшаве працавала сэкцыя, прысьвечаная юбілею Бібліі Скарыны. Было наладжана некалькі круглых сталоў, публічных дыскусій, адкрытых лекцый ды летніх школ.
А на само сьвята 6 жніўня ў Прагу на сьвяткаваньне 500-годзьдзя прыехалі два аўтобусы зь Беларусі для ўдзелу ў шэсьці, якое прайшло з удзелам вядомых беларускіх інтэлектуалаў і творцаў па ўсім гістарычным цэнтры гораду. Было таксама мноства публікацый.
Для мяне важным быў цыкль «Нечаканы Скарына» на Радыё Свабода. Дзякуй, Сяргей, вам, як аўтару цыклю, і Радыё Свабода за гэта. Гэтыя тэксты перадрукоўваліся, абмяркоўваліся, і істотна паўплывалі на настрой і кантэкст сьвяткаваньня.
Цыкль «Нечаканы Скарына» на Радыё Свабода
У Менску прэзэнтавалі «Нечаканага Скарыну». ФОТА, ВІДЭА, PDF
Асобна згадаю і два біблейныя выданьні, прымеркаваныя да сьвята. І каталікі, і праваслаўныя нарэшце выпусьцілі свае пераклады на беларускую мову Новага Запавету. Што ж тычыцца Старога Запавету, з якім і працаваў Скарына ў Празе, то ў часопісе «Дзеяслоў» выйшлі некалькі публікацый перакладаў Новай беларускай Бібліі з маімі прадмовамі і камэнтарамі. Вядома ж, мала, але пачатак пакладзены.
Так што ладжаныя грамадзтвам мерапрыемствы, відаць, былі і больш разнастайнымі, і больш шматлікімі, і ярчэйшымі за дзяржаўныя, нягледзячы на непараўнана меншыя фінансавыя магчымасьці. У Беларусі краіна і дзяржава ўжо даўно не супадаюць. 2017 год паказаў, што Францішак Скарына — герой і ўлюбёнец краіны, а для дзяржавы ён — ну так, нічога сабе пэрсанаж...
— На пачатку нашай гутаркі вы сказалі, што 500-годзьдзе першай беларускай друкаванай Бібліі было грандыёзнай датай, і яно прагучала не ва ўсю сваю моц. Якія магчымасьці, што даваў юбілей, былі страчаныя?
— Гэтае 500-годдзе давала насамрэч велізарныя магчымасьці. Гэта быў унікальны шанец для Беларусі заявіць пра сябе ўсяму сьвету як пра краіну высокай і старажытнай культуры.
Бо дзякуючы Скарыну беларуская культура апынулася ў ліку самых перадавых у XVI стагодзьдзі. Гэта быў шанец паказаць месца Беларусі сярод краін, што першымі ўваходзілі ў Новы час і стваралі новыя кірункі разьвіцьця эўрапейскай цывілізацыі.
Так што ладжаныя грамадзтвам мерапрыемствы, відаць, былі і больш разнастайнымі, і больш шматлікімі, і ярчэйшымі за дзяржаўныя, нягледзячы на непараўнана меншыя фінансавыя магчымасьці
Дзяржава магла пралабіраваць абвяшчэньне 2017 году годам Скарыны — і годам Беларусі! — па лініі ЮНЭСКА. Само сабой, гэта быў год Рэфармацыі, велізарнай даты для ўсяго сьвету, але і 500-годзьдзе нацыянальнай Бібліі — аграмадная дата.
Толькі тры эўрапейскія культуры займелі свае друкаваныя пераклады Бібліі раней за Скарыну. Калі недзе ў сьвеце кажаш, што беларуская Біблія была выдадзена да Лютаравага перакладу, які зьмяніў сьвядомасьць сучасьнікаў — то нават адукаваныя біблеісты ня могуць даць веры. А ня могуць таму, што папулярызацыі, данясеньня веды пра Беларусь няма. Вядома, нешта робяць асобныя дасьледчыкі, але гэта найчасьцей і застаецца ў коле іншых асобных дасьледчыкаў.
Калі б дзяржава сур’ёзна паставілася да гэтай даты і асэнсавала яе значнасьць для сучаснай беларускай ідэнтычнасьці, яна магла б паўплываць на ўздым нацыянальнага духу, на актывізацыю пачуцьця ўпісанасьці беларусаў у сусьветныя цывілізацыйныя працэсы і адчуваньня сваёй арыентаванасьці ў будучыню.
Грамадзкасьць загадзя зьвярнулася да дзяржавы з прапановамі па ўшанаваньні Скарыны, у тым ліку надаць імя Скарыны Нацыянальнаму аэрапорту. Гэта пашыраная традыцыя — надаваць аэрапорту імя асобы, найважнейшай для гэтай зямлі. Тады б мы маглі прыгожа сказаць, што Беларусь — зямля Францішка Скарыны.
Дзяржава магла пралабіраваць абвяшчэньне 2017 году годам Скарыны — і годам Беларусі! — па лініі ЮНЭСКА
Таксама прасілі і цэнтральную вуліцу Менску назваць іменем Скарыны. (Тым больш што ў цэнтры Менску шмат вуліц названыя імёнамі пэрсанажаў, якія ня ўпісваюцца ў беларускі дыскурс.) Прапаноўвалі 6 жніўня абвясьціць Днём беларускага друку. І, адпаведна, перастаць сьвяткаваць гэты дзень 5 траўня ў гонар Ленінскае газэты «Праўда».
Таксама была страчаная магчымасьць зрабіць у 2017 годзе маштабную канцэртна-лекцыйна-выставачна-мэдыйную прэзэнтацыю Беларусі і Скарыны ў краінах ягонага лёсу — Польшчы, Чэхіі, Даніі, Італіі, Нямеччыны, Расеі.
— Тым ня менш, адбылося некалькі навуковых канфэрэнцый, выйшла шмат кніг і мноства публікацый у пэрыядычным друку. Інтэлектуальная Беларусь думала і спрачалася пра Скарыну. Што новага нам даў юбілей? Якую новую якасьць, новае асэнсаваньне Скарыны, яго фэномэну і даробку.
— Па-першае, праявіўся маштаб постаці Скарыны. Мы глядзелі на яго больш як на ўласна беларускага героя, а тут лепей убачылі ягоны неацэнны ўнёсак у іншыя культуры і ягоную значнасьць для Эўрапы XVI стагодзьдзя.
Да гэтага спрычыніліся і замежныя навукоўцы, асабліва чэскія ды італьянскія, якія зрабілі свае дасьледаваньні даробку Скарыны. Чэскі скарыніст Пэтэр Войт сказаў, што Скарына такі вялікі, што яму непатрэбныя ніякія ўпрыгожаньні.
Галоўнае, што адбылося, гэта тое, што асэнсаваньне Скарыны перамянілася ад «некага, хто некалі нешта зрабіў», у таго, хто задаў кірунак культуры
Па-другое, юбілей актывізаваў скарыназнаўства, якое ў нас было заціхла і заставалася на позьнесавецкіх рэйках. Адкапаліся раней не вядомыя дакумэнты, найперш у Італіі й Чэхіі, пацьвердзіліся некаторыя ранейшыя здагадкі навукоўцаў.
Чаго вартыя адны лімоны Скарыны, якія ён першы пачаў вырошчваць у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе і на кісьлю якіх скардзіліся каралю праскія шляхцюкі! Алесь Жлутка зрабіў ў Ватыканскім архіве цікавыя знаходкі.
Галоўнае, што адбылося, гэта тое, што асэнсаваньне Скарыны перамянілася ад «некага, хто некалі нешта зрабіў», у таго, хто задаў кірунак культуры. Кірунак, які можна працягваць і разьвіваць далей.
Разуменьне таго, дзе знаходзіцца Беларусь у эўрапейскай культурнай герархіі, мяняецца вельмі моцна, калі даробак Скарыны ацэньваецца з сучасных пазыцый. А сам Скарына робіцца тым, хто вядзе краіну, хто арыентаваны ў будучыню. І тады гэтая будучыня лепш праглядаецца, робіцца ясьнейшай і нашмат ярчэйшай.
— Ці можна сказаць, што для інтэлектуальнай Беларусі юбілей Скарынавай Бібліі даў новую энэргію, спарадзіў новыя канцэпцыі?
— Былі вялікія спрэчкі што да ацэнкі уплыву Скарыны на беларускую культуру XVI— XVIІ стагодзьдзяў. Спрачаліся і пра яго значэньне і для эўрапейскага культурнага руху першых трох дэкадаў XVI стагодзьдзя.
Адбылося і вельмі важнае само па сабе асэнсаваньне XVI стагодзьдзя як знакавага, як пераломнага, як лёсавызначальнага для Беларусі — як стагодзьдзя пачатку беларускай ідэнтычнасьці (з улікам іншай назвы краіны).
Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што беларуская культурная ідэнтычнасьць пачынаецца 6 жніўня 1517 году, калі Скарына заявіў новы пачатак, сфармуляваўшы сувязь паміж Богам, чалавекам і краінай і абвясьціўшы як першачарговаю патрэбу ў навуцы для сваёй зямлі і людзей.
Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што беларуская культурная ідэнтычнасьць пачынаецца 6 жніўня 1517 году
Скарына акрэсьліў і праклаў для сваёй краіны дарогу наперад, падрыхтаваў яе да далейшага разьвіцьця. І веда, якую Скарына выкладаў, была перадавою для свайго часу.
На маю думку, для сучаснай Беларусі гэткае разуменьне Скарыны вельмі важнае, бо мяняе наш уваход у будучыню, у новы сьвет, што на нашых вачох ствараецца.
Хто мы, з чым мы ўваходзім у гэты сьвет, што можам яму прапанаваць? Ці мы хапаем за хвост дасягненьні іншых ды імкнёмся ўпісацца ў чыюсьці мрою — ці мы самі творцы, з багажом веды і досьведам стварэньня?
Скарына як ніхто іншы дае магчымасьць Беларусі разумець сябе культурна багатаю, цывілізацыйна сьпелаю і здольнаю да новых інтэлектуальных сяганьняў.