Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Зона гісторыі. Турэмныя байкі


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня працяг разьдзелу «Зона гісторыі»: Турэмныя байкі. Ад зэкаў беларускіх і савецкіх вязьніц.

У папярэднім разьдзеле «Зона гісторыі»: Помнік архітэктуры і музэй турмы. Замовіць друкаваны асобнік кнігі Алены Струвэ можна ТУТ.

Сярод нематэрыяльных экспанатаў меркаванага музэю турмы магло б знайсьціся месца так званым «зэкаўскім байкам», як неад’емнай частцы традыцыі турэмнай культуры. Гэта кароткія гісторыі з жыцьця арыштантаў — і вясёлыя, і ня вельмі. Збольшага падзеі, пра якія ў іх ідзе мова, адбываліся насамрэч, аднак расказчыкі заўсёды ўпрыгожвалі іх яркімі дэталямі, жывым сакавітым крымінальным арго, уласным арыштанцкім гумарам. Для нашай праграмы апавядальнікі, безумоўна, цэнзуравалі мову, а тэмаў засталося ўсяго дзьве: як хітрыя зэкі дурылі мянтоў і як спрабавалі ўцячы на волю. Самі зьняволеныя кажуць: зэк ня быў бы зэкам, калі б не абдурваў ды ня марыў.

Ад старога рэцыдывіста Мікалая І.

— Сядзеў я шмат дзе. У Воршы, Горадні, у Менску на Кальварыйскай, нават у піцерскіх «Крастах» пры Саветах.

Турма «Красты» ў Санкт-Пецярбургу
Турма «Красты» ў Санкт-Пецярбургу

Хто ня ведае, у «Крастах» камэры невялікія па плошчы. Ад дзьвярэй да рэшка — 3,5–4 мэтры. У адной камэры зэкі склеілі з газэт доўгую трубу, адзін канец вывелі, адхіліўшы жалюзі, у начное зорнае неба, другі канец прыставілі да «вочка». Потым пастукалі ў дзьверы: «Камандзір! Падыдзі, камандзір!»

«Камандзір» падышоў неахвотна і перш за ўсё, згодна са статутам, зазірнуў у «вочка». Убачыўшы замест асьветленай камэры з зэкамі зоры на небе, «камандзір» кінуўся па падмогу. Пакуль тое, трубу спусьцілі ва ўнітаз без астатку. «Камандзіра» паслалі на абсьледаваньне да псыхіятра.

Ад былога рэцыдывіста Ісы А.

Напалову чачэнец, напалову беларус — Іса сядзеў у савецкіх, расейскіх, казахстанскіх ды беларускіх турмах. Узгадвае былога сукамэрніка, які ўмеў падрабляць грошы самымі элемэнтарнымі сродкамі.

— Гэта было за савецкім часам, калі грошы былі зь Леніным. Той мастак рабіў гэта ў якасьці прыколу. «Дзясятку» маляваў звычайнымі каляровымі самапіскамі. А потым уначы даваў яе кантралёру-міліцыянту, каб той нешта нам купіў. Дарэчы, куплялі. Такая падробка была выдатная.

Яшчэ памятаю, як, ізноў-такі пры саветах, сабраліся неяк трое дзецюкоў гарэлачкі папіць. Гарэлкі не было. Затое быў сьпірт. Сядзяць, значыць, у кацельні, бутлю зьнішчаюць. Але сьпірт — не гарэлка, у выніку ўсе трое — у нуль. Ну, думаюць, трэба разыходзіцца. Ідзе адзін да сябе ў атрад, сьценку падпірае рукой, а часам целам, каб тая ня ўпала. Засталося за рог завярнуць, пяцьдзясят мэтраў — і ўсё, ужо не запаляць. А тут з-за рога мент выходзіць. Зэк, натуральна, зьбівае яго з ног. Мент падае, вочы вылупіў, паветра ротам хапае, як рыба, а гэты па-змоўніцку падміргвае, адкрывае рот і, распускаючы па ўсёй акрузе пах сьвежага сьпірту, падносіць палец да вуснаў: «Тсссс! Ты мяне ня бачыў!»

Ад колішняга навукоўца, а цяпер двойчы зэка Міхаіла

— Неяк у Наваполацку мяне моцна абмежавалі ў кантактах з вонкавым сьветам — ні званка, ні спатканьня. Лісты таксама не даходзілі. Мусіў шукаць самыя розныя спосабы камунікацыі з воляй.

Падказку далі каты, якіх было багата на зоне. Яны прыбягалі да нас з суседняй вёскі, пад дротам прабіраліся ў калёнію і пасьвіліся пераважна ля сталоўкі. Тады і прыйшла ідэя выдрэсіраваць аднаго, каб быў нашым кур’ерам і перапраўляў карэспандэнцыю праз дрот.

Спачатку з катом пасябравалі, прыручылі, каб ён нас не палохаўся. Потым было проста — зрабілі такі мяшэчак. Адной вяровачкай прымацавалі ў яго на шыі, а другой — пад жыватом.

Наш кот-кур’ер жыў на волі, у гаспадароў. Прыбягаў да нас у калёнію ў сталоўку. Гэта быў вельмі кантактны кот. Мяшэчак на шыю павесіць яму было элемэнтарна. Асабіста я ўкладаў у такі мяшэчак карэспандэнцыю для тых, хто на волі. Бо мне было афіцыйна забаронена і ліставацца, і тэлефанаваць.

З волі на зону ішлі зваротныя лісты. Некаторым зэкам з катом дасылалі мабільнікі, цыгарэты, алькаголь. Гаспадары майго ката, як і большасьць тых, хто жыў побач з калёніяй, спачувалі зэкам. Гэтыя людзі адсылалі нашы лісты на пазначаны адрас, наладжвалі кантакты з нашымі блізкімі, і тыя выконвалі потым нашы просьбы.

Калі на ката «стукнулі», адміністрацыя загадала іх усіх адлоўліваць. Расказвалі, што кантралёрам павыпісвалі нават прэміі — парадку 100 тысяч рублёў. На той момант, калі сядзеў я, гэта былі добрыя грошы. Амаль паўзарплаты. За аднаго ката, злоўленага ўнутры забароненай зоны.

Нейкі час на зоне ўвогуле не было катоў. Але ж зэкі не спыняліся і прыдумлялі іншыя спосабы.

Ад рэцыдывіста Ігара М.

— Ад старэйшых сядзельцаў Івацэвіцкай папраўчай калёніі № 5 я нярэдка чуў гісторыю, як на пачатку 1990-х дзьве галяндзкія фірмы спрабавалі наладзіць на зоне вытворчасьць па ачыстцы крэвэтак.

Як казалі тыя людзі, галяндцы проста не разумелі, з кім яны будуць мець справу. Выглядала так. Прыганялі фуру, пакідалі на «промцы», задача асуджаных была — чысьціць крэвэтак ад панцыра. Уяўляеце сабе такое: галодным зэкам даюць працаваць зь ежай?! Тых крэвэтак і елі, і кралі, а замест іх ва ўпакоўкі клалі розныя балты... Зразумела, бізнэс стаў вельмі стратным для галяндцаў. Затое зэкі, якія тады прайшлі праз ПК-5, узгадваюць заходніх прадпрымальнікаў вельмі цёпла. Яны елі гэты далікатэс — зразумела, не ў сталоўках — і на сьняданак, і на абед, і на вячэру.

Больш нічога такога замежнікі ў ПК-5 ня ладзілі.

Ад бізнэсоўца Мікалая Д.

— Гэта здарылася ў канцы 1990-х. Я быў падсьледным «Валадаркі», і мяне павезьлі на сьледчы экспэрымэнт у Заводзкім раёне. Пра тую маю спробу ўцёкаў у свой час нават пісаў «Вячэрні Мінск».

Уцёкі я плянаваў загадзя ў СІЗА. Ісьці на суд за артыкулы, якія на мяне навесілі, не хацелася. Таму адмыслова ішоў на яўкі з павіннай і настойваў на сьледчым экспэрымэнце. І вось мяне прывезьлі пад канвоем на адну кватэру, нібыта на месца злачынства, дзеля экспэрымэнту.

Турма на Валадарскага
Турма на Валадарскага

Сьледчы быў са сваёй пішучай машынкай. У тыя часы такімі карысталіся, і яны былі па адной на кабінэт. Падчас допыту я ўзяў машынку ў рукі, працягнуў яе сьледчаму, кажу: «Трымай!»

Ён, вядома, узяў, ухапіўся за яе дзьвюма рукамі і трымаў. А я выскачыў у вакно. Забег у суседні пусты стары дом, які быў на рэканструкцыі. Залез на самы верх, на бэльку нейкай кватэры. Сядзеў на той бэльцы гадзіны тры і адчуваў сябе ўмоўна свабодным.

Потым зьявіліся мянты з сабакамі. Абышлі дом, але нічога не знайшлі. Усё быццам бы абышлося, каб адзін мент, сыходзячы, не падняў галаву. Мяне раскрылі.

Залезьці наверх ніхто не рызыкнуў. Хутка прыбыло міліцэйскае начальства на чале з намесьнікам міністра. Намесьнік кажа: злазь. Адказваю — не. Чаму? Таму што, мякка кажучы, біць будзеце. Не, абяцае ён, ня будзем — усё роўна злавілі. Але ж увайдзі ў становішча сьледчага, яму тры гады да пэнсіі.

Зьлез. Тады за спробу ўцёкаў падсьледным тэрмін ня вешалі. Толькі асуджаным. Цяпер і падсьледным такое сьвеціць. У выніку ў мяне была «хімія». Тэрмін адседзеў невялікі. Вызваліўся па ўмоўна-датэрміновым за добрыя паводзіны.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад Ігара М.

— Гэта было ў Навасадах, у калёніі № 14, ці то ў 2004, ці то ў 2005 годзе. Адзін з зэкаў сярод белага дня, гуляючы ў сваім лякальным участку, нечакана для ўсіх разагнаўся, пераскочыў адзін плот, потым другі, саскочыў у забароненую зону, разьдзіраючы скуру на руках і целе аб калючку. Ахоўнік на вышцы пасьпеў толькі адзін папераджальны стрэл у паветра зрабіць, як зэк праз апошні плот пераскочыў, што падзяляў яго ад волі. Потым з акрываўленымі рукамі схаваўся недзе ў сьвінарніку гаспадаркі, якая належала зоне. Там яго неўзабаве і знайшлі.

Далей адмысловая камісія праводзіла сьледчы экспэрымэнт, дык ніводзін з ваякаў ня змог з разгону даскочыць да краю плота, каб ухапіцца за яго рукамі, як гэта атрымалася ў несамавітага ЗК.

Зэка на возе ў Івацэвічах можна сустрэць проста ў горадзе
Зэка на возе ў Івацэвічах можна сустрэць проста ў горадзе

Яшчэ прыклад складаных уцёкаў. Два браты-блізьнюкі, адзін асуджаны калёніі строгага рэжыму, другі — вольны чалавек. Вырашылі на некаторы час памяняцца месцамі. Гэта ўдалося. Аднак хутка «вольны» выдаў сябе тым, што ня ведаў, як паводзіць сябе сярод ЗК.

А ўвогуле за час існаваньня незалежнай Беларусі на маёй памяці толькі адны пасьпяховыя ўцёкі. ПК-12, Ворша, 1992 ці 1993 год. Там турэмная лякарня для хворых на сухоты, а таксама жылая зона, дзе сядзяць здаровыя паўторна асуджаныя. Так гэта было, так гэта застаецца і цяпер. Побач з турэмным баракам там быў плот, на які паклалі дошку, прайшлі па ёй ды скочылі. У тых людзей была нейкая падтрымка. Іх хтосьці чакаў на волі.

Да таго ж і хлопцы тыя вельмі разумныя былі. Аднаго, зь Пінску, звалі Кот. Яго ды іншых не знайшлі і дагэтуль. Тыя, хто знаў яго, кажуць, што адзін час жыў недзе на поўдні Расеі. Усё нармальна было ў яго.

Ад Зьмітра Вольнага

— Здарылася ў Навасадах, калі начальнікам там быў Алкаеў. Тады трое арыштантаў, здаецца, напалі на ахову, і аднаго з уцекачоў паранілі. А я потым размаўляў з кімсьці з удзельнікаў. Дык вось, мужыкоў усіх трох на сьцяне ўзялі, на плоце. Скінулі са сьцяны, а гэта мэтры 3–4, зьбілі. Крыху пазьней зьявіўся Алкаеў зь пісталетам у руцэ і з крыкам: «Я вас, б..., застрэлю сваімі рукамі». Патыкаў пісталетам ім у твар, ну і пайшоў. Вось такі пэрсанаж. Ну, а ў астатнім быў ня самым дрэнным начальнікам. Турма жыла сваім жыцьцём, і на тым дзякуй.

Ад былога «грамадзяніна начальніка»

Былы начальнік Навасадаў, а потым «Валадаркі» Алег Алкаеў пацьвярджае гісторыю Зьмітра Вольнага: «Усё так і было...»

— Увогуле людзі розныя сядзяць, нямала дзёрзкіх. Ня ўсе ж бяскрыўдныя цяляты. Тады гэтыя трое скарысталіся няпільнасьцю аховы падчас прагулкі ў турэмным дворыку. Яны замкнулі ахоўнікаў у тым дворыку, і потым на дах, і па ім пачалі спускацца. Але вартавы спрацаваў правільна.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

Памятаю спробу ўцёкаў у Воршы ў 1992-м, калі маці ці жонка прынесла на спатканьне мужу электраплітку. Тады дазвалялі гатаваць ежу зьняволеным. І паклала туды рэвальвэр-наган. Гэты хлопец узяў наган і неяк здолеў схавацца пад аўтобусам, які меўся выехаць з тэрыторыі ўстановы. Але тут пільны кантралёр зьявіўся і пачаў аглядаць аўтобус і пад ім. Зразумела, убачыў таго хлопца. У вязьня ня вытрымалі нэрвы, і ён застрэліўся. Але мог пальнуць і ў прапаршчыка.

Што тычыцца «Валадаркі», то зь яе яшчэ нікому не ўдалося ўцячы. Чуткі пра тое, што адзіным выключэньнем быў Дзяржынскі, ніякага дакумэнтальнага пацьверджаньня ня маюць.

Сам я ў свой час некалькі спробаў уцёкаў раскрыў. Прадухіляць уцёкі ўдавалася яшчэ на стадыі ідэі. Вось толькі чалавек падумаў, падзяліўся гэтым з кімсьці — апэратыўнікам пра гэта ўжо на другі дзень было вядома. Гэта адзін з момантаў прафэсійнай працы.

ПАСЬЛЯ ЗОНЫ

СІЗА № 1 застаецца ў цэнтры беларускай сталіцы. Як паведамілі ў Менгарвыканкаме, СІЗА вызваліць будынак, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, да 2020 году.

Што менавіта разьмесьціцца ў памяшканьнях пачатку ХІХ стагодзьдзя, дагэтуль усё яшчэ ня ясна. Ці будзе створаны на тэрыторыі Пішчалаўскага замку адмысловы музэй турмы, паводле чыноўнікаў, будзе залежаць ад таго, хто стане заказчыкам праекту, і, зразумела, ад памераў фінансаваньня рэстаўрацыйных работ. У 2014-м, сыходзячы з разьлікаў адмыслоўцаў, агучвалася лічба 83 мільярдаў рублёў (каля 4,1 мільёна даляраў паводле тагачаснага курсу).

Пішчалаўскі замак, Менск
Пішчалаўскі замак, Менск

Тым часам восеньню 2015-га ў Горадні, у аднапавярховым адміністрацыйным будынку насупраць тамтэйшай, самай старажытнай у краіне турмы № 1, з асабістай ініцыятывы міністра МУС адкрылі першы ў краіне турэмны музэй. Сярод экспанатаў з параўнальна нядаўняга мінулага — асабістыя рэчы, дакумэнты і ўзнагароды былых супрацоўнікаў турмы, фатаграфіі вядомых зьняволеных. Больш раньні пэрыяд турэмнай рэчаіснасьці прадстаўлены прыладамі катаваньняў і клеймамі для зладзеяў і ўцекачоў з катаргі. Пускаюць у музэй толькі па заяўках арганізацый.

Былы палітзьняволены Мікола Аўтуховіч, які сядзеў у горадзенскай турме, ставіцца да ідэі стварэньня гэткага музэю вельмі крытычна. Маўляў, такія музэі можна было б рабіць, калі б «мы жылі ў нармальнай дэмакратычнай дзяржаве, калі б у Беларусі не было палітвязьняў, а ў турмах не катавалі б людзей».

За тое, што гэткія турэмныя музэі павінны найперш дэманстраваць палітычную сутнасьць рэжымаў у тую або іншую эпоху, каб «дапамагаць людзям зразумець, што гэта быў за час», выказаўся яшчэ адзін былы палітзьняволены і ў мінулым вязень гарадзенскай турмы — Зьміцер Дашкевіч.

Экспанат у музэі «Дом тэрору» ў Будапэшце
Экспанат у музэі «Дом тэрору» ў Будапэшце

Магчыма, сёньня шмат хто зойме такую пазыцыю. Але ці сапраўды варта адмаўляцца ад усяго, што цяпер на гэтую тэму «сабрана ды захоўваецца»? Хто ведае, якую асьветніцкую ролю адыграе для нашчадкаў той або іншы самы прарэжымны, з сучаснага гледзішча, турэмны дакумэнт, нейкае іншае, хай самае мізэрнае, матэрыяльнае сьведчаньне пра сыстэму пакараньня пачатку ХХІ стагодзьдзя? Ці мог нехта на пачатку Другой сусьветнай вайны чакаць, наколькі важнымі акажуцца для гісторыі кіназдымкі гітлераўскіх ды сталінскіх фатографаў і кінаапэратараў, наколькі інакш, чым задумана было прапагандай, убачаць нашчадкі, што гэта быў за час?

Наступныя пакаленьні могуць пераасэнсоўваць гістарычныя падзеі не ў апошнюю чаргу таму, што маюць у сваім распараджэньні значна больш, чым сучасьнікі, архіўных крыніцаў, навуковых працаў, музэйных экспанатаў, самых розных дакумэнтальных споведзяў, хай вельмі суб’ектыўных і часам эмацыйных.

Турэмны дворык у музэі турмы ў Тэгеране
Турэмны дворык у музэі турмы ў Тэгеране

Такіх, як, да прыкладу, лісты арыштантаў ды іхніх блізкіх, дасланыя на «Свабоду ў турмах», расказы відавочцаў арыштанцкага жыцьця ў Беларусі пачатку трэцяга тысячагодзьдзя.

Ці тэксты старых арыштанцкіх песьняў пра цяжкую долю беларускага вязьня ды жанчыны, якая засталася ў яго на волі. Песьні старыя, крыху наіўныя, але іх надрыўная туга дагэтуль вярэдзіць душу чалавека за кратамі

Ня сьпіцца і не ляжыцца.
І сон мяне не бярэ
Прыйдзі ж да мяне, дарагая,
І супакой мяне

Ня раз я прыхадзіла
К цюрэмным варатам
Усе камеры былі закрыты
І стража стаяла ўся

А ў цюрме акно высока
Два жалезныя замка
Сьцены камеры высокі
Ня відна сонца ані дня.

(З альбому «Беларускі гарадзкі раманс 20–30-х гадоў ХХ стагодзьдзя» з крымінальна-арыштанцкімі песьнямі Заходняй Беларусі).

Папярэднія публікацыі

Зона гісторыі. Турма як музэй

Зона волі. «Тут» і «там»

Зона волі. Непатрэбныя

Зона талентаў

Моўная зона. Мат і «феня»

Моўная зона. Мова турмы — расейская

Зона сустрэч: пра «гэта» і ня толькі

Зона сустрэч: раманы і спатканьні

Агентурная зона

Зона Х. Пажыцьцёвае

Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя

Зона падтрымкі

Наркаманская зона

Палітзона

Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя

Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Штрафная зона

Прамзона

Жылая зона

Дзіцячая зона

Жаночая зона

Мужчынская зона

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG