17 ліпеня на Вайсковых могілках у Менску здарыўся інцыдэнт паміж рэстаўратарам Паўлам Каралёвым і намесьнікам дырэктара спэцкамбінату КБА Сяргеем Турам.
Аб чым ідзе гаворка?
Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Менску — адзін з самых старых нэкропаляў беларускай сталіцы, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асьвячэньне могілак адбылося ў 1895 годзе.
Тут пахаваныя літаратары Якуб Колас, Янка Купала і Кузьма Чорны, гісторык Усевалад Ігнатоўскі, аўтар слоў дзяржаўнага гімна БССР Міхась Клімковіч, амэрыканская місіянэрка Рут Ўолер.
Што адбываецца?
На пачатку чэрвеня спэцкамбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня пачаў «добраўпарадкаваньне» Вайсковых могілак у Менску. Супрацоўнікі камбінату
- прыбіраюць агароджы, пілуюць старыя і сухія дрэвы;
- зносяць старыя крыжы і надмагільлі. На іх месца ўсталёўваюць аднолькавыя невялічкія пліты – так званыя «надгалоўнікі».
Гэта прадугледжана Законам аб пахаваньні і пахавальнай справе і інвэнтарызацыяй могілак, праведзенай у 2015 годзе, тлумачыў Свабодзе намесьнік дырэктара спэцкамбінату КБА Сяргей Тур. Таксама Тур спасылаўся на рашэньне Менгарвыканкаму аб добраўпарадкаваньні Вайсковых могілак, прынятае ў траўні. На сайце Менгарвыканкаму гэтае рашэньне не публікавалі.
Актывісты сьцьвярджалі, што «добраўпарадкаваньне нагадвае знос», і заклікалі да абароны могілак.
У канцы чэрвеня ўлады паабяцалі прыпыніць добраўпарадкаваньне Вайсковых могілак. Выявілася, што рэканструкцыя Вайсковых могілак вялася без праекту і з парушэньнямі ўмоваў Мінкульту.