Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут гісторыі пра Вайсковыя могілкі: «Надмагільлі з гістарычнай інфармацыяй павінны быць захаваныя»


Супрацоўнікі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі наведалі могілкі пасьля інтэрвью Свабодзе.

Пракамэнтаваць для Свабоды сытуацыю вакол Вайсковых могілак пагадзіўся намесьнік дырэктара па навуковай рабоце Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза. Паводле яго, дадаткова тлумачыць гістарычную каштоўнасьць Вайсковых могілак у Менску не выпадае. Яны ўнесеныя ў сьпіс помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, і ўсе арганізацыі і фізычныя асобы павінны выконваць заканадаўства, якое рэгулюе парадак работ на тэрыторыі помніка.

«Самае важнае, каб усё адбывалася ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, — кажа Вадзім Лакіза. — У дачыненьні да гісторыка-культурнай каштоўнасьці існуе Кодэкс аб культуры Рэспублікі Беларусь. І ўсе арганізацыі павінны яго выконваць. Не павінна быць іначай. У Міністэрстве культуры ёсьць упраўленьне культурнай спадчыны, якое рэгулюе гэтыя пытаньні. У тым ліку пытаньні ўзгадненьня работ на тэрыторыі помніка гісторыі і культуры. Не ў маёй кампэтэнцыі камэнтаваць, ці адпавядае заканадаўству добраўпарадкаваньне могілак, ці ўзгаднялася яно зь Міністэрствам культуры і якім чынам. Арганізацыя, якая праводзіць добраўпарадкаваньне, ня можа рабіць тое, што ня ўзгоднена. Спрэчныя пытаньні таксама разглядае Беларуская рэспублiканская навукова-метадычная рада ў пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь».

«Могуць выкарыстоўвацца сучасныя падыходы»

Як кажа намесьнік кіраўніка Інстытуту гісторыі, у самім факце добраўпарадкаваньня Вайсковых могілак няма нічога дрэннага. Аб’екты са сьпісу помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны таксама трэба даглядаць і трымаць у адпаведным стане.

«Безумоўна, надмагільлі, надмагільныя камяні, мэталічныя ці чугунныя агароджы, якія ўваходзяць у гісторыка-культурную каштоўнасьць і нясуць на сабе гістарычную інфармацыю, каштоўную інфармацыю пра той час, павінны быць максымальна захаваныя, — гаворыць Вадзім Лакіза. — Як гісторык, як археоляг я разумею важнасьць гэтага. Але калі гэта складана зрабіць, немагчыма, то могуць выкарыстоўвацца іншыя, больш сучасныя падыходы. Магчыма, нават у такім аднатыпным варыянце. Але ён усё адно павінен узгадняцца».

Вадзім Лакіза падкрэсьлівае, што Інстытут гісторыі ня мае кампэтэнцыі для ўмяшаньня ў сытуацыю з добраўпарадкаваньнем Вайсковых могілак.

«Гэта ня наша кампэтэнцыя, — кажа Лакіза. — Як Інстытут гісторыі мы можам толькі выказаць сваё меркаваньне. Мы займаемся археалягічнымі дасьледаваньнямі. Тут, наколькі я бачу, археалягічныя дасьледаваньні не патрэбныя. Земляныя работы не праводзяцца. Акадэмія навук узгадняе праектную дакумэнтацыю на аб’ектах археалёгіі. Інстытут гісторыі выдае заключэньне аб наяўнасьці альбо адсутнасьці на тэрыторыі земляных, мэліярацыйных і іншых відаў работ археалягічных помнікаў. Паколькі Вайсковыя могілкі — гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць, то ў цэлым за іх адказвае Міністэрства культуры і, безумоўна, уласнік. Разам з тым, калі размова будзе весьціся пра пахаванні, старажытнейшыя за 120 гадоў, тут без археолягаў інстытуту не абысьціся. Мяркую, што такі запіс павінен быць і ў праектнай дакумэнтацыі».

«Мы ня можам сачыць за добраўпарадкаваньнем»

Гісторык прызнаецца, што ня быў на Вайсковых могілках пасьля пачатку іх добраўпарадкаваньня. Абяцае наведаць іх неўзабаве. Рада маладых навукоўцаў, які існуе пры Інстытуце гісторыі, штогод наведвае Вайсковыя могілкі, каб прывесьці ў парадак магілу першага кіраўніка Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага. Паводле Лакізы, Інстытут гісторыі НАН гатовы ацаніць гістарычную значнасьць пахаваньняў на Вайсковых могілках. Аднак для гэтага неабходны афіцыйны зварот.

«Калі будзе нейкі зварот у наш адрас з боку Менгарвыканкаму альбо юрыдычнай асобы даць ацэнку значнасьці аб’екта, то мы можам гэта зрабіць, — кажа Лакіза. — Запыты аб мэтазгоднасьці таго альбо іншага аб’екта прыходзяць даволі часта. Мы можам правесьці нейкія археалягічныя альбо архіўныя дасьледаваньні перад пачаткам добраўпарадкаваньня. Але як яно праходзіць, мы, на жаль, ужо ня можам сачыць. У нас на гэта проста ня хопіць супрацоўнікаў».

Так выглядае добраўпарадкаваньне магіл
Так выглядае добраўпарадкаваньне магіл

«Трэба шукаць варыянт, які задаволіць усіх»

Пасьля размовы са Свабодай Вадзім Лакіза наведаў Вайсковыя могілкі і даслаў у рэдакцыю свой дадатковы камэнтар.

«Адразу пасьля інтэрвію я разам яшчэ з адным прадстаўніком інстытуту (каб мець розныя меркаваньні), пабываў на Вайсковых могілках. Лепш адзін раз пабачыць, чым... Удалося пагаварыць з прадстаўніком дырэкцыі могілак, які расказаў пра сваё бачаньне правядзеньня добраўпарадкаваньня, паказаў, што зроблена, чаму, і што яшчэ наперадзе, а таксама з адной з кіраўнікоў грамадзкага аб’яднаньня „Гісторыка“, якая расказала і пра асаблівасьці фарбы на помніках, неабходнасьці захаваньня ранейшых крыжоў, агароджаў, гістарычных надпісаў. Ведаеце, у шэрагу пытаньняў рацыю маюць абодва бакі.

Што рабіць далей? Суб’ектыўныя ацэнкі добраўпарадкаваньня застануцца і будуць заўсёды. Мы людзі. Але ў гэтым выпадку неабходна знайсьці такі варыянт, які будзе задавальняць ня толькі большасьць жыхароў Менску і шматлікіх турыстаў, якія прыяжджаюць у нашу краіну і яе сталіцу, а таксама адпавядаць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці і сучаснаму пэрыяду XXI ст.»

Што важна ведаць

У канцы чэрвеня ўлады паабяцалі прыпыніць добраўпарадкаваньне Вайсковых могілак. Актывісты сьцьвярджалі, што «добраўпарадкаваньне нагадвае знос», і заклікалі да абароны могілак. Рабочыя ў час «рэканструкцыі» ставілі аднолькавыя сучасныя надгалоўнікі замест унікальных надмагільляў. Выявілася, што рэканструкцыя Вайсковых могілак вялася без праекту і з парушэньнямі ўмоваў Мінкульту.

Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Менску — адзін з самых старых нэкропаляў беларускай сталіцы, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асьвячэньне іх адбылося ў 1895 годзе.

Пахаваньне Ўсевалада Ігнатоўскага на Вайсковых могілках у Менску
Пахаваньне Ўсевалада Ігнатоўскага на Вайсковых могілках у Менску

Тут пахаваныя літаратары Якуб Колас, Янка Купала і Кузьма Чорны, гісторык Усевалад Ігнатоўскі, аўтар слоў дзяржаўнага гімна БССР Міхась Клімковіч, кампазытар Нестар Сакалоўскі, амэрыканская місіянэрка Рут Ўолер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG