Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя склала пратакол за разбурэньне магілы на менскіх Вайсковых могілках 


Вайсковыя могілкі ў Менску пасьля ўмяшаньня спэцкамбінату
Вайсковыя могілкі ў Менску пасьля ўмяшаньня спэцкамбінату

Мянчук Зьміцер Юркевіч, які зьяўляецца валянтэрам на добраўпарадкаваньні Вайсковых могілак у Менску, падзяліўся чарговым фактам «вандалізму» камунальных службаў, якія робяць тут рэканструкцыю.

Паводле Юркевіча, да валянтэраў зьвярнулася пэнсыянэрка Яўгенія Дудзіна (Басава), якая перажыла вайну ў Менску. Як выявілася, супрацоўнікі спэцкамбінату ў працэсе «добраўпарадкаваньня» зьнішчылі магілу яе сястры.

На магіле, дзе бэтонны кветнік ставілі яшчэ яе бацькі (дзяўчынка памерла ў 1935 годзе), быў крыжык. Дудзіна расказала, што і кветнік, і крыжык былі ў выдатным стане, месяц таму наноў пафарбаваныя. Ніякага папярэджаньня, пра якое звычайна кажуць супрацоўнікі спэцкамбінату, не было — хоць зьвесткі пра пахаваную і яе сваякоў занесеныя ў базу могілак, зьвязацца з Дудзінымі маглі.

Надгалоўнікі замест магілаў
Надгалоўнікі замест магілаў

«Роспач старэнькай жанчыны словамі не перадаць, — адзначае Зьміцер Юркевіч. — Неяк супакоілі, каб ня здарыўся прыступ. Потым прыйшла яе дачка, выклікалі міліцыю. Нават малады хлопец-лейтэнант, опэр у крымінальных справах, быў шакаваны выпадкам. Ён прыняў заяву, склаў пратакол».

Паводле Зьмітра Юркевіча, неўзабаве выпадкова знайшоўся «надгалоўнік», які цішком вырабілі для магілы сястры Яўгеніі Дудзінай — за 6 мэтраў ад былой магілы. «Яшчэ адзін цьвік у будучую труну таго, хто рабіў інвэнтарызацыю», — падсумаваў валянтэр.

Інстытут гісторыі пра Вайсковыя могілкі: «Надмагільлі з гістарычнай інфармацыяй павінны быць захаваныя»

Як пісала Свабода, спэцкамбінат КБА ініцыяваў маштабнае добраўпарадкаваньне менскіх Вайсковых могілак: зьнесеныя дзясяткі ўнікальных агароджаў, іх месца занялі 300 танных надгалоўнікаў.

5 ліпеня падчас паседжаньня з удзелам прадстаўнікоў спэцкамбінату, царквы Аляксандра Неўскага, разьмешчанай на Вайсковых могілках, чальцоў грамадзкай назіральнай камісіі ў ахове помнікаў пры Міністэрстве культуры высьветлілася, што праекту добраўпарадкаваньня сталічнага нэкропалю не было, а ў Міністэрства культуры праінфармаванае толькі пра інвэнтарызацыю могілак. Ведамства дало дазвол на выкананьне навукова-дасьледчых і праектных работ.

Пасьля гэтага маштабнае добраўпарадкаваньне было прыпынена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG