На сустрэчы з намесьніцай старшыні Савету Рэспублікі Мар’янай Шчоткінай Аляксандар Лукашэнка выказаў сваё бачаньне таго, што такое грамадзянская супольнасьць.
«Мы выразна вызначылі, што такое грамадзянская супольнасьць у Беларусі: гэта ня тое, што тры апазыцыянэры, два чыноўнікі і яшчэ нейкія арганізацыі, — казаў Аляксандар Лукашэнка, не ўдакладніўшы, хто такія «мы». — Грамадзянская супольнасьць — гэта грамадзяне. А грамадзяне нашай краіны ў сваёй большасьці — гэта і вэтэраны, і моладзь, якую прадстаўляюць нашыя, як я іх называю, камсамольцы — БРСМ, гэта прафсаюзы і жаночая арганізацыя».
Тэму грамадзянскай супольнасьці Лукашэнка закрануў у кантэксьце Мэтаў устойлівага разьвіцьця, прынятых Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. Сама ААН вызначае грамадзянскую супольнасьць як «трэці сэктар» поруч зь дзяржавай і бізнэсам.
Тым часам БРСМ — праўладная арганізацыя, якая фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту. Беларускі саюз жанчын, які ўзначальвае Мар’яна Шчоткіна, толькі фармальна незалежны, а фактычна праўладны. Незалежным прафсаюзам у Беларусі пастаянна чыняцца перашкоды (большасьць сталіся дзяржаўнымі, і нават паводле сумнеўнай дзяржаўнай статыстыкі ім давярае толькі палова). Вэтэранаў чаго меў на ўвазе Лукашэнка, не ўдакладняецца, але найчасьцей ён кажа пра вэтэранаў Другой усясьветнай вайны, якіх у Беларусі засталося каля 9 тысяч, наймаладзейшаму далёка за 80.