Ася і Даніл
Ася, 17 гадоў. Усё жыцьцё жыве ў Маскве. Дзед па маці быў з Рэчыцы, бацька расеец. У дзяцінстве Ася бывала ў дзеда. Цяпер кожнае лета езьдзіць у Беларусь самастойна. Раз на год прыяжджае ў Менск, дзе знайшла сяброў. Колькі сябе памятае, нешта чытала па-беларуску. Крыху размаўляць пачала ў дванаццаць. У сям’і беларускай мовы не ўжываюць. Бацька праграміст, маці шые і займаецца хатняй гаспадаркай. Акрамя Асі, у сям’і яшчэ чацьвёра дзяцей.
«Ня памятаю, што я першае па-беларуску прачытала, — прызнаецца Ася. — Нешта там чытала, музыкі шмат слухала. Сябры зьявіліся таксама тут, у Менску. Мы зь імі перапісваліся, размаўлялі. Я не заўсёды магу прыехаць, таму ўсё праз інтэрнэт. Але калі прыяжджаю, то мы толькі па-беларуску гаворым. У менскіх крамах, праўда, я не гавару яшчэ па-беларуску. Так прывыкла, мабыць».
Даніл, 18 гадоў. Нарадзіўся і вырас у Мурманску. Беларусам быў дзед, але ён памёр, калі Даня быў зусім малым. Напачатку зацікавіўся польскай мовай, пазьней увогуле славянскімі, але воляй лёсу стаў карэістам. Бацька вайсковец, маці хатняя гаспадыня. Беларускай мовы бацькі ня ведаюць, у Беларусь ня езьдзяць.
«Чытаў нешта па-беларуску, гледзячы ў слоўнік, — кажа Даніла. — У нас у Мурманску беларускай мовы няшмат, зразумела. Бабуля расказвала, што дзеда паслалі туды працаваць, і ён часам раніцай, калі прачынаўся, па-беларуску пачынаў гаварыць аўтаматычна. Дзед працаваў на суднабудаўнічым заводзе, там жа і з маёй будучай бабуляй пазнаёміўся. Яна не разумела па-беларуску. Калі дзед браў бабулю з сабой на радзіму (а ён з-пад Баранавічаў), то яна шмат чаго не магла зразумець. Але некалькі словаў запомніла. Потым мне расказвала, як дні тыдня па-беларуску правільна, як называецца садавіна, гародніна».
Каханьне
Ася і Даніл пазнаёміліся год таму на агульнарасейскай гістарычнай алімпіядзе, куды прыехалі як удзельнікі і сталі пераможцамі.
«Мы спачатку па-расейску паміж сабой гаварылі, — расказвае Ася. — Але я потым вываліла ўсё пра свае цікавасьці. У тым ліку да Беларусі і беларускай мовы».
Пазнаёміліся, разьехаліся кожны ў свой горад, сталі перапісвацца. І пачалося.
«Ася ўмее, і мне таксама захацелася, — кажа Даніл. — Праз два тыдні пайшоў у Мурманску ў краму шукаць падручнік беларускай мовы. Знайшоў! Нейкае выдавецтва, якое спэцыялізуецца на мовах. Дакладна ня памятаю, як называецца. Я гэты падручнік потым у Беларусі ў краме бачыў, вялізны такі. У Мурманску нават некалькі розных падручнікаў знайшлося. Размоўнікі ёсьць, але размоўнік гэта ўсё ж не падручнік. З іншымі кнігамі цяжэй. Толькі ў абласной навуковай знайшоў кнігу па-беларуску. Караткевіч, „Паром на бурнай рацэ“. Некалькі аповесьцяў, старонак на 30-40 кожная».
Хлопец прызнаецца, што спачатку было не зусім проста, але потым справа наладзілася. «Падпісаўся ў сацсетках на Радыё Свабода, яшчэ некалькі паблікаў знайшоў, — кажа Даніл. — Каб нешта можна было чытаць, адсочваць. Цяпер вось прыехалі, кніг накуплялі».
Загаварыў па-беларуску мурманскі хлопец Даніл праз два месяцы пасьля паходу ў краму па падручнік. Прызнаецца, што падчас першых перапісак з Асяй доўга набіраў паведамленьні, часта глядзеў у слоўнік. «Мы ў траўні пазнаёміліся, а ўжо ў жніўні я больш-менш па-беларуску мог перапісвацца, — расказвае Даніл. — Ужо атрымлівалася».
«Хутка ён навучыўся, вельмі хутка, — кажа Ася. — Спачатку я яму па-беларуску пісала, а ён па-расейску адказваў. Нармальна было, разумеліся. Потым Даня пачаў пакрысе па-беларуску спрабаваць. Вядома, былі нейкія памылкі, але да канца лета навучыўся. Падручнік жа не галоўнае».
Сёньня Даніла і Ася абое жывуць у Маскве, вучацца ў ВНУ. Ася — у Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце на гістфаку, Даніла — у Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносінаў (МГИМО), вывучае карэйскую мову. Між сабой яны размаўляюць па-беларуску. Таксама маюць яшчэ аднаго беларускамоўнага сябра, чый шлях да мовы пачаўся з каталіцкага малітоўніка.
«Цікавы чалавек, — кажа Ася. — Таксама зь беларускімі каранямі, але ніхто ў сям’і не размаўляе, таму ён вось так самастойна вывучыў. Нічога, акрамя беларускамоўнага малітоўніка, у яго пад рукой не знайшлося».
У Маскве знайсьці беларускамоўных няпроста. Пара прыгадвае, як 25 сакавіка прыйшлі на сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР і сустрэлі там людзей сталага веку, кожны зь якіх размаўляў на сваім уласным варыянце беларускай мовы.
«У Менску, дарэчы, мы таксама беларускую ня так часта чуем, — гавораць Ася і Даніла. — Зь сябрамі збольшага па-беларуску можна пагаварыць. Яшчэ мы нядаўна бачылі, як нехта ў мэтро па-беларуску чытаў. І ў Цэнтральным (унівэрсам у Менску. — РС) яшчэ чулі».
«Гэта лухта, што беларускай мовы не існуе і яна толькі дыялект расейскай, — кажа Ася. — Але людзі, якія так лічаць, будуць заўсёды. Калі па-беларуску да некага ў Маскве зьвярнуцца, ён не зразумее. Мне здаецца, што людзей, якія лічаць беларускую мову дыялектам расейскай, у Беларусі больш, чым у самой Расеі. Самае сумнае, што людзі на гэта паддаюцца, у гэта вераць і не спрабуюць даведацца нешта пра сваю культуру. Мы вось прыяжджаем да гэтай культуры з Масквы, а ў людзей яна тут».
Як вывучыць беларускую за два месяцы. Тры парады
1. Чытаць
«Трэба пачаць чытаць. Кнігі, артыкулы. Гэта калі ты баісься, табе не хапае словаў, каб размаўляць па-беларуску. Чытаць жа заўсёды можаш. Зразумееш усё альбо амаль усё. Калі нечага не зразумееш, то даведайся, што гэта значыць».
2. Слухаць
«Слухайце нешта па-беларуску. Музыку, іншае. Гэта крыху складаней, але можна даць рады. Асабліва, калі ты вырас у беларускім асяродзьдзі. У галаве ўсё само змантуецца. Гэта як фільмы на замежнай мове з субтытрамі».
3. Не баяцца
«Самае галоўнае. Мы з Расеі прыяжджаем і чуем тут, у Менску, што вы давайце па-беларуску з намі, а мы будзем па-расейску. Бо я баюся, я ня ўмею. Але мы ж не баімся, хоць мы з Расеі. Мабыць, вы ўсе ў нас нейкі акцэнт чуеце, нейкія словы ня так мы гаворым. Але навошта баяцца? Калі пачнеш гаварыць, памылак будзе ўсё менш і менш. У такой моўнай сытуацыі, якая ёсьць, нават ня вельмі дасканала гаварыць лепш, чым гаварыць па-расейску. Беларускамоўныя ацэняць. Таму ня трэба баяцца. Гэта, дарэчы, усіх моваў датычыць».