Чэмпіянат сьвету па футболе ў Расеі ўступіў у вырашальную стадыю плэй-оф — з кожным матчам застаецца ўсё меней прэтэндэнтаў на карону. Пакуль супернікі высьвятляюць адносіны на полі, пацікавімся: як выглядае гульня мільёнаў з камэнтатарскай кабіны?
42-гадовы Павал Баранаў ужо працяглы час у ліку знакавых вядоўцаў спартыўных эфіраў Беларускага тэлебачаньня. Больш за паўтара дзясятка гадоў ён камэнтуе спаборніцтвы сусьветнага і эўрапейскага ўзроўню, Алімпійскія гульні, футбольныя эўракубкі. Да таго ж ён адзін зь нямногіх, хто вядзе рэпартажы па-беларуску. Апроч яго, здараецца, згадвае былое Ўладзімер Навіцкі ды экспэрымэнтуе прадстаўнік маладзейшай генэрацыі Зьміцер Герчыкаў.
Як прыйшоў у прафэсію і які мундыяль стаў першым у ягонай карʼеры, Павал расказаў карэспандэнту Радыё Свабода.
«Няшмат у сьвеце камэнтатараў, якія ў 26 гадоў дэбютавалі з мундыялю»
— Павал, каторы па ліку для цябе сёлетні футбольны чэмпіянат сьвету як для тэлекамэнтатара?
— Калі лічыць з 2002 году, то ўжо пяты. Насамрэч унікальная зьява: ня так шмат у сьвеце камэнтатараў, якія дэбютавалі ў эфіры з мундыялю! Тым больш у 26 гадоў, як мне тады. Так, паспрыялі пэўныя абставіны: да самага пачатку не было пэўнасьці, што той чэмпіянат наогул будзем паказваць. Пакуль вялі перамовы з праваўладальнікамі, уключыліся ў працу толькі з апошняга туру групавога этапу. Вось нас, літаральна пару чалавек, і кінулі як кацянятаў у ваду. Шчыра скажу: для пачаткоўца і адразу на такім узроўні — суцэльнае выпрабаваньне.
— Выглядае, што ў тагачаснага кіраўніцтва не было і асаблівага выбару — адной з умоваў арганізатараў было камэнтаваньне на роднай мове краіны, на якую ідзе трансьляцыя.
— Менавіта так. Дый увогуле з практыкай было туга. Не існавала спартовага каналу «Беларусь 5» (чаму і трансьляцыя мундыялю ў поўным абʼёме падавалася маларэальнай), а 2–3 рэпартажы за паўгода, калі ў адборачных цыклях выступала зборная Беларусі, — занадта мала, каб заставацца ў тонусе. І тут адразу ў бой. Наогул гэта сыстэмная хіба з папраўкай на час: ні няма, як цяпер, у каго пераняць вопыт, ні нармальнага інтэрнэту, ні якаснай тэхнікі. Даводзілася камэнтаваць па чатыры матчы на дзень! Нават зь цяперашнім досьведам гэта сурʼёзная нагрузка, а пра той час нават не кажу. Неяк далі рады, паказалі.
— Хацелася б адчуць антураж цяперашняга футбольнага сьвята непасрэдна на стадыёне? У пераважнай большасьці ўсё ж даводзіцца сачыць за карцінкай зь менскай студыі.
— Аляксандар Цьвячкоўскі і Сяргей Мацкевіч адпрацавалі матч адкрыцьця ў Маскве, а потым і яшчэ некалькі цікавых гульняў. Так што беларуская камэнтатарская прысутнасьць сёлета акрэсьленая. І, спадзяюся, яшчэ будзе. Заплянавана, што мы з Арташэсам Антанянам паедзем спачатку на матч за трэцяе месца ў Санкт-Пецярбург, а потым на фінал у Маскву. Наогул магу сказаць, што са зьяўленьнем у складзе Белтэлерадыёкампаніі спартыўнага каналу «Беларусь 5» кожная сурʼёзная міжнародная падзея — і чэмпіянаты сьвету, і першынствы Эўропы, і Алімпійскія гульні — у абʼёме паказаў, у тэхнічнай якасьці трансьляцыі з году ў году толькі прагрэсуе. Сёлетні мундыяль не выключэньне.
«Берасьцейскае „Дынама“ хайпанула на Марадону, а зможа яшчэ больш»
— Зразумела, што вядоўца падчас рэпартажу мусіць заставацца неангажаваным. Тым ня меней асабістых сымпатый па-за працай ніхто не адмяняў. Хто яны, улюбёнцы Паўла Баранава?
— Калі казаць пра сымпатыі на ўзроўні заўзеньня, то такога няма. Аднак я зь вялікай цікавасьцю сачу перадусім за тымі гульцамі, зь якімі правёў столькі сэзонаў падчас рэпартажаў з эўракубкаў і ангельскай прэмʼер-лігі. Гэты апошні чэмпіянат накіраваў у Расею шмат яскравых легіянэраў — у адной зборнай Бэльгіі колькі чэмпіёнаў Англіі! Так што зь цікавасьцю назіраў за двума прадстаўнікамі квартэту групы G — камандамі Англіі і Бэльгіі. Мне ня ўсё роўна, што зь імі будзе далей, як будуць разгортвацца падзеі. Бадай, вось гэтыя дзьве зборныя ў прыцэле маёй увагі ў першую чаргу.
— Вельмі доўга футбольныя функцыянэры супраціўляліся тэхнічнаму прагрэсу, але ўсё ж наважыліся на экспэрымэнт зь відэапаўторамі спрэчных момантаў. Як ноў-хаў, вітаеш?
— Адназначна вітаю, бо гэта ўжо паўплывала на многія вынікі, прычым у справядлівы бок. Хоць і была пара-тройка эпізодаў, калі сыстэма не спрацавала, па-ранейшаму меў месца чалавечы фактар. Але з гледзішча таго, што стала болей праўды і меней субʼектывізму судзьдзяў (як і магчымасьцяў меркаваць — а што было б, каб...) — гэта рэальна працуе. Сёлетні мундыяль вылучаецца вялікай колькасьцю выніковых стандартаў, і тыя ж пэнальці — у немалой ступені наступствы рашэньняў, прынятых пасьля відэапрагляду. Адпаведна, у шэрагу выпадкаў гэта адбівалася на лічбах на табло. Адрозна ад некаторых, не лічу, што навацыі зацягваюць матч. Год таму сыстэму адпрацавалі на Кубку канфэдэрацый, і, як падаецца, знойдзены ўдалы балянс. Мяркую, на турнірах ФІФА яна будзе запатрабаваная і надалей.
— З улікам пабачанага за прамінулы час з камэнтатарскай кабіны — ці моцна мяняецца футбол?
— Кожны такі турнір — самастойная зьява. Я асэнсавана пачаў глядзець чэмпіянаты сьвету ад 1986 году, вельмі яскравае ўражаньне пакінуў мундыяль-1994. Кожны раз свае зоркі, супэркаманды. Сёньня шмат размоваў вакол Марадоны, найперш празь яго паводзіны. А хто ён па-за трыбунай як гулец — трэба было бачыць першынствы ў Мэксыцы і Італіі, калі ён фактычна ў адзіночку дацягнуў Аргентыну да фіналаў... Думаю, нельга ставіць у адзін шэраг розныя пакаленьні футбалістаў. І мундыялі трэба разглядаць аўтаномна, кожны як самадастатковую рэч у сабе. Параўноўваць, які лепшы, больш адметны, — бессэнсоўна.
Тэлевізійны паказ — так, пытаньняў няма. З кожным разам карцінка ўсё больш дасканалая, проста рэвалюцыйныя рэчы.
— Дарэчы, пра Дыега Марадону ў новай іпастасі — старшыні праўленьня берасьцейскага «Дынама». Ягоная скандальнасьць дадасьць цікавасьці нацыянальнаму чэмпіянату?
— Што тычыцца фігуры Марадоны ў Беларусі, дык трэба дачакацца ягонага прыезду сюды. Нават калі ён ня будзе нічога рабіць у Берасьці, а проста фізычна там знаходзіцца, гэта ўжо адметна. Хай сабе ня мае плянаў жыць пастаянна, толькі эпізадычнымі наездамі — самае цікавае ў любым выпадку будзе круціцца вакол ягонай эпатажнай асобы. Усяго астатняга — так званага «хайпу», міжнароднай папулярызацыі клюбу празь легенду футболу — берасьцейскае «Дынама» ўжо дасягнула.
«Калі адштурхоўвацца ад вынікаў, погляд на беларускі футбол скептычны»
— Ну і пытаньне, якое не дае спакою беларускім заўзятарам: зборнай Беларусі пры нейкім раскладзе ўдасца наблізіцца да годнага ўзроўню?
— А чаму не? Па-першае, магчыма, нейкім дзікім чынам пашанцуе. Па-другое, колькасьць удзельнікаў топ-турніраў увесь час пашыраецца — у 2026 годзе ў Паўночнай Амэрыцы будзе гуляць ужо 48 камандаў (некалі было 24, цяпер 32). Па-трэцяе, ніхто не меркаваў, што ў нас будзе алімпійская зборная на гульнях у Лёндане. На постсавецкай прасторы, нават у той жа Расеі, падобнага ні разу не было. А беларусы — калі ласка, у 2012-м зьявілася магчымасьць заўзець за сваіх. Хто ведае, як будуць складацца падзеі — ніколі не кажы «ніколі».
Пакуль, вядома, ёсьць нюансы. Агульны погляд на наш футбол вельмі скептычны — зноў жа, досыць апраўдана, калі адштурхоўвацца ад вынікаў. Але, як мне падаецца, пад уплывам эмоцый крытычны градус бывае замоцны. Трэба спадзявацца і захоўваць аптымізм.
— Маеш на ўвазе яшчэ адзін пралаз для лузэраў — новы адборачны турнір пад назвай «Ліга нацый»? Нагадаю, стартуе ўжо ўвосень.
— Казаць пра гэта, відаць, зарана, бо ў нашым выпадку нешта прагназаваць — справа зусім няўдзячная. Ну вось, напрыклад, згулялі матч са зборнай Славеніі — нічога не скажу, здорава атрымалася, выйгралі. Пры тым, што славенцы не такая ўжо і слабая каманда. А ў той жа Лізе нацый выйдуць і зноў прайграюць Люксэмбургу. Таму лёгікі няма ніякай, поўная непрадказальнасьць. А за іх з камэнтатарскай кабіны гуляць ня будзеш, правільна? Усё ў руках (нагах) трэнэра і гульцоў.
— Павал, ты адзін з рэдкіх спартовых камэнтатараў БТ, хто ў сваіх рэпартажах карыстаецца беларускай мовай. Адкуль такая прынцыповая пазыцыя — падабаецца найперш самому?
— На 100%: я працую на беларускай мове, таму што мне гэта падабаецца. У першую чаргу. Па-другое, прыносіць задавальненьне, адчуваю, што гэта важная рэч. Хто б што ні казаў, я ўпэўнены: добрая частка заўзятараў чакае беларускамоўнага рэпартажу. А паколькі мы працуем перадусім для гледачоў, гэта натхняе. Прынамсі, спыняцца не зьбіраюся.
Магу сказаць, што сёньня стаўленьне аўдыторыі нашмат больш спрыяльнае, чым яшчэ дзясятак гадоў таму, асабліва з боку моладзі. І гэта здорава! Хоць, зь іншага боку, узмацняецца і адваротная хваля — усё гучней асобныя людзі падаюць голас зьнявагі ў дачыненьні да беларускай мовы. Ну што ж? Гэта працэс, адносна якога ніхто і ня цешыўся ілюзіямі, што будзе проста.
«Хай акадэмікі вырашаць, ці называць вароты брамай, а мяч шпурляком»
— Так разумею, у дзяцінстве, юнацтве атачэньне вакол было расейскамоўнае. Як заявіла пра сябе «беларускае нутро»?
— Так, пераважна расейскамоўнае. Першыя «прышчэпкі» беларускасьці ў малых дозах я атрымаў яшчэ ў старэйшых клясах школы. А ўжо ў асноўным свой сьветапогляд сфармаваў на журфаку БДУ. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала з выкладчыкамі — што беларускай мовы і літаратуры, што гісторыі Беларусі. І цяпер адмовіцца ад тых поглядаў — гэта значыць плюнуць у самога сябе, юнага Паўла Баранава ўзору 1990-х. Я сабе гэтага дазволіць не магу.
— То бок, калі ёсьць жаданьне, засвоіць мову можа кожны?
— Прынамсі гэта не праблема. Вучаць жа ангельскую, францускую, нават кітайскую — і не пярэчаць! А тут гаворка пра родную мову! Нічога складанага, была б ахвота і разуменьне, дзеля чаго гэта патрэбна. На жаль, у некаторых і блізка няма такога жаданьня, для іх мова як гіры на нагах. Маўляў, навошта ўскладняць жыцьцё? Лягчэй на расейскай, пад якую ўсё прыстасавана.
Згодны, што для многіх мова — трэнд, хваля, якая можа вынесьці на паверхню. То бок недзе засьвяціцца за кошт мовы. Нібыта нармальныя праекты, а зірнеш уважлівей — папса папсой. Усё тое ж моднае сёньня слоўца — «хайп».
— Звыклая адгаворка камэнтатараў, якія не бяруцца весьці рэпартажы па-беларуску, — адсутнасьць адзінага ўзору спартыўнай лексыкі. А хто замінае стварыць слоўнік? Тым больш прыклады ёсьць — былы культурыст і моўны руплівец Мікола Касьцюкевіч адаптаваў на беларускую мову хакейную лексыку.
— Мы пра гэта гаварылі яшчэ на майстар-клясе падчас Эўра-2016. Быў запрошаны Павал Латушка — экс-міністар культуры, цяпер амбасадар у Францыі. Ён паабяцаў: няма пытаньняў, на добрую справу грошы знойдзем. Асабіста я толькі «за», давайце нешта рабіць, можа зьявіцца стымул і ў іншых калегаў. Але, падкрэсьлю, гэтым мусяць займацца прафэсіяналы. Ня проста я, ты ці аматар з Гомля, а экспэрты з мовазнаўчых інстытутаў. Хай рыхтуюць базу, перадаюць далей па інстанцыях — і акадэмікі прымаюць канчатковае рашэньне. Напрыклад, вароты — гэта брама. Подпіс, пячатка, пад рэдакцыяй такога і такога сьвяцілы. Вось тады будзе моўны арыенцір. Разгортваем слоўнік — усё ясна, спрэчкі скончыліся.
Бо калі мы яшчэ працавалі зь нябожчыкам Ігарам Каляньковым, ён знайшоў, што да рэвалюцыі мяч называўся шпурляком. Ну, і падчас рэпартажу «пашпурлялі». Лішне казаць, ці хто зразумеў...
— Як у адсутнасьць моўных стандартаў ты фармаваў уласную лексычную базу?
— Ну як фармаваў? Праца, навык. Колькі ўжо сэзонаў перакладаю відэачасопіс Лігі чэмпіёнаў, вяду рэпартажы нашага першынства. Дзеля справядлівасьці, навык губляецца вельмі хутка, калі не практыкавацца. Як толькі перастаеш працаваць па-беларуску і на нейкі час трапляеш у суцэльна расейскамоўнае асяродзьдзе, узьнікаюць праблемы — гэта тычыцца любога майстра, нават супэрпрафэсіянала. Ці ў роўнай ступені наадварот.
У свой час я прыехаў у Эстонію, там была беларускамоўная суполка. Шчыра кажучы, таксама празь пень-гарох, але людзі стараліся, хвала ім і пашана. Прачнуўшыся на другі-трэці дзень, зразумеў, што ў мяне ўсе думкі на мове, як кажуць, аўтаматам. Зноў жа, не магу сказаць, што добра ведаю ангельскую. Тым ня меней прыяжджаеш у ЗША ці некуды яшчэ — і пачынаеш уцягвацца, падтрымліваць размову. Тое самае і ў нашым выпадку — навык.
Павал Баранаў нарадзіўся ў 1976 годзе ў Менску. Займаўся плаваньнем, веславаньнем, хакеем, футболам, боксам, дзюдо. Актыўны лад жыцьця ня стаў трамплінам для прафэсійнага спорту, але прывёў у спартыўную журналістыку. Пасьля журфаку БДУ трапіў на Беларускае тэлебачаньне. Спачатку працаваў у аддзеле падрыхтоўкі публіцыстычных праграмаў, а пры канцы 1990-х правёў свой першы футбольны рэпартаж. Камэнтатарскі стаж — больш за 15 гадоў, спэцыялізуецца на футболе і адзінаборствах. Аўтар і вядоўца тэлепраекту пра сілавыя віды спорту «Фактар сілы» на тэлеканале «Беларусь 5». Адзін з камэнтатараў, якія карыстаюцца ў рэпартажах беларускай мовай.