На продаж выставілі маёнтак «Малыя Дольцы», які знаходзіцца ў вёсцы Новае жыцьцё Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Яго пабудавалі арыентавана ў пачатку ХІХ стагодзьдзя. Тады ён належаў сямейству Веранько, а ў пачатку ХХ стагодзьдзя — роду Сушчынскіх.
Стартавая цана на аўкцыёне складае 42 рублі, зь першым крокам таргоў у 2,10 рубля. Летась стартавая цана была 40 рублёў.
Маёнтак пабудавалі ў стылі эклектыкі. Цэнтральны фасад і вуглы будынку ўпрыгожаныя пілястрамі, а ўздоўж даху выдзелены карніз. З боку парку ёсьць цокальны паверх. Памяшканьні першага паверху былі жылымі, а на другім паверху разьмяшчаўся летні пакой.
На пачатку ў склад маёнтка ўваходзілі 5 населеных пунктаў, быў млын, карчма, хлебная крама, драўляная Сьвята-Мікалаеўская царква. У 1880 годзе ў ім было 18 падворкаў і 198 жыхароў.
У пачатку XX стагодзьдзя тут паставілі адну зь першых беларускіх п’ес — «Міхалка» (аўтар Вацлаў Іваноўскі, які пісаў пад псэўданімам Браты Далецкія) пра камэдыйную гісторыю сватаўства, калі шляхціц Язэп Карыта спрабаваў выдаць сваю 38-гадовую дачку Адэлю за наіўнага хлопца Міхалку, сьцьвярджаючы, што ёй 23 гады. Гэтая п’еса лічыцца адным з раньніх узораў беларускай нацыянальнай драматургіі пачатку XX стагодзьдзя.
Пасьля вайны ў маёнтку быў інтэрнат. Пасьля пажару будынак некалькі гадоў не выкарыстоўваўся. Быў адбудаваны ў 1976 годзе. У савецкія часы ў маёнтку разьмяшчалася кантора калгасу «Новае жыцьцё», сельскі клюб, бібліятэка, а ў падвалах дзейнічала калгасная майстэрня па вырабу збруі для каней.
Клюб і бібліятэка працягвалі дзейнічаць да 2011 году, а да 2013-га — паштовае аддзяленьне і электрасеткі. Ужо 12 гадоў будынак увогуле не выкарыстоўваецца. У 2020 годзе яго ўключылі ў сьпіс матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Згодна з умовамі аўкцыёну, пераможац пры афармленьні ўласнасьці павінен узяць ахоўныя абавязкі.
Новы ўласьнік будынку атрымае ў арэнду і зямельны ўчастак (без правядзеньня аўкцыёну і аплаты права арэнды).
Форум