Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына выдзеліла на мэмарыял ахвярам нацызму 1 мільён эўра


29 чэрвеня ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры распачалася міжнародная канфэрэнцыя «Памятаць дзеля агульнай эўрапейскай будучыні». Яна будзе доўжыцца тры дні.

У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць фэдэральны прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, замежныя дыпляматы, кіраўніца місіі Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын, сьвятары, навукоўцы-гісторыкі, сьведкі вайны.

Прэзыдэнт Нямеччыны: «Эўрапейская культура памяці — гэта ня стан, а шлях»

Прэзыдэнт Нямеччыны затрымаўся на дзьве гадзіны — у яго быў абед і сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

Франк-Вальтэр Штайнмаер выбачыўся перад прысутнымі і падзякаваў, што яго дачакаліся. Што да фармаваньня эўрапейскай культуры памяці, ён перакананы, што вельмі важна самакрытычна паглядзець, дзе мы знаходзімся. Затым прэзыдэнт Нямеччыны далучыўся да дыскусіі з маладымі гісторыкамі зь Беларусі, Нямеччыны, Расеі, Украіны пра пэрспэктывы разьвіцьця эўрапейскай культуры памяці.

«Эўрапейская культура памяці — гэта ня стан, а шлях. Наколькі ў Эўропе мы знаходзімся на шляху наперад? Эўрапейская культура памяці паміж краінамі зьявіцца толькі тады, калі будзе адкрытасьць. Я бачу рэтраградныя працэсы, якія адбываюцца, так бы мовіць, задняй датай. Я ня ўпэўнены, ці мы цяпер на шляху да эўрапейскай культуры памяці, ці ад яе? Што будзе праз 10 гадоў, я ня ведаю. Але стабільнасьць і дабрабыт будуць у нас толькі тады, калі ў нас будзе мужнасьць паглядзець у мінулае, будзе адкрытасьць», — сказаў фэдэральны прэзыдэнт Нямеччыны.

«Я рады, калі ежджу па розных краінах і бачу мэмарыялы, цэнтры памяці. Але як з эмацыйнага пункту гледжаньня зрабіць, каб мэмарыялы былі цікавыя для моладзі? Мы ў Нямеччыне павінны асэнсаваць мінулае. У Нямеччыне пад маім патранатам праводзяцца конкурсы па гісторыі. Цікава, што гэтыя конкурсы не абмяжоўваюцца сачыненьнямі, дэклямаваньнем вершаў. Ёсьць разнастайныя прылады, з дапамогай якіх можна паглядзець на гісторыю, ёсьць мабільныя аплікацыі, з дапамогай якіх можна наведваць могілкі, мэмарыялы».

Франк-Вальтэр Штайнмаер выступае на канфэрэнцыі
Франк-Вальтэр Штайнмаер выступае на канфэрэнцыі

Спадар Штайнмаер вельмі задаволены мэмарыялам у Благаўшчыне, яго ён назваў «прыстойным месцам». Паводле ягоных слоў, Лукашэнка гатовы падумаць, як выкарыстоўваць сёньняшнюю падзею, якую кіраўнік Беларусі назваў гістарычнай, як выкарыстоўваць мэмарыял. Прэзыдэнт Нямеччыны прапанаваў правесьці двухбаковую навуковую канфэрэнцыю з удзелам нямецкіх і беларускіх гісторыкаў.

Нямеччына выдзеліла на мэмарыял ахвярам нацызму 1 мільён эўра

Для таго каб рэалізаваць праект, патрэбная была дзяржаўная падтрымка, ахвяраваньні, дапамога грамадзкасьці. МЗС Нямеччыны выдзеліў 500 тысяч эўра, Народны саюз па доглядзе за вайсковымі могілкамі Нямеччыны — 200 тысяч, Фонд імя Бэтэ — 150 тысяч, нямецкія гарады таксама сабралі 150 тысяч эўра. У 2014 годзе быў закладзены першы камень.

«Мы зрабілі яшчэ адзін важны крок да замірэньня. Бязь веданьня гісторыі і традыцый немагчыма пабудаваць годную, чалавечную будучыню. Менавіта таму мы працавалі над мэмарыялам у Трасьцянцы, бо гэта была адкрытая рана. 5 гадоў таму ўзьнікла ідэя — ператварыць Трасьцянец у мэмарыял, бо для большасьці людзей гэтае месца заставалася невядомым. І цяпер Трасьцянец — агульнаэўрапейскае месца памяці», — сказаў доктар Гайке Дэрэнбэхер, прадстаўнік Народнага саюзу Нямеччыны па доглядзе за вайсковымі пахаваньнямі.

Франк-Вальтэр Штайнмаер з жонкай Эльке Бюдэнбэндэр і сьведкам вайны Куртам Марксам
Франк-Вальтэр Штайнмаер з жонкай Эльке Бюдэнбэндэр і сьведкам вайны Куртам Марксам

«Павінна быць сфармаваная агульная культура памяці. Яна павінна аб’ядноўваць нас, а не падзяляць»

Кіраўнікі Менскага і Дортмундзкага міжнародных цэнтраў Віктар Балакіраў і Пэтэр Юнге-Вэнтруп распавялі пра ўсе этапы ўвекавечваньня памяці ахвяраў Трасьцянца, пачынаючы з усталяваньня сьціплага драўлянага абэліска з чырвонай зоркай у 1994 годзе і заканчваючы адкрыцьцём цяперашняга мэмарыялу.

У Трасьцянцы адкрылі мэмарыял ахвярам нацызму. Што сказалі прэзыдэнты Аўстрыі і Нямеччыны

Аднак праект архітэктара Леаніда Левіна яшчэ не завершаны, адзначыў дырэктар Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёганэса Раў Віктар Балакіраў. Ёсьць асобныя падпраекты, якія яшчэ ня зьдзейсьненыя. І прывёў прыклад: у Леаніда Левіна была задума зрабіць «Плошчу надзеі» з сымбалічнымі чамаданамі і скульптурамі.

«Леанід Левін хацеў прадэманстраваць парадоксы вайны: на „Плошчы надзеі“ паставіць перакулены дом, перакуленае дрэва, прастрэлены абраз, пустыя чамаданы. На жаль, пакуль ня ўсё ўдалося рэалізаваць. Таксама патрэбны сучасны інфармацыйны цэнтар», — перакананы Віктар Балакіраў.

Дырэктар Дортмундзкага міжнароднага адукацыйнага цэнтру Пэтэр Юнге-Вэнтруп разважаў пра пэрспэктывы — як узмацніць давер адзін да аднаго, уцягнуць у працэс маладых людзей.

«Павінна быць захаваньне памяці ў дыялёгу, павінна быць сфармаваная агульная культура памяці. Яна павінна аб’ядноўваць нас, а не падзяляць. Трасьцянец папярэджвае нас: мы не павінны паўтарыць памылкі мінулага», — кажа спадар Юнге-Вэнтруп.

«Людзей заганялі ў крэматорый пад гукі сымфанічнага аркестру»

Курт Маркс
Курт Маркс
Навум Хейфец
Навум Хейфец

На канфэрэнцыі выступілі «сьведкі вайны» — нямецкі габрэй Курт Маркс і беларускі габрэй Навум Хейфец.

Бацькі Курта Маркса былі родам з Кёльна, яны загінулі ў Малым Трасьцянцы. А маленькага Курта ў 1939 годзе бацькам удалося пераправіць у Вялікую Брытанію. Гэта яго ўратавала.

«Памятнае месца павінна прадэманстраваць сьвету, што можа здарыцца, калі людзі трацяць розум», — кажа Курт Маркс.

Беларускі габрэй Навум Хейфец распавёў сваю гісторыю. Спачатку ён быў вязьнем менскага гета, потым яго вывезьлі ў Майданэк, адтуль — у Асьвенцім.

«Людзей пашыхтавалі ў шасьціканцовыя зоркі, робы ў іх былі жоўтага колеру, і па чарзе адпраўлялі ў газавыя камэры, спальвалі ў крэматорыі. А побач з крэматорыем граў сымфанічны аркестар, музыкі былі ў паласатых робах, і людзей спальвалі пад гукі сымфанічнай музыкі», — казаў Навум Хейфец.

Пасьля было яшчэ некалькі лягераў сьмерці, але Хейфецу ўдалося выжыць. У Менск ён вярнуўся ў 1947-м.

У суботу на канфэрэнцыі будуць выступаць прадстаўнікі гарадоў, зь якіх адбываліся дэпартацыі ў Трасьцянец, сьвятары розных канфэсій, навукоўцы, адбудзецца экскурсія ў Трасьцянец.

«Ніхто ня выжыў, ніводных уцёкаў». Адкрываецца мэмарыял у Благаўшчыне, якая была пеклам Галакосту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG