Дзярждэпартамэнт ЗША ў пятніцу пацьвердзіў выдадзеныя ў студзені рэкамэндацыі адносна паездак амэрыканскіх грамадзянаў у Расею, заклікаўшы іх быць звыш асьцярожнымі.
Парады амэрыканцам, якія зьбіраюцца наведаць Расею, апублікаваныя на сайце Дзярждэпартамэнту ЗША.
У цэлым, Расея аднесеная да трэцяй групы краінаў па ўзроўні пагрозаў — горшая сытуацыя толькі ў чацьвёртай групе, дзяржавах накшталт Сырыі або КНДР, куды ўлады ЗША ня раяць грамадзянам езьдзіць наогул.
Галоўныя пагрозы, зь якімі могуць сутыкнуцца турысты з ЗША ў Расеі — гэта тэрарызм і злоўжываньні з боку ўладаў, гаворыцца ў дакумэнце.
Дзярждэпартамэнт раіць грамадзянам ЗША адмовіцца ад паездак у Чачню і іншыя рэгіёны Паўночнага Каўказу, у тым ліку на Эльбрус, а таксама ў анэксаваны Крым.
Ведамства папярэджвае пра пагрозу тэрактаў у Расеі ў сувязі з правядзеньнем чэмпіянату сьвету па футболе. Патэнцыйна пад пагрозай — ня толькі стадыёны, але і іншыя месцы масавага збору людзей.
«Грамадзяне ЗША часта становяцца ахвярамі перасьледу, жорсткага абыходжаньня і вымагальніцтва з боку праваахоўных і іншых службовых асоб. Консульская дапамога ЗША затрыманым асобам часта неабгрунтавана затрымліваецца расейскімі службовымі асобамі», — таксама гаворыцца ў паведамленьні.