Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ва ўмовах палітычнага байкоту стартуе чэмпіянат сьвету па футболе


У Расеі 14 чэрвеня адкрываецца чэмпіянат сьвету па футболе 2018 году. Падзея будзе адбывацца на фоне найгоршага з часоў «халоднай вайны» абвастрэньня адносінаў Масквы з Захадам.

Прадстаўнікі ўладаў шэрагу краін, у прыватнасьці Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Канады, Ісьляндыі, Польшчы, Фінляндыі, абвясьцілі пра намер байкатаваць чэмпіянат у Расеі.

46 дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту падпісалі ліст, у якім заклікалі краіны Эўразьвязу да байкоту. Прычынай гэтага яны назвалі агрэсіўныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне і Сырыі, атручваньне ў брытанскім Солсбэры былога расейскага шпіёна Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі, дэзінфармацыйныя кампаніі Масквы, хакінг, умяшальніцтва ў выбары і спробы аслабіць і падзяліць Эўразьвяз.

Актывісты ва Ўкраіне і сьвеце патрабуюць ад Расеі і яе прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна вызваліць незаконна зьняволеных украінцаў, у прыватнасьці ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які ўжо месяц галадае ў расейскай калёніі. Акцыі праходзяць у розных краінах і на розных кантынэнтах пад лёзунгамі #FreeOlegSentsov і #SaveOlegSentsov.

Актывісты каля амбасады Расеі ва Ўкраіне патрабуюць ад Масквы вызваліць палітвязьняў. Кіеў, 13 чэрвеня 2018
Актывісты каля амбасады Расеі ва Ўкраіне патрабуюць ад Масквы вызваліць палітвязьняў. Кіеў, 13 чэрвеня 2018

Пры гэтым у Крамлі заявілі, што лідэры 17 краінаў і тэрыторый наведаюць цырымонію адкрыцьця чэмпіянату сьвету па футболе на маскоўскім стадыёне «Лужнікі».

Пераважна ў сьпіс увайшлі краіны Лацінскай Амэрыкі і СНД, а таксама сэпаратысцкія рэгіёны Грузіі Абхазія і Паўднёвая Асеція, самаабвешчаную незалежнасьць якіх прызнае Масква. З названага сьпісу толькі дзьве краіны — Сырыя і Панама — удзельнічаюць у спаборніцтвах чэмпіянату.

Напярэдадні чэмпіянату Маскву крытыкавалі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у прыватнасьці Human Rights Watch і Amnesty International.

Акцыя пратэсту ў Бэрліне. 12 чэрвеня 2018 году
Акцыя пратэсту ў Бэрліне. 12 чэрвеня 2018 году

Human Rights Watch у сваёй справаздачы заявіла, што чэмпіянат будзе праходзіць на фоне «найбуйнейшага крызісу з правамі чалавека ў Расеі з савецкай эры». 15 траўня арганізацыя заклікала FIFA выкарыстаць свой уплыў і паставіць перад уладамі Расеі пытаньне аб парушэньні правоў чалавека, правоў працоўных, абмежаваньняў базавых свабода, а таксама дамагацца ад Масквы вызваленьня актывістаў, асуджаных па сфабрыкаваных справах.

Матчы чэмпіянату сьвету па футболе пройдуць у 11 расейскіх гарадах: Маскве, Санкт-Пецярбургу, Самары, Саранску, Растове-на-Доне, Сочы, Казані, Калінінградзе, Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе і Екацярынбургу. Першы — паміж зборнымі Расеі і Саудаўскай Арабіі — заплянаваны на 14 чэрвеня. Фінал адбудзецца 15 ліпеня.

Колькі каштуе трапіць на самы дарагі і палітызаваны футбольны чэмпіянат сьвету ў Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG