27 лістапада 2012 году намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Мікалай Кукліс зьвярнуўся да кіраўніка Менаблвыканкаму з афіцыйным дакумэнтам, у якім будаўніцтва на 51-м кілямэтры МКАД побач з Курапатамі прызнавалася незаконным. Але будынак застаўся на месцы, і праз 5 з паловай гадоў рэстаран у ім спрабуе пачаць працу. Як так атрымалася?
«Будаўніцтва самавольнае» — што яшчэ ўсталявала Генэральная пракуратура 27 лістапада 2012 году
У прадстаўленьні пракуратуры гаворыцца, што забудоўшчык рэстарана — кампанія «Белрэстінвэст» — вядзе будоўлю, парушаючы артыкул 37 закону Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», ня мае дазволаў Міністэрства культуры на правядзеньне прац і ўзгодненай дакумэнтацыі.
Усталявана таксама, што камітэт па архітэктуры і будаўніцтве Менаблвыканкаму не выдаваў заключэньняў па эскізным і архітэктурным праекце, а ўзгадніў толькі генэральны плян будоўлі.
Генэральная пракуратура сьцьвярджае, што кантроль над будоўляй з боку адказных установаў не ажыцьцяўляўся.
Праектная дакумэнтацыя на момант выдачы прадпісаньня не зацьверджаная ў Міністэрстве культуры, бо 4 модульныя домікі і дзіцячая пляцоўка забаўляльнага комплексу знаходзяцца ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
«Такім чынам, будаўніцтва СТАА [сумесным таварыствам з абмежаванай адказнасьцю. — РС] „БелРэстІнвэст“ у ахоўнай зоне аб’екта прыдарожнага сэрвісу безь неабходнай дазвольнай дакумэнтацыі на падставе падпункту 3 ч. 1 арт. 223 Грамадзянскага кодэксу зьяўляецца самавольным», — заключае Генэральная пракуратура
«Вырашыць лёс пабудоваў» — што пракуратура прапанавала зрабіць з будоўляй
Наўпрост загаду зьнесьці будынкі рэстараннага комплексу (тады ён яшчэ называўся «Бульбаш-холам») у тэксьце прадпісаньня няма. Аднак ёсьць прапанова на адрас Камітэту па архітэктуры Менаблвыканкаму і Менскага райвыканкаму «з мэтай ліквідацыі парушэньняў даручыць Камітэту архітэктуры і будаўніцтва Менаблвыканкаму і Менскаму райвыканкаму разгледзець ва ўстаноўленым законам парадку архітэктурны праект „Будоўля аб’екта прыдарожнага сэрвісу, разьмешчанага па адрасе... Менскі раён, Бараўлянскі сельскі савет, 51-ы км МКАД“ на прадмет адпаведнасьці яго патрабаваньням заканадаўства і выдаць па ім заключэньне».
І далей па тэксьце: «Пры наяўнасьці падставаў адклікаць выдадзенае „БелРэстІнвест“ архітэктурна-пляніровачнае заданьне, пра што праінфармаваць інспэкцыю Дэпартамэнту кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Менскай вобласьці...»
Трэцяй прапановай значыцца: «У адпаведнасьці з часткай 5 артыкула 223 Грамадзянскага кодэксу вырашыць пытаньне ўзьведзеных пабудоваў». Акрамя гэтага, Генпракуратура прапаноўвае разгледзець пытаньне аб прыцягненьні да дысцыплінарнай адказнасьці галоўнага архітэктара Менскай вобласьці Валовіча А., кіраўніка ўпраўленьня культуры Менаблвыканкаму Акушэвіча А., кіраўнікоў аддзелаў архітэктуры і культуры Менскага райвыканкаму Драздова В. і Кудзіна С.
Найбольшую цікавасьць у прадпісаньні Генпракуратуры ўяўляе акурат трэці пункт з прапановай вырашыць лёс фактычна ўжо пабудаванага комплексу, які па стане на 2012 год знаходзіўся на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў.
Частка 5 артыкула 223 Грамадзянскага кодэксу, на якую спасылаецца намесьнік генпракурора Мікалай Кукліс, дазваляе працягваць незаконнае будаўніцтва толькі ў тым выпадку, калі захаваньне пабудоваў ня цягне за сабой значных парушэньняў горадабудаўнічых нормаў і правіл. Ва ўсіх іншых выпадках Кодэкс катэгарычны — альбо знос, альбо «прывядзеньне самавольнай пабудовы ў ранейшы стан».
На думку праціўнікаў адкрыцьця рэстараннага комплексу побач з Курапатамі, будаўніцтва ў ахоўнай зоне якраз і ёсьць значнае парушэньне тых самых горадабудаўнічых нормаў.
«Галоўнае, што не парушанае заканадаўства»: яго проста зьмянілі
Адказ Менаблвыканкаму ў Генэральную пракуратуру прыйшоў 5 студзеня 2013 году. У ім гаворыцца, што 27 сьнежня 2012 году прадстаўнікі Генпракуратуры, Мінкульту, Менаблвыканкаму і Менрайвыканкаму сабраліся і правялі нараду. На ёй вырашылі распрацаваць праект дэталёвага плянаваньня тэрыторыі, якая адносіцца да гісторыка-культурнай каштоўнасьці, і вызначыць дакладныя межы гісторыка-культурнай каштоўнасьці і яе ахоўных зонаў. У тым ліку зоны рэгуляваньня забудовы.
«Інвэстар, „БелРэстІнвэст“, выказаў згоду прафінансаваць праектныя працы, — кажа намесьнік кіраўніка аддзелу інфармацыі Генпракуратуры Дзьмітры Брылёў. — Было высьветлена, што меў месца факт самавольнага заняцьця зямельнага ўчастку. Юрыдычную асобу „БелРэстІнвэст“ 20 сьнежня 2012 году за гэта прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. У гэтай частцы патрабаваньне Генэральнай пракуратуры было выканана».
Пры гэтым няма дакладнай інфармацыі пра тое, ці былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці чыноўнікі, згаданыя ў прадпісаньні Генпракуратуры ад 27 лістапада 2012 году.
Прадстаўнік Генпракуратуры таксама зьвяртае ўвагу, што ў 2012 годзе асноўным было вызначэньне межаў гісторыка-культурнай каштоўнасьці і яе ахоўнай зоны.
«У 2012 годзе пракуратура запатрабавала прыняць меры па ліквідацыі парушэньняў, меры былі прынятыя. Мы разумеем, што працэс унясеньня зьмен у заканадаўства патрабуе часу. Пры тым нельга забываць, што пракуратура — гэта орган, які наглядае за выкананьнем заканадаўства. Сама яна заканадаўства, у дадзеным выпадку, не прымае. Менаблвыканкам і Мінкульт павінны былі між сабой узгадніць і вызначыць, дзе праходзяць гэтыя межы. Яны дамовіліся, вызначылі і замацавалі іх», — паінфармаваў Дзьмітры Брылёў.
Пастановай ад 1 сьнежня 2014 году Міністэрства культуры мяняе зоны аховы вакол Курапатаў так, што пабудовы забаўляльнай установы, якія раней лічыліся самавольнымі, цалкам легалізуюцца.
Дзьмітры Брылёў зьвяртае ўвагу на тое, што Грамадзянскі кодэкс у пэўных выпадках дазваляе ня зносіць незаконна пабудаваныя аб’екты.
«Калі захаваньне пабудовы ня цягне за сабой значных парушэньняў горадабудаўнічых і будаўнічых нормаў і правіл, то ня выключана, што можна працягнуць будаўніцтва, — кажа прадстаўнік Генпракуратуры. — І зарэгістраваць яе ва ўстаноўленым парадку. Гэта быў адзін з магчымых варыянтаў вырашэньня пытаньня».
У адказе на прадпісаньне Генпракуратуры аб будоўлі «Бульбаш-Хола», датаваным 5 студзеня 2013 году, не гаворыцца, на якую суму быў аштрафаваны забудоўшчык «БелРэстІнвэст». Таксама пакуль невядома, як менавіта былі пакараныя адказныя за парушэньні чыноўнікі, чые імёны названыя ў дакумэнце за подпісам намесьніка генэральнага пракурора.
Як каля месца масавых расстрэлаў зьявіўся рэстаран
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.