Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паважаючы пачуцьці і пазыцыю чытачоў»: Relax.by выдаліў артыкул пра рэстарацыю пад Курапатамі


Пікетоўцы ля варотаў забаўляльнага комплексу, дзе месьціцца рэстаран
Пікетоўцы ля варотаў забаўляльнага комплексу, дзе месьціцца рэстаран

Пасьля чытацкага абурэньня беларускі партал Relax.by выдаліў артыкул пра рэстарацыю «Поедем поедим», якая знаходзіцца за 50 мэтраў ад мэмарыялу Курапаты.

«Артыкул пра рэстаран „Поедем поедим“ быў бясплатны і, як і звычайна, нэўтральна апісваў новы рэстаран: яго інтэр’ер, кухню, асаблівасьці канцэпцыі. Мы меркавалі, што чытачы самастойна прымуць рашэньне, ці варта наведваць установу, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве сайту. — Разам з тым мы ня можам не заўважыць, што нават у такім фармаце матэрыял закрануў пачуцьці некаторых нашых чытачоў, якія палічылі недапушчальным адкрыцьцё ўстановы ў непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў, месца масавых расстрэлаў беларусаў у міжваенны пэрыяд».

У заяве адзначаецца, што Relax.by — «сайт пра рэстараны, моду, забавы, гарадзкое жыцьцё», для якога «значны палітычны і грамадзкі рэзананс не зьяўляецца рэдакцыйнай мэтай».

«Паважаючы пачуцьці і пазыцыю нашых чытачоў, мы прынялі рашэньне выдаліць матэрыял з сайту», — паведаміў Relax.by.

Антураж рэстарана
Антураж рэстарана

Супраць рэстарацыі «Поедем поедим» ад пачатку чэрвеня штодзень адбываюцца акцыі пратэсту. Супраць будоўлі на пляцоўцы, раней вядомай як «Бульбаш-хол», пратэставалі і судзіліся ўжо амаль сем гадоў. Аднак у артыкуле на сайце Relax.by ні пра блізкасьць рэстарацыі да Курапатаў, ні аб пратэстах супраць «”кабака” на костках», як гэта называюць пратэстоўцы, не было ні слова. Шэраг карыстальнікаў адзначылі рэклямны тон артыкула, адсутнасьць любой крытыкі і пазытыўную ацэначнасьць у яскравых эпітэтах.

Пад артыкулам на сайце на момант публікацыі зьявілася 150 камэнтароў, але пэўны час яны ўручную выдаляліся. Апэрацыйны дырэктар кампаніі Artox (валодае Relax.by, Dom.by, 103.by ды іншымі праектамі) Аляксандар Стэльмах у камэнтарах да паста Матолькі на Facebook абвясьціў, што выдаленыя камэнтары вяртаюць на сайт.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Што адбываецца ў рэстарацыі ля Курапатаў. ВІДЭА З ДРОНУ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:54 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG