Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы перамаглі, мы вяртаемся», — пікетоўцы не пусьцілі ў «Поедем поедим» байкераў з георгіеўскімі стужкамі. ФОТА


9 чэрвеня грамадзкія актывісты працягнулі пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим», якая знаходзіцца на 51 кілямэтры кальцавой дарогі за 50 мэтраў ад Курапатаў.

Ці нешта зьмянілася ў суботу, калі апоўдні пікетаваньне аднавілася?

Наведнікаў цягам дня было гэтак жа мала, а вось лік інцыдэнтаў адкрыўся хутка. А палове на першую тры байкеры ў чорных шлемах, на дарагіх матацыклах, у тым ліку BMW, амаль не зьніжаючы хуткасьці паспрабавалі прарвацца празь пікет за браму рэстарацыі «Поедем поедим».

У адказ на словы пікетоўцаў, што тут ахоўная зона, байкеры толькі націскалі на газ. Двум ўдалося праехаць праз натоўп, але трэцяга пікетоўцы ўсё ж спынілі.

Кіроўца Аляксандр не назваў свайго прозьвішча і адразу выклікаў міліцыю. Пікетоўцаў ён прасіў не чапаць ягоны «дарагі матацыкл», а пра сябе сказаў, што ён «не багаты чалавек, а нармальны». Пры гэтым адмовіўся зьняць шлем.

Дыскусія працягвалася пакуль не зьявіўся нарад ДАІ, але высьветлілася, што пратакол міліцыянты мусілі б складаць на байкера, які наехаў на нагу пікетоўцу Аляксею Туровічу.

«Ну, калі ўжо міліцыя нічога ня можа зрабіць, тады вы перамаглі, мы вяртаемся», — сказаў Аляксандр, і ўся кампанія пакінула тэрыторыю рэстарана. Перад ад’ездам Аляксандр зноў перавязаў стырно байка георгіеўскай стужкай, якую былі зьнялі пікетоўцы.

Пікетоўцы са стажам і навічкі

Сёньня ў пікеце каля рэстарацыі бралі ўдзел больш за 20 актывістаў, у тым ліку апазыцыйныя палітыкі — сустаршыня БХД Павал Севярынец, актывіст руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык, намесьнік старшыні Беларускай партыі зялёных Дзьмітрый Кучук, мастак Аляксей Марачкін, вэтэран дэмакратычнага руху і актывіст АГП Уладзімер Раманоўскі ды іншыя.

Але былі і людзі, якія прыйшлі на акцыю ў Курапатах упершыню.

«Далучылася, бо баліць сэрца з прычыны такой несправядлівасьці. Паўсюль усё вырашаюць грошы, а гэтак ня мусіць быць, памяць трэба берагчы», — патлумачыла свой удзел ў пікеце Валянціна. У Барысаве жанчына змагаецца за бацькоўскі дом, прайшла ўжо некалькі судоў. Кажа: «Улада паўсюль аднолькавая».

Малады чалавек Мікіта прыехаў з Лагойску. Калі дабраўся да Курапатаў, накінуў на плечы бел-чырвона-белы сьцяг і стаў у шэраг пікетоўцаў. Таксама мае асабістую праблему — дамагаецца адмены несправядлівага, як ён лічыць, рашэньня аб канфіскацыі ягонай і ягонай сястры маёмасьці. Кажа, што на 20 тысяч рублёў забралі рэчаў, яшчэ і грошы. Хутка суд. Сёньня ахвяруе час на агульную справу. «Але буду і далей прыяжджаць».

Побач зь Мікітам два юнака — Павел і Пётра. Пытаюся, адкуль даведаліся пра акцыю ў Курапатах? Петар — з інтэрнэту, Павел — ад дзядулі, які паведаміў унуку, што ягоны прадзед ляжыць у Курапатах, быў расстраляны як вораг народу. Але кім працаваў прадзед і ці рэабілітаваны пасьмяротна, Павел ня ведае. «Сёньня абавязкова спытаю у дзеда».

Палітыкі дамовіліся пра расклад дзяжурстваў у Курапатах

Павал Севярынец паведаміў Свабодзе, што шэраг партый і грамадзкіх рухаў дамовіліся паміж сабой аб арганізацыі дзяжурстваў у пэўныя дні тыдня каля рэстарацыі ў Курапатах.

«Альтэрнатыва», якой кіруе Алег Корбан, хутчэй за ўсё возьмецца дзяжурыць у панядзелак, далей — Рух салідарнасьці «Разам», наша «БХД» — у сераду, таксама далучаюцца партыя БНФ, Малады фронт, Эўрапейская Беларусь. КХП БНФ мусіць канчаткова вызначыцца на сойме, але папярэдняя згода ёсьць. Магчыма, яны закрыюць нядзелю. Спадзяюся, з дапамогай аднадумцаў удасца падтрымаць пікетоўцаў, якія змагаюцца тут ужо тыдзень і рэальна стаміліся", — сказаў Павал Севярынец.

Пікетаваньне рэстарацыі, якую актывісты празвалі «кабаком на костках», вядзецца з 31 траўня. За гэты час пікетоўцы не прапусьцілі на тэрыторыю рэстарацыі каля ста грузавікоў з прадуктамі і аўтамабіляў наведнікаў, за што ўжо атрымалі больш за 20 пратаколаў аб парушэньні правілаў дарожнага руху і парадку правядзеньня вулічных акцый.

Нягледзячы на пікеты, рэстарацыя ўсё ж адкрылася і зь вечара 5 чэрвеня прымае наведнікаў. «Але іх вельмі мала, гэтак рэстаран дойдзе да банкруцтва», — меркавалі пікетоўцы ў пятніцу.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG