Уладзімеру Малафею 35 гадоў. Адукацыя сярэдняя, свой невялікі бізнэс у Вялейцы (пункты з вопраткай і абуткам), недабудаваны дом у суседняй з райцэнтрам вёсцы, яшчэ адна невялікая гаспадарка з курамі, сьвіньнямі і трусамі. Сям’я. Жонка Віка, 13-гадовы сын Арсень і 15-гадовая дачка Аліна.
Тавар для продажу ў роднай Вялейцы Малафей возіць з Масквы, у справах часта бывае ў Менску. Самому паўсюль не пасьпець, таму для працы на будоўлі дома і па гаспадарцы ён наймае мясцовых вясковых хлопцаў. Без дамовы, усё на даверы. Дзень працы — 10 рублёў. Ахвотных хапае, з працаўладкаваньнем у Вялейскім раёне няпроста. Асабліва калі любіш выпіць, а то і ўвогуле пайсьці ў запой на тыдзень-два.
У канцы студзеня дадому да Ўладзімера Малафея прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і забралі гаспадара з сабой. У аддзяленьні патлумачылі, што адзін з рабочых напісаў на яго заяву.
І цяпер Уладзімера падазраюць у выкраданьні чалавека і выкарыстаньні рабскай працы. Зьдзекі, зьбіцьцё і захоўваньне выбуховых рэчываў (дома ў Малафея знайшлі больш за паўкіляграма пораху) на дадатак.
«Выкраданьне чалавека з далейшым утрыманьнем»
Суд па справе Ўладзімера Малафея пачаўся ў Вялейцы 6 чэрвеня. Падтрымаць абвінавачанага прыйшлі жонка і бацька. Пацярпелых двое — Віталь Капецкі і Ільля Харэўка. Капецкі прыходзіць на працэс сам, сядае побач з бацькам абвінавачанага. Харэўка зьяўляецца ў залі ў суправаджэньні двух моцных хлопцаў у камуфляжы і чорных масках на тварах. Разам зь імі яшчэ адзін чалавек у цывільным. Ён не прадстаўляецца і прычыны такіх надзвычайных мераў не тлумачыць. Адно раіць зьвярнуцца да абласнога міліцэйскага кіраўніцтва (УУС Менаблвыканкаму абяцае пракамэнтаваць гэта толькі пасьля завяршэньня працэсу).
«2015 год, тры ўдары Капецкаму кулаком. Адзін удар нагой у ключыцу. Менш цяжкія цялесныя пашкоджаньні, — пачынае пракурор пералічваць меркаваныя злачынствы Малафея. — 2016 год, перамяшчэньне чалавека насуперак яго волі, прымусовая бясплатная праца, прымяненьне гвалту, суправаджэньне сваіх дзеяньняў катаваньнямі, утрыманьне чалавека ў хляве бязь ежы і піцьця. 2017 год, выкраданьне чалавека з далейшым утрыманьнем. 2017 год, сыстэматычнае прымяненьне гвалту, пагрозы зьнішчэньня маёмасьці. 2018 год, захоўваньне выбуховых рэчываў і боепрыпасаў».
Пералік меркаваных злачынстваў Малафея працягваецца хвілін 15, пасьля чаго судзьдзя просіць выказацца самога абвінавачанага і пацярпелых. Малафей сваю вэрсію паведамляць суду адмаўляецца. Пацярпелы Капецкі коратка заяўляе, што «ня мае доказаў віны абвінавачанага». Харэўка кажа, што ўжо ўсё расказаў сьледчаму і дадаць яму больш няма чаго.
«Гэта ўсё нейкая дурасьць»
Бацька Ўладзімера Малафея ў перапынку выходзіць пакурыць. Расказвае, што ня надта цікавіўся справамі сына. Ведаў, што той наймае людзей працаваць на будоўлі дома і ў гаспадарцы, але без асаблівых падрабязнасьцяў. Затрыманьне, арышт і тым больш абвінавачаньні ў выкраданьні чалавека і выкарыстаньні рабскай працы сталі для яго шокам. Віктар Малафей лічыць, што яго сына агаворваюць, каб атрымаць грошай.
«Я не разумею, як гэта ўсё магло здарыцца. Дурасьць нейкая, — кажа ён. — Гэта такі час цяпер настаў. Раней мужыкі паміж сабой разьбіраліся. А цяпер ледзь што якое, адразу ў міліцыю ідуць заяву пісаць. А потым сядзяць і грошай чакаюць».
Па вэрсіі Віктара Малафея, нехта ў абласным міліцэйскім кіраўніцтве быў вельмі зацікаўлены ў давядзеньні справы да суду і асуджэньні яго сына. Бацька абвінавачанага перакананы, што «ўсё гэта ідзе зьверху», бо «зь мясцовай міліцыяй у Вовы было ўсё ў парадку». У якасьці доказу сваёй вэрсіі расказвае пра сюжэт «Зоны Х» (крымінальная перадача на канале «Беларусь 1»), дзе затрыманьне ягонага сына прадставілі як «справу вілейскага рабаўладальніка».
Суседка абвінавачанага Малафея Валянціна (яе дом — побач з участкам, дзе, як сьцьвярджае сьледзтва, абвінавачаны гвалтоўна ўтрымліваў чалавека) кажа, што нават падумаць на яго нічога дрэннага не магла.
«Вітаўся заўсёды, нармальны хлопец, — кажа жанчына. — І дзеці яго віталіся са мной, гэта рэдка цяпер калі бывае, што дзеці выхаваныя. Я даўно Ўладзімера ведаю, як толькі яны дом гэты купілі. Чыста там у іх, акуратна. Прыходзілі нейкія людзі, але каб такое, то я не падумала б».
«Прашу крымінальную справу ў дачыненьні да Малафея спыніць»
Допыт пацярпелых пачынаецца пасьля невялікага перапынку. Адвакаткам Малафея не спадабалася, што ў залі прысутнічаюць людзі ў чорных масках, якія прывялі пацярпелага Ільлю Харэўку, і абаронцы падалі хадайніцтва аб выдаленьні іх з працэсу. «Яны аказваюць псыхалягічны ціск на пацярпелага, — кажа адна з адвакатак. — Хто гэта ўвогуле такія, чаму яны тут знаходзяцца? Калі нельга іх выдаліць, хай хаця б здымуць маскі, каб мы маглі бачыць іх твары». У выніку людзі ў форме і масках выходзяць з залі і чакаюць Харэўку на калідоры.
Першым пра свае адносіны з абвінавачаным расказвае пацярпелы Віталь Капецкі, які прыйшоў у суд адзін. Па вэрсіі сьледзтва, абвінавачаны ў 2015 годзе моцна зьбіў Капецкага, у выніку чаго той трапіў у шпіталь зь пераломам ключыцы.
«Я не лічу яго вінаватым, крымінальную справу ў дачыненьні да Малафея прашу спыніць, — адразу заяўляе Капецкі суду. — Працаваў у Малафея з 2015 году... Па гаспадарцы, на будоўлі, бярвеньні абчэсваў... Плаціў ён па 5–10 рублёў у дзень. Бывала так, што Малафей ня меў грошай, тады штосьці з вопраткі мне даваў... Я сам прыходзіў да яго, прасіў працу. У нас цяжка працу знайсьці».
Калі пракурор пачынае распытваць Капецкага пра акалічнасьці меркаванага зьбіцьця ў 2015, той кажа, што нічога такога не было.
«Я ў той дзень падпіты быў. З бадуна, але ня факт, што раніцай не апахмяліўся, — расказвае Капецкі. — Ня памятаю я дакладна. Як я мог працаваць у такім стане? Ды я ня надта і працаваў. Сьмецьце цягаў. А потым зваліўся зь лесьвіцы. Наверх хацеў далезьці, а лесьвіца паехала. Калі я ўпаў, да мяне Валодзя (абвінавачаны Ўладзімер Малафей. — РС) падышоў і пачаў сварыцца. Ну, мы і завяліся. Нанёс мне Валодзя пару ўдараў. Стукнуў рукой пару разоў, нагой. Але яны значэньня ня мелі. Ключыцу я зламаў, калі зваліўся зь лесьвіцы».
Пасьля гэтай заявы Капецкага пракурор просіць судзьдзю дазволіць зачытаць яго паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва ў 2015 годзе (узбуджаная тады справа аб меркаваным зьбіцьці была неўзабаве закрытая, Капецкі забраў заяву на Малафея зь міліцыі), а таксама зімой 2018-га. З дакумэнтаў вынікае, што пацярпелы Капецкі расказваў тады сьледчым зусім пра іншае. Пра тое, напрыклад, што ніякага падзеньня зь лесьвіцы не было. А траўмы, у выніку якіх ён месяц правёў у гіпсе, Капецкі атрымаў у выніку зьбіцьця Малафем.
«Ведаеце, я падчас усіх гэтых допытаў п’яны быў, — тлумачыць судзьдзі разыходжаньні ў сваіх паказаньнях сам Капецкі. — Так атрымлівалася, што калі па мяне прыяжджалі сьледчыя, я быў пастаянна п’яны. Я ўжо ня помню, што там гаварыў. Кожны раз так выходзіла, што я быў паддаты».
«Завёў у хлеў і пасадзіў на ланцуг. Там я правёў тры ночы»
Ільля Харэўка, якога ў залю суду прывялі людзі ў масках, мае 30 гадоў. Жыве разам з бацькам у вёсцы Куранец. Беспрацоўны, адукацыя сярэдняя спэцыяльная. З абвінавачаным Уладзімерам Малафеем пазнаёміўся ў 2014 годзе, калі прыйшоў да яго ўладкоўвацца на працу.
«Віталь (пацярпелы Капецкі. — РС) ня так расказвае, як было, — пачынае гаварыць Харэўка. — Я бачыў, як яны сварыліся тады, у 2015 годзе, на будаўніцтве дома Вовы (абвінавачанага Малафея. — РС). Бачыў, як Вова ўдарыў яго рукой. Віталь упаў на зямлю. Потым я бачыў, як Вова стаў нагой Віталю на плячо і ціснуў. Віталь ня падаў зь лесьвіцы. Потым я дапамог Віталю выцерці кроў з твару і галавы. Мы адвезьлі яго дадому».
Па словах Харэўкі, раніцай у дзень канфлікту яны езьдзілі да Капецкага дадому разам з Малафеем, пасьля чаго абвінавачаны вывеў Капецкага з дому і пасадзіў у машыну, павёз на свой участак працаваць. «Віталь быў пасьля папойкі, па твары было бачна, што ён не хацеў ехаць працаваць», — узгадвае Харэўка.
«З Малафеем я пазнаёміўся ў 2014 годзе. Я тады меў працу іншую, але запіў, прагуляў, і мяне звольнілі, — расказвае сваю гісторыю Ільля Харэўка. — Даведаўся, што Вова (абвінавачаны Малафей. — РС) бярэ людзей на працу. Пайшоў да яго, мне патрэбная была праца. У Вовы разьлік кожны дзень, харчаваньне, цыгарэты. Спачатку я бярвеньні абчэсваў, 3–4 бервяны ў дзень. Зарабляў каля 6 рублёў плюс абед. Потым Вова мне прапанаваў працаваць раніцамі ў яго на дачы. Там трэба было пакарміць курэй, сьвіней. Прыбрацца за імі. Дамовіліся на 10 рублёў у дзень. Спачатку ўсё было добра, праблемы пачаліся ў 2016 годзе».
Па словах Харэўкі, акрамя працы на будоўлі, абчэсваньня бярвёнаў і кармленьня жывёлы, ён таксама гнаў для Малафея самагонку. За што ў 2015 годзе нават быў аштрафаваны. Пацярпелы расказвае, што прэтэнзій у іхніх адносінах хапала з абодвух бакоў: «Бывала, што я спаў на працы. А ён калі заплаціць, калі не».
«У 2016 годзе здарыўся першы вялікі канфлікт з Вовам (абвінавачаным Малафеем. — РС), — узгадвае Харэўка. — Ня памятаю дакладна месяц, але было ўжо цёпла. Я ня выйшаў на працу, і Вова паехаў мяне шукаць. Я хаваўся ад Малафея, баяўся, што ён будзе мяне біць. Спачатку на гарышчы дома хаваўся, потым у лесе. Тры ці чатыры дні. А потым ён мяне знайшоў. Прыехаў дадому і знайшоў там. Вывеў да машыны, адчыніў багажнік. Я залез туды. Прыехалі ў Куранец (вёска, дзе знаходзіцца адзін з дамоў Малафея. — РС), на двары Вова мяне пачаў біць. Біў нечым гумовым. Затым завёў у хлеў, пасадзіў на ланцуг там. Чытаў натацыі. Пра пацука расказваць? Калі я сядзеў на ланцугу, побач пацук прабягаў. Вова яго заўважыў, забіў палкай, а кроў з палкі сказаў мне зьлізваць. Я адкрыў рот, тады Вова адхапіў палку з крывёй пацука».
Па словах Харэўкі, на ланцугу ў Малафеевым хляве ён праседзеў тры ночы. Ежы і піцьця абвінавачаны яму не пакідаў. Удзень вазіў працаваць у іншую вёску. За працу ў гэтыя дні не заплаціў. Дадому адпусьціў на чацьвёртую ноч.
«Потым у нас ужо нармальныя адносіны сталі. Я працягваў працаваць, — кажа Харэўка. — Да 2017 году, здаецца».
Чарговы канфлікт паміж пацярпелым і абвінавачаным адбыўся 1 студзеня 2017 году. Харэўка паехаў сустракаць Новы год да сяброў і ня выйшаў на працу раніцай. Малафей знайшоў яго і адвёз да сябе на ўчастак.
«Вова прыехаў, зьбіў мяне, пасадзіў у багажнік і прывёз у Куранец, — кажа Харэўка. — Чытаў натацыі, пагражаў на ланцуг пасадзіць. Але не пасадзіў у той раз».
Па словах Ільлі Харэўкі, эпізод з ланцугом паўтарыўся яшчэ раз, тады яму прыйшлося правесьці ў Малафеевым хляве адну ноч. Восеньню 2017 Харэўка ўцёк са сваёй вёскі ў Віцебск, дзе некалькі месяцаў бадзяўся, зьбіраў макулятуру. Вярнуўся дзякуючы выпадковаму чалавеку, які «проста на вуліцы падышоў і даў мне 20 рублёў». У Вялейцы пасьля размовы са знаёмым пайшоў у міліцыю і напісаў заяву.
«Я толькі аднаму чалавеку пра гэта расказаў. Ня буду казаць, хто гэта. Ён мне параіў зьвярнуцца ў міліцыю. Ні бацька, ніхто больш ня ведаў, — расказвае Ільля Харэўка. — У міліцыі мне сказалі, што калі я праўду кажу, то яны дапамогуць. А калі не, то лепш мне адразу заяву забраць. У Малафея я працаваў добраахвотна-прымусова. Я баяўся сысьці з участку, баяўся, што ён будзе мяне біць. За тыя дні, што я сядзеў на ланцугу, Вова мне не заплаціў. Гэта былі так званыя папраўчыя працы. Спачатку я думаў зьвярнуцца па дапамогу, але пасьля перадумаў. Вова пастаянна пераконваў мяне, што я алкаш, што я нікому не патрэбны. Што я нікчэмнасьць. З часам я і сам так пачаў думаць. Я баяўся яго. Вова казаў, што спаліць мяне разам з бацькам. Зачыніць нас дома і падпаліць будынак. Ці спрабаваў я вызваліцца ад ланцуга? А куды? Куды б я пайшоў? Калі б і змог уцячы, то мяне потым бы злавілі, і было б толькі горш. Я не пытаўся ў Вовы, ці будзе мне аплата за працу. Быў рады, што мяне адпускалі дадому. І ў міліцыю не зьвяртаўся. Вова казаў, каб я нікому не расказваў пра нашы адносіны... Я нават бацьку пра гэта не расказваў, было сорамна».
«Не крычаў, адпусьціць яго не прасіў»
У першы дзень суду абвінавачаны Ўладзімер Малафей адмовіўся расказаць пра сваю вэрсію падзей. Пракурор агучыў некаторыя яго паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва:
«Пацьвярджаю, што на маім прысядзібным участку працаваў Ільля Харэўка. За ежу, вопратку і грошы. Я ня згодны з тым, што ўтрымліваў яго на ланцугу на працягу 8 гадзін. Я ўтрымліваў яго на працягу 4 гадзін. Бо ён быў у неадэкватным стане, а я хацеў зь ім пагутарыць.
Наймаў людзей на будоўлю. На будоўлі сярод рабочых я трымаў дысцыпліну. Бывалі выпадкі, калі я ў мэтах прафіляктыкі даваў ім па карку. Але нікога не зьбіваў.
Ільля (Харэўка. — РС) карміў курэй, сьвіней, чысьціў хлявы. Зь вясны 2016 году ён пачаў выпіваць. Я шукаў яго. Выказваў у яго адрас прэтэнзіі. Мог даць па карку. Вазіў яго толькі ў салёне аўтамабіля.
Каб неяк правучыць яго (Харэўку — РС), каб ён неяк працьверазеў, я завёў яго ў хлеў, узяў ланцуг даўжынёй 2 мэтры і прыкаваў яго. Ільля нічога не гаварыў і не крычаў. Не прасіў мяне яго адпусьціць. Проста лёг і заснуў. Пасьля гэтага Ільля стаў нармальным, прыходзіў да мяне дадому і працаваў. Адзін раз гэта здарылася. Я плаціў яму па 10 рублёў за дзень.
Чаму я запрашаў на працу тых, хто мае праблемы з алькаголем? Першапачаткова я думаў, што такія людзі зьменяць сваё стаўленьне да алькаголю».
Працэс па справе Ўладзімера Малафея праходзіць у Вялейскім раённым судзе, яго абвінавачваюць адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу. За выкарыстаньне рабскай працоўнай сілы Малафею пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі, за выкраданьне чалавека — да 7.