Пэдра Санчэс стаў першым атэістам у гісторыі Гішпаніі, які заняў пасаду прэм’ер-міністра, піша BBC. На цырымоніі прыняцьця прысягі 2 чэрвеня ён папрасіў прыбраць традыцыйныя крыж і Біблію.
Як адзначае The Telegraph, кароль Філіп паслабіў пратакол цырымоніі — цяпер хрысьціянскія сымбалі толькі апцыянальныя.
Новы прэм’ер Пэдра Санчэс паабяцаў кіравацца сумленьнем і гонарам, заставацца ляяльным каралю і бараніць Канстытуцыю. 46-гадовы сацыяліст атрымаў падтрымку шасьці іншых партыяў пасьля зыходу з пасады ягонага папярэдніка Мар’яна Рахоя праз карупцыйны скандал – менавіта Санчэс быў ініцыятарам галасаваньня па вотуму недаверу Рахою.
Партыю Санчэса PSOE цяпер чакае няпростая задача ў фармаваньні новага кабінэту міністраў, бо ягоная партыя мае толькі чвэрць месцаў у парлямэнце. Ён плянуе заставацца на пасадзе прынамсі два гады – да наступных парлямэнцкіх выбараў. BBC называе новага прэм’ера «ўмераным, але амбіцыёзным».
Тым часам у Каталёніі, што спрабавала выйсьці са складу Гішпаніі, прыведзены да прысягі новы рэгіянальны ўрад на чале з Кімам Тора, прыхільнікам былога каталёнскага лідэра Карлеса Пудждэмона, пры якім у рэгіёне прайшоў не прызнаны Мадрыдам рэфэрэндум аб незалежнасьці. Пасьля ўступленьня на пасаду Тора заклікаў Санчэса да перамоваў.
Гішпанскія сацыялісты выступаюць за адзінства краіны. Санчэс, аднак, у адрозьненьне ад свайго папярэдніка, заяўляў, што гатовы да перамоваў з каталёнскімі прыхільнікамі незалежнасьці.