Два кандыдаты, якія прэтэндуюць на перамогу, — Дональд Трамп ад Рэспубліканскай партыі і Камала Гарыс ад Дэмакратычнай.
Дональд Трамп, прэтэндэнт на пасаду ад Рэспубліканскай партыі, наблізіўся да вяртаньня ў Белы дом на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША пасьля перамогі ў двух «хісткіх» штатах Паўночнай Караліне і Джорджыі. У дзейнай віцэ-прэзыдэнткі Камалы Гарыс застаюцца толькі тэарытэчныя шанцы на перамогу.
Акрамя спаборніцтва за прэзыдэнцкую пасаду паміж цяперашняй віцэ-прэзыдэнткай і былым прэзыдэнтам Злучаных Штатаў, 5 лістапада пройдуць іншыя выбары на ўсіх узроўнях улады — ад фэдэральнай да муніцыпальнай.
У лістападзе будуць пераабірацца ўсе 435 кангрэсмэнаў у Палаце прадстаўнікоў, бо тэрмін іх паўнамоцтваў — два гады. У Сэнаце, дзе тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў, на галасаваньне вынесеныя 34 са 100 мандатаў. У 11 штатах адбудуцца губэрнатарскія выбары. Таксама пройдуць тысячы выбараў на ўзроўні штатаў і муніцыпалітэтаў, у тым ліку выбары ў заканадаўчыя сходы штатаў, мэраў гарадоў і выбары кандыдатаў на муніцыпальныя пасады.
Акрамя таго, у некалькіх штатах пройдуць рэфэрэндумы, у бюлетэні на іх уключаныя розныя пытаньні, у тым ліку пра аборты, падатковую палітыку і легалізацыю марыхуаны.
Калі праходзіць галасаваньне?
У кожным штаце ёсьць свае правілы галасаваньня. Амаль усе 50 штатаў і акруга Калюмбія прапануюць вочнае галасаваньне ў дзень выбараў. Большасьць штатаў таксама прапануюць галасаваньне па пошце, дзякуючы якому выбарцы могуць адправіць свае бюлетэні поштаю ці здаць іх у вызначанае месца. Большасьць штатаў таксама прапануюць датэрміновае галасаваньне, якое пачалося ў некаторых штатах яшчэ ў верасьні.
Якія штаты ключавыя для прэзыдэнцкай гонкі?
Сем штатаў, дзе барацьба паміж Гарыс і Трампам, па прагнозах, будзе асабліва напружаная, — гэта Пэнсыльванія, Джорджыя, Паўночная Караліна, Мічыган, Арызона, Вісконсін і Нэвада. Жыхары ключавых штатаў, якія называюцца хісткімі, могуць мяняць свае прыхільнасьці да рэспубліканцаў ці дэмакратаў. Гэтыя штаты таксама называюць «фіялетавымі», маючы на ўвазе зьмешваньне традыцыйных колераў дэмакратаў і рэспубліканцаў — сіняга і чырвонага, адпаведна.
Хто можа галасаваць?
Для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах выбарнік павінен быць грамадзянінам ЗША, дасягнуць 18 гадоў да дня выбараў і адпавядаць патрабаваньням месца жыхарства, якія вагаюцца ў залежнасьці ад штату. Выбарцы таксама павінны быць зарэгістраваныя да вызначанага тэрміну. Некаторыя штаты абмяжоўваюць права галасаваньня для людзей з судзімасьцю або прызнаных недзеяздольнымі.
Як правіла, амэрыканцы, якія пражываюць за мяжой, могуць галасаваць па адмацавальным пасьведчаньні. Аднак грамадзяне краіны, якія пражываюць на тэрыторыях ЗША, уключаючы Пуэрта-Рыка, Віргінскія астравы, Гуам, Паўночныя Марыянскія астравы і Амэрыканскае Самоа, ня маюць права на галасаваньне.
Хто мае большыя шанцы на перамогу?
З моманту вылучэньня абодвух кандыдатаў на партыйных зьездах у канцы лета апытаньні паказваюць неадназначную сытуацыю. Аднак у апошнія тыдні перад выбарамі рэйтынгі кандыдатаў у ключавых штатах практычна зраўняліся, і часта розьніца паміж імі ляжыць у межах статыстычнай хібнасьці.
Як уладкаваная Калегія электараў?
Пры галасаваньні за прэзыдэнта выбарцы, строга кажучы, абіраюць электараў, якія потым непасрэдна выбіраюць прэзыдэнта. Калегія электараў — сыстэма, якая грунтуецца на выніках галасаваньня ў кожным штаце. У большасьці штатаў усе галасы выбарцаў аддаюцца кандыдату, які перамог. Усяго электараў 538, і для перамогі кандыдат павінен набраць большасьць — 270 галасоў.
Ці мае значэньне колькасьць галасоў, у цэлым пададзеных выбарцамі кандыдатаў?
Перамогу на выбарах вызначае Калегія электараў, а ня вынік прамога галасаваньня. Кандыдат можа стаць прэзыдэнтам, ня выйграўшы прамое галасаваньне, бо ягоная перамога можа быць дасягнутая ў шэрагу штатаў зь мінімальнай перавагай, а параза — зь вялікім разрывам паміж вынікамі прамога галасаваньня і галасаваньнем з улікам сыстэмы электараў. Гэтак адбылося зь пяцьцю прэзыдэнтамі, у тым ліку з Трампам у 2016 годзе.
Як падлічваюць галасы?
У ЗША няма цэнтральнай выбарчай камісіі — кожны штат арганізуе свой падлік галасоў. Улады муніцыпалітэтаў і штатаў паведамляюць пра вынікі ў рэжыме рэальнага часу, а агенцтвы навінаў выкарыстоўваюць гэтыя лічбы, каб спрагназаваць імавернага пераможцу.
Калі будуць вядомыя вынікі?
Вочнае галасаваньне заканчваецца вечарам 5 лістапада. Праз розныя правілы падліку бюлетэняў і розныя тэрміны прыняцьця бюлетэняў, дасланых праз пошту, у некаторых штатах вынікі могуць быць вядомыя на наступны дзень ці нават пазьней. У выпадку, калі розьніца ў галасах, пададзеных за таго ці іншага кандыдата, як гэта было ў 2020 годзе, нязначная, вынікі выбараў могуць стаць вядомыя празь некалькі дзён.
Як праходзіць сэртыфікацыя выбараў?
Пасьля падліку галасоў вынікі сэртыфікуюцца (зацьвярджаюцца) на ўзроўні муніцыпалітэтаў і штатаў. Штаты затым выдаюць дакумэнты, якія надзяляюць электараў правам прагаласаваць за кандыдата, які перамог.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.
Форум