Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне затрымалі падазраваных у падрыхтоўцы захопу часткі Саксоніі


Нямецкая паліцыя
Нямецкая паліцыя

Сямёра грамадзян ФРН затрымалі ў нямецкай зямлі Саксонія, а таксама ў Польшчы праз падазрэньне ў падрыхтоўцы ўзброенага захопу раёнаў у Саксоніі і шэрагу іншых тэрыторый, каб «заснаваць там дзяржаўнае кіраваньне, падобнае на нацыянал-сацыялістычную Нямеччыну».

Паводле інфармацыі, атрыманай Радыё Свабода з Фэдэральнай пракуратуры Нямеччыны, затрыманыя падазраюцца «ва ўдзеле ў тэрарыстычным аб’яднаньні ў ФРН». Чацьвёра зь іх абвінавачваюцца як асобы, якія не дасягнулі 21 года. Самаму старэйшаму — 25 гадоў.

У затрыманьнях удзельнічалі больш за 450 супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Адначасова паліцыя і сілы спэцыяльнага прызначэньня правялі ператрусы па 20 адрасах у Нямеччыне, а таксама ў Аўстрыі. Сярод узятых пад варту ёсьць палітык з правапапулісцкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва для Нямеччыны» і два ўдзельнікі групоўкі з моладзевага зьвязу «Альтэрнатывы для Нямеччыны». Падчас апэрацыі затрыманьня паліцыя страляла ў гэтага палітыка, параніўшы яго ў сківіцу.

Затрыманым ставяць у віну сяброўства ў ваенізаваным аб’яднаньні «Саксонскія сэпаратысты», да якога яны, паводле звестак сьледзтва, далучыліся да лістапада 2020 году. У аб’яднаньні было ад 15 да 20 чалавек. Удзельнікі групы адстойвалі расісцкія і антысэміцкія погляды, гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры. З пункту гледжаньня ўдзельнікаў групоўкі, няма сумневу ў тым, што Нямеччыне пагражае каляпс, і ў вызначаны «Дзень Х» наступіць «развал дзяржавы і грамадзтва».

Па дадзеных сьледзтва, на патэнцыйна захопленых землях яны плянавалі этнічныя чысткі. Як адзначаецца, удзельнікі групоўкі праводзілі трэніроўкі ў захопе дамоў, абыходжаньні са зброяй, куплялі вайсковы рыштунак: камуфляжную форму, каскі, супрацьгазы і бронекамізэлькі.

Паводле праваахоўнікаў, некаторыя з затрыманых вядомыя як сябры праваэкстрэмісцкіх партый або нэанацысцкіх груп. Размова ідзе ў асноўным аб «маладых правых экстрэмістах, лякалізаваных у асноўным у віртуальным асяродзьдзі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG