Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Акудовіч: Відаць, укладальнік гэтай анкеты быў ня толькі нэкрафілам, але і хворым на ўсю галаву бібліяфілам


Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае філёзаф і эсэіст Валянцін Акудовіч.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Якія першымі трапляюць пад руку, калі стамляюся працаваць над кнігамі ў якасьці рэдактара ці аўтара (пішу сваё). Хаця тут трэба ўдакладніць, што гэта мусібыць «лёгкае чытво», наўмысна створанае дзеля адпачынку. Таму назвы гэтага чытва тут няма сэнсу згадваць.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Сяргей Шупа перапакаваў няўежную і неверагодна зблытаную гісторыю БНР у чытэльную бэлетрыстыку. Яна мяне і забавіла апошнім часам. Файная атрымалася экскурсія.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Нішто зь пералічанага. Дзесяткі год я жыву ў літаратурным дыскурсе і жыву гэтым дыскурсам. Таму наеты літаратурай ад пуза. Вось чаму мяне зусім не турбуе, калі нешта нават вартае прасьлізьне паўз…

Гэтак з аднаго боку. А з другога, я ўжо вельмі даўно здагадаўся, што мера дасканаласьці літаратурнага тэксту, асягнутая яшчэ ў старажытныя эпохі, ніколі ня будзе пераадоленая. Інакш кажучы, прачытаўшы «Дафніса і Хлою» можна быць пэўным, што ў гэтым сэнсе ты пра літаратуру «ўсё» ужо ведаеш. Як ведаеш «усё» пра мастацтва скульптуры, пабачыўшы, скажам, хоць якую з скульптураў Фідыя.

Дзеля прыкладу яшчэ згадаю літарацкую показку…

Калі Міколаз Бараташвілі трохі асталеў, дык бацька запытаўся:

— І чым ты далей будзеш займацца?

— Хачу пісаць кнігі, бацька, — прызнаўся будучы геній грузінскай паэзіі (эпоха рамантызму).

Князь аслупянеў:

— Слухай, сын, Біблія напісаная, «Віцязь у тыгровай скуры» напісаны. Дык што ты яшчэ хочаш напісаць?

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Сёньня пра ўсё цікавае мы даведваемся з інтэрнэту, а ня з кніг. Хіба што чытаючы кнігі, ты часам нешта даведваесься пра сябе такое, пра што ніколі б ня ведаў, калі б іх не чытаў. Аднак гэта ня тычыцца веды ўвогуле, а толькі таго, што ты раней ня ведаў сам пра сябе.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Ці шмат хто ў нас чуў пра абарваны раман Янкі Юхнаўца «Яно»? Ён быў «абарваны» у 1952 годзе і паводле законаў раманнага жанру ўжо даўно мусіў стаць клясыкай, паколькі гэта неверагодная падзея ў нашай літаратуры. І філязофіі.

Так, гэта першы сапраўдны філязофскі раман у беларускай мове. Ды якой мове! Такой у нашай прозе яшчэ ніколі не было.

Але, відаць, якраз гэтая моўная ўнікальнасьць і сэнсавая цьмянасьць не дазволілі нашым літаратуразнаўцам апазнаць раман, як клясыку беларускай прозы. І ўсім ды ўсюды пра гэта тыкаць пальцам. Прынамсі, я пра яго даведаўся ня так і даўно…

Хаця тут паўстае пытаньне: ці можна называць раман клясычным, калі пра яго ня шмат хто ведае?

«Я нахабна лічу сябе інтэлектуалам»

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Сусьветная літаратура незаўважна зрабілася глыбока правінцыйнай. (Натуральна, разам з эўрапейскай.) Мы маем мора-акіян харошай літаратуры. Аднак ня болей таго. Найлепей гэтую правінцыйнасьць фіксуе Нобэлеўскае прэмія, якая і сама добра прычынілася да таго, каб яно так сталася.

Значнасьць твору ў сусьветнай літаратуры вызначае колькасьць прададзеных асобнікаў

Ужо даўно няма тых вялікіх зрушэньняў у літаратуры, што выклікалі кнігі Сэрвантэса, Шэксьпіра, Дастаеўскага, Джойса, Кафкі (тут я кажу адно пра новы і найноўшы час). Цяпер значнасьць твору ў сусьветнай літаратуры вызначае колькасьць прададзеных асобнікаў (пачынаючы ад мільёна), а ня геній аўтара. Можна ў гэтым вінаваціць буйныя выдавецтвы, якія найперш заклапочаныя фармаваньнем літаратурных трэндаў, разьлічаных на фінансавых посьпех. Хаця насамрэч — гэта ўсяго адна з праяваў тэктанічнага цывілізацыйнага пераруху.

У другой палове ХХ стагодзьдзя канчаткова ўвідавочнілася, што мэтафізычная цывілізацыя саступіла сваё лідэрства цывілізацыі тэхналягічнай. З гэтага цяпер усюды вядуць рэй тэхналёгіі. І менавіта там усе рэвалюцыі, і менавіта там усе неверагодныя інтэлектуальныя прарывы, і менавіта там усе геніяльныя постаці…

Вось чаму я ня стану пералічваць чытаныя кнігі з сусьветнага кантэксту, бо гэта ўжо ня мае аніякага значэньня: хто каго чытаў, а каго не чытаў. Wszystko jedno…

Разам з тым, нягледзячы на папярэднюю апакаліптыку, чытаных аўтараў (празаікаў, паэтаў, эсэістаў, нон-фікшыстаў і г.д.) з сучаснай айчыннай літаратуры я б з шчырым натхненьнем называў ды называў. Толькі іх будзе гэтак шмат, што ўсе з майго ўсялюбства сталі б зьдзекавацца. Між іншым, дарэмна. Спадзяюся, вы не забыліся, што ў нас літаратура ўсё яшчэ значна больш, чым проста літаратура. І гэта вылучае яе з татальнай правінцыйнасьці сусьветнага кантэксту.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Пасьля Гарганцюа з Пантагруэлем, Швэйка, Бэндэра і Самсона Самсуя мне такая болей не сустракалася. Што праўда, першая палова (з хвастком) кнігі Андруся Горвата справакавала надзею на цуд, але, як неўзабаве высьветлілася, — гэта быў цуд толькі напалову.

Сьмехавая культура — адна з самых вялікіх каштоўнасьцяў кожнай нацыянальнай культуры, толькі яе вельмі складана выявіць у тэксьце, асабліва ёмістым. Зрэшты, як і ў мастацкай выяве. Ці шмат вясёлага вам сустракалася ў музэях і карцінных галерэях?

Разам з тым, не прамінем увагай сьмехавы фэномэн габрэйскай літаратуры, блізкі да выключэньня з унівэрсальнага правіла.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Калі я першы раз заплакаў над кнігай, дык быў моцна зьдзіўлены, бо як толькі сьлёзкі высахлі, дык ніяк ня мог зразумець, а чаго тут было румзаць?

Мэлядраматычны жанр ёсьць фабрыкай выцісканьня сьлёзак у наіўнага чытача

І толькі значна пазьней я даведаўся пра законы стварэньня кніг у мэлядраматычным жанры, які, па сутнасьці, ёсьць фабрыкай выцісканьня сьлёзак у наіўнага чытача (найперш у чытачкі). І хаця я даўно ведаю, як робіцца гэты фокус, але бывае, што таксама не-не ды шмаргану носам.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Такія кнігі я проста не чытаю, бо дастаткова дасьведчаны ў літаратуры, каб прагарнуўшы некалькі старонак, ужо зразумець, што гэтага чытаць ня варта.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Драматургію…

Хаця паўз уласную волю драматычных твораў было засвоена шмат: студэнтам Літаратурнага інстытуту паводле праграмы, рэдактарам у розных выданьнях перад тым, як друкаваць п’есы. Дарэчы, вось і цяпер у Беларускім калегіюме працую з купкай студэнтаў над іх калектыўным драматургічным творам. Калі атрымаецца давесьці да ладу, дык атрымаецца не абы што.

«Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць»

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

У зусім іншыя гады мог прачнуцца і не пакідаючы ложка працягнуць чытаць тое, што засталося з ночы. Аднак калі тое было? Цяпер нешта падобнае нават і не да галавы, бо ранкам адразу столькі рознай пільніцы чакае…

У электронным фармаце ніводнай кнігі не прачытаў. І, відаць, ужо не прачытаю, бо Альгерд Бахарэвіч колькі месяцаў таму даслаў мне на кампутар сваіх «Сабак Эўропы». З гэтых «сабак» я і зразумеў, што без паперы кніга для мяне не кніга, нават калі яе напісаў Альгерд.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Ня ведаю і ніколі ня ведаў. Кнігі ва ўсіх пакоях (у «кабінэце» яшчэ і на падлозе), на гаўбцы за шклом, у склепе гурбамі… Таму калі трэба нешта знайсьці, дык я адразу згадваю Арыядну і лябірынты цара Мідаса. Няшчасная Арыядна…

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Неяк дзяжурыў па нумары ў рэдакцыі тыднёвіка «Культура» і да мяне амаль апоўначы завіталі ў госьці Ігар Бабкоў з Міхасём Баярыным. Хлопцы зь нечага моцна весяліліся і я ўжо падхапіўся мыць шклянкі, аднак замест чаго вартага яны паклалі на стол таўшчэзную таміну кітайска- расейскага слоўніка…

Доўгі час ён і ляжаў на маім працоўным стале, каб усе наведнікі думалі: бач ты, які разумнік гэты Акудовіч, нават з кітайскай мовы перакладае. А цяпер той жартаўлівы прэзэнт недзе стаіць у хаце на кніжных паліцах. Хаця, як на сёньняшнюю геапалітычную сытуацыю, дык ці зьдзівіць каго кітайска-расейскі слоўнік?

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Яшчэ поўны жыцьця Алесь Асташонак набыў «Час і быцьцё» Марціна Гайдэгера». На тую пару Гайдэгер лічыўся Напалеонам эўрапейскай (ды і сусьветнай) філязофіі. Сваёй знакамітасьцю філёзаф і завабіў майго сябра.

Гайдэгер не аднойчы падштурхоўваў мяне да ўласных здумленьняў

Але кніга Алесю ніяк не давалася і ён падарыў яе мне на дзень народзінаў. Неверагодна каштоўны падарунак атрымаўся, бо потым Гайдэгер не аднойчы падштурхоўваў мяне да ўласных здумленьняў.

А як казаць агулам, дык кніга для мяне ніякі не падарунак, а лішняя завала ў хаце. Канечне, гэта ня тычыцца тых выпадкаў, калі выданьне дорыць сам аўтар.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Атос з «Трох мушкецёраў». Зразумела, гэта герой падлеткавай пары. Аднак ніхто потым яго не адсланіў.

А ў дарослыя гады літаратурныя героі былі ўжо залішне літаратурнымі, каб неяк карэляваць іх з маім уласным жыцьцёвым досьведам і чынам.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Я пачаў чытаць яшчэ за некалькі год да школы і чытаў вельмі шмат. Аднак назвы кніг з таго «казачнага» пэрыяду не запомніліся, акрамя страхалюдных «Казак братоў Грым», якія адшукаў у бабулі на хутары. А вось сьпіс чытанага ў падлеткавую эпоху быў бы ці не бясконцым, каб я яму дазволіў такім быць. З гэтага згадаю адно трохі з падлеткавай клясыкі той пары, якая яшчэ ня ведала тэлевізара.

«Тры мушкецёры», «Коньнік без галавы», «Апошні з магікан», «Два капітаны», «Рабінзон Круза», «Палескія рабінзоны», «Амок», «Белы клык», «Авадзень», «Адысэя капітана Блада», «Востраў скарбаў»… Ну і гэтак далей і да таго падобнае.

Вельмі шкадую, што тады яшчэ не было прыгодніцкай сэрыі «Авантуры Пранціша Вырвіча…» Людмілы Рублеўскай. Гэтыя кнігі апынуліся б у мяне сярод клясыкі. Хаця чытаныя ў зусім іншыя гады, яны мне ўсё роўна моцна смакавалі. Дарэчы, можа, смакавалі якраз таму, што нікуды той падлетак з мяне не падзеўся. Прынамсі, не падзеўся да астачы…

Начная чытанка: Валянцін Акудовіч

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Наш прэзыдэнт — фігура эпахальная. З гэтага адной кнігі яму будзе замала… Перадусім я б змусіў яго прачытаць кнігу «Краіна Беларусь» Уладзімера Арлова (мастак Зьміцер Герасімовіч), затым «Як? Азбука паводзінаў» Сяргея Дубаўца і, факультатывам, «Код адсутнасьці» Валянціна Акудовіча.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Калі казаць пра сучасных пісьменьнікаў, то ў мяне зь імі па жыцьці было столькі «прыватных літаратурных вечарынаў», што яшчэ адной мне толькі і не хапала…

А з памерлымі я тым болей не хачу знацца, бо мёртвыя ўжо ў дзяцінстве надакучылі, як горкая рэдзька. Рэч у тым, што нашая хата была праз дарогу да брамы вялікіх могілкаў, куды з усяго раёна, лічы штодня, везьлі і везьлі нябожчыкаў. І яшчэ…

Відаць, укладальнік гэтай анкеты быў не толькі нэкрафілам, але і хворым на ўсю галаву бібліяфілам? Бо як на здаровыя глузды можна падумаць, што жывы чалавек, патрапіўшы ў кампанію мерцьвякоў, будзе размаўляць з імі пра літаратуру, а не пра розныя цікавінкі з тагасьветнай нежыці?

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Тут адразу згадаўся Маякоўскі:

Профессор,
снимите
очки-велосипед!
Я сам расскажу
о времени
и о себе.

Рэч у тым, што я ўжо недзе год працую над «Мэмуарамі беларускага інтэлектуала». І хаця галоўная задача маёй мэмуарыстыкі ў тым, каб зафіксаваць гісторыю паўставаньня (лічы з нуля) дыскурсу сучаснага беларускага мысьленьня ўлучна зь яго героямі, але і мяне самога там шмат. Бадай, нават залішне шмат.

Што вы перачытваеце?

Увогуле я не люблю перачытваць, а часам нават і баюся, каб не сапсаваць тыя азарэньні, што засталіся пасьля першачытаньня. Найболей баюся перачытваць Дастаеўскага. Доўгі час ён быў для мяне Джамалунгмай сусьветнай літаратуры. Чамусьці мне надзвычай істотна, каб такім Дастаеўскі і застаўся ў маёй памяці назаўжды.

Найболей баюся перачытваць Дастаеўскага

Разам з тым, здараюцца моманты, а нават і пэўныя пэрыяды, калі я навяртаюся да раней чытанага. Тады майго выбару найперш чакаюць Пармэнід, Плютарх, Ніцшэ, Розанаў, Платонаў… Хаця ўжо даўно заўважыў, што з найбольшай ахвотай вяртаюся да гістарычнай прозы старых грэкаў (Герадот, Фукідыд, Ксэнафонт…)

Між іншым, гэты адказ патрабуе яшчэ хаця б сьціслай «мэтадалягічнай» развагі. Я ўжо болей за 20 год працую на аддзяленьні філязофія/літаратура Беларускага калегіюма. Там мы шмат часу выдаткоўваем на калектыўную рэфлексію паводле тэкстаў айчынных ды замежных аўтараў. І кожны раз перад заняткамі я наноў перачытваю адпаведныя тэксты і кнігі Абдзіраловіча, Ластоўскага, Разанава, Стральцова, Станкевіча (Юры), Камю, Кундэры, Барта, Фуко…

Дык вось у чым пытаньне: ці можна залічваць такія перачытваньні ва ўласна перачытваньне, ці гэта павінна называцца неяк інакш?

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Нічога не пляную. Хаця пакуль вочы будуць відушчымі, напэўна ж буду нешта чытаць. Гэта як з пабожным, які зьняверыўся ў сваім Богу, але паводле звычкі працягвае хадзіць у царкву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG