Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігі трох сусьветна вядомых сучасных пісьменьніц выходзяць упершыню па-беларуску


Ілюстрацыйнае фота. Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота. Shutterstock

У выдавецтве «Логвінаў» выходзяць з друку «Галасы ўтопіі» Сьвятланы Алексіевіч, «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых» Вольгі Такарчук, «Пэнэляпіяда» Маргарэт Этвуд.

Сьвятлана Алексіевіч. «Галасы ўтопіі»

​Рашэньне выдаць пад адной вокладкай усе пяць кніг першага беларускага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па-беларуску было прынятае адразу пасьля ўручэньня ўзнагароды пісьменьніцы.

«Гэта першае поўнае выданьне ўсіх маіх кніг. Нягледзячы на тое, што яны выдаваліся ў розных краінах сьвету і на розных мовах, мне хочацца гучаць на сваёй мове. Выданьні на беларускай мове былі, але не было добрых», — падкрэсьлівала Сьвятлана Алексіевіч у звароце да чытачоў.

«Галасы ўтопіі» выдаюцца ў беларускамоўных перастварэньнях вядомых літаратараў. «У вайны не жаночы твар» пераклаў Валянцін Акудовіч, «Чарнобыльскую малітву» — Уладзімер Арлоў, «Апошніх сьведак» — Барыс Пятровіч, «Цынкавых хлопчыкаў» — Андрэй Хадановіч і «Час сэканд-хэнд» — Сяргей Дубавец.

Выдавецтва два гады працавала над падрыхтоўкай «Галасоў утопіі», якія аўтарка называе энцыкляпэдыяй савецкай эпохі. Гэта першае поўнае выданьне твораў беларускай набэлісткі бяз цэнзарскіх правак. Яшчэ адна адметнасьць у тым, што яно зьявілася дзякуючы народнаму збору сродкаў, якіх, дарэчы, было сабрана ў пяць разоў болей, чым меркавалі выдаўцы.

Вольга Такарчук. «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых»

Вольга Такарчук — польская пісьменьніца. Нарадзілася ў 1962 годзе. Па адукацыі псыхатэрапэўт. За творчы дэбют — раман «Падарожжа людзей кнігі» (1993) — атрымала ўзнагароду Польскага таварыства выдаўцоў. Двухразовая ляўрэатка найвышэйшай польскай літаратурнай прэміі «Ніке» — за раманы «Бегуны» і «Кнігі Якуба». А нядаўна за кнігу «Бегуны» (у англамоўным перакладзе «Flights») польская пісьменьніца атрымала прэстыжную міжнародную ўзнагароду «Букер» (The Man Booker Prize).

Беларускаму чытачу Вольга Такарчук вядомая дзякуючы раману «Правек ды іншыя часы», які выйшаў у перакладзе Марыны Шоды ў 2010-м. Яна ж пераклала і «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых».

Гэта дэтэктыў без традыцыйнага сьледзтва. Галоўная гераіня — інжынэрка на пэнсіі, настаўніца ангельскай мовы, экзальтаваная абаронца жывёльнага сьвету, аматарка паэзіі Ўільяма Блэйка і астралёгіі — ад самага пачатку ўпэўненая, што ведае, чаму ў акрузе адбываюцца забойствы мужчынаў, якія захапляюцца паляваньнем. Але ёй ніхто ня верыць — ні суседзі, ні паліцыя, ні будучыя ахвяры...

Новая кніга выдавецтва «Логвінаў», новы пераклад ляўрэаткі Букераўскай прэміі 2018 году, новы экатрылер маральнага неспакою па-беларуску.

Маргарэт Этвуд. «Пэнэляпіяда»

​«Пэнэляпіяда» — гэта Гамэрава «Адысэя», пераказаная Пэнэлёпай. У эпасе Пэнэлёпа — дачка спартанскага цара Ікарыя і стрыечная сястра Алены Прыгожай — паказаная як ідэал вернай жонкі. Дваццаць доўгіх гадоў яна чакае з Траянскай вайны мужа Адысэя, адбіваючыся ад залётаў сквапных жаніхоў. Тыя нахабна пасяліліся на востраве Ітака і спрабуюць узяць зь ёй шлюб, бо лічаць Адысэя мёртвым. У Маргарэт Этвуд іранічная і жарсная Пэнэлёпа сама расказвае гісторыю свайго жыцьця, поўную супярэчнасьцяў і таямніц. Многія вобразы і матывы антычнай міталёгіі ў яе пераказе набываюць абсалютна нечаканую інтэрпрэтацыю.

Па-беларуску «Пэнэляпіяда» зьявілася ў перакладзе Вольгі Калацкай.

Маргарэт Этвуд (1939) — канадзкая англамоўная пісьменьніца, паэтка, літаратурны крытык, актывістка аховы навакольнага асяродзьдзя. Ляўрэатка шэрагу прэстыжных літаратурных прэмій, у тым ліку Букера (2006). Адна з найбольш вядомых англамоўных пісьменьніц у сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG