Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі суд адправіў псыхічна хворага ў лякарню пасьля 6 месяцаў турмы


Магілёўская турма № 4, дзе сядзіць 25-гадовы жыхар Магілёва Аляксандар Я., архіўнае фота
Магілёўская турма № 4, дзе сядзіць 25-гадовы жыхар Магілёва Аляксандар Я., архіўнае фота

«Ужыць прымусовыя захады бясьпекі і лячэньня ды накіраваць у псыхіятрычны стацыянар з агульным назіраньнем», — такі вырак 28 траўня вынес Магілёўскі абласны суд 25-гадоваму Аляксандру, арыштанту сьледчага ізалятара, які мае псыхічнае захворваньне і прызнаны асобай, якая ня можа адказваць за свае ўчынкі. Яму інкрымінавалі распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, а таксама хуліганства.

Пра псыхічнае захворваньне абвінавачанага было вядома за тры месяцы да суду

Аляксандар Я., як зафіксавана ў заключэньні псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы ад 9 лютага 2018 году, хворы на параноідную шызафрэнію безупыннага цячэньня. Экспэрты канстатавалі, што ён з прычыны псыхічнага расстройства ня мог усьведамляць у пэрыяд учыненьня злачынстваў «фактычны характар і грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў і кіраваць імі».

На судовых пасяджэньнях абвінавачанага не было, паколькі ён «ня можа самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы». Іх на працэсе абаранялі бацька і адвакат.

Бацькі на працягу шасьці месяцаў Аляксандравай няволі дамагаліся, каб яму зьмянілі меру стрыманьня. Паводле іх зьвестак, сын сядзіць у адзіночнай камэры. Яго турэмнае зьняволеньне яны называлі «антыгуманным, бесчалавечным і зь юрыдычнага гледзішча неабгрунтаваным». Настойваюць, што турма пагоршыць стан псыхічнага здароўя сына. Паўгода бацькі ня бачылі сына, бо ім не давалі дазволу на спатканьне.

«Цяпер нашы чаканьні, каб Аляксандра хутчэй перавялі з турмы ў псыхіятрычную лякарню. Мы спадзяёмся, што гэта адбудзецца раней за дзесяць сутак», — пракамэнтаваў прысуд бацька зьняволенага.

Псыхічна хворы прабудзе ў турме яшчэ дзесяць сутак

Судзьдзя Ірына Цяплова пастанавіла, што да ўступленьня яе пастановы ў сілу Аляксандар застанецца пад вартай. Пакіне ён магілёўскую турму не пазьней за 8 чэрвеня. Дзеяньні абвінавачанага судзьдзя назвала «грамадзка небясьпечнымі». На яе погляд, яны падпадаюць пад санкцыі 1-й часткі 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы) і 339 (хуліганства) артыкулаў Крымінальнага кодэксу (распалье).

Аляксандар — інвалід 2 групы. У няволі яго ўтрымліваюць ад 15 сьнежня 2017 году. На момант арышту ён меў накіраваньне ў псыхіятрычную лякарню. Мэдыкамэнты ў турму яму перадавала маці. Калі быў абвешчаны вырак, бацькі атрымалі магчымасьць бачыцца з сынам. Суд над Аляксандрам пачаўся 10 траўня.

Апэратыўнік назваў зьмест старонкі абвінавачанага ў сацыяльнай сетцы «поўнай кашай»

Падставай для крымінальнага перасьледу Аляксандра, як вынікае з матэрыялаў справы, сталі яго публікацыі на старонцы ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце».

Паводле старшага ўпаўнаважанага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, які вёў праверку «апэратыўнай інфармацыі», матэрыялы на старонцы фігуранта прыцягнулі ўвагу, бо былі ў пераліку экстрэмісцкіх. Зьмест старонкі зьняволенага міліцыянт ахарактарызаваў як «поўная каша».

Сьведка на судзе: Абвінавачаны празьмерна захапіўся мусульманскай рэлігіяй

У матэрыялах справы ёсьць ліст у КДБ ад Івана Бажкова, дырэктара магілёўскага філіялу Беларускага інстытуту правазнаўства, у якім вучыўся Аляксандар. Кіраўнік навучальнай установы просіць, каб камітэт зрабіў належныя захады дзеля «бясьпекі жыцьця і здароўя студэнтаў». Бажкоў інфармуе, што паводзіны Аляксандра сталі агрэсіўнымі з прычыны «пагаршэньня стану здароўя». Даводзіў, што ён «празьмерна захапіўся мусульманскай рэлігіяй». Паводле студэнтаў інстытуту, адміністрацыя прасіла іх здымаць на відэа паводзіны аднакурсьніка.

Магілёўскі філіял Беларускага інстытуту правазнаўства, у якім вучыўся Аляксандар
Магілёўскі філіял Беларускага інстытуту правазнаўства, у якім вучыўся Аляксандар

У эпізодзе з хуліганствам, па вэрсіі сьледзтва, Аляксандар сумысьля ўдарыў нагой па дзьвярах, якімі нанёс цялесныя пашкоджаньні дзьвюм аднакурсьніцам. Абедзьве дзяўчыны прызнаныя пацярпелымі. Матэрыяльных прэтэнзій да свайго крыўдзіцеля яны ня маюць. Пабояў не здымалі. Пра здарэньне паведамілі адміністрацыі інстытуту дакладной.

Лячэбна-кансультацыйная камісія магілёўскай псыхіятрычнай лякарні, якую ў сілу захворваньня меўся рэгулярна праходзіць Аляксандар, ня бачыла перашкод для ягонай вучобы. Паводле выкладчыкаў, студэнт меў выдатную пасьпяховасьць. Гэта пацьвярджае і яго залікоўка.

Бацькі: сьледзтва стварала бачнасьць віны сына

Бацькі настойваюць: справу супраць сына сфабрыкавалі і рабілі ўсё, каб «стварыць бачнасьць яго віны». Эпізод з хуліганствам, які інкрымінавалі Аляксандру праз паўтара месяца, як яго арыштавалі, бацькі лічаць прыцягнутым —дзеля таго каб вінаватасьць выглядала больш грунтоўнай. Інкрымінаванае «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці» не вытрымлівае, паводле іх і адваката, крытыкі.

Экспэртызу матэрыялаў, якія сьледзтва выявіла на старонцы ў сацыяльнай сетцы, казаў на судзе адвакат, праводзіла, сярод іншых, экспэрт з адукацыяй пэдагога-псыхоляга дашкольнага навучаньня. Абаронца абвінавачанага заявіў, што кампэтэнцыя адмыслоўцы не пацьверджана, як таго вымагае закон.

У судзе прадэманстравалі і праслухалі сьпіс аўдыёфайлаў, якія, паводле сьледзтва, зьмяшчаў абвінавачаны і якія нібыта мелі экстрэмісцкі зьмест. Сярод такіх песень была кампазыцыя «Белы легіён», якую, як адзначылі на судзе, выконваў гурт «Стары Ольса».

Як высьветліла Свабода, песьня «Белы легіён» не належыць гурту, але ў яе запісе браў удзел заснавальнік «Старога Ольсы» Зьміцер Сасноўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG