Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь нявысьветленай асобай у нявысьветлены час». За распаўсюд наркотыкаў школьніку пагражае да 15 гадоў


У судзе Менскага раёну пачалі разглядаць крымінальную справу 18-гадовага Іларыёна Б. Калі яго затрымалі сёлета ў лютым, ён яшчэ вучыўся ў 11 клясе 59-й менскай школы і быў непаўналетнім. Цяпер яго вінавацяць па 4 частцы 328 артыкула Крымінальнага кодэксу — у распаўсюдзе наркотыкаў у складзе групы.

«На загад нявысьветленай асобы», «пры нявысьветленых абставінах», «у нявысьветлены час» — гучала з вуснаў пракурора.

Справа Іларыёна Б. разглядаецца на фоне нядаўняй галадоўкі актывістак руху «Маці 328», якія патрабавалі сустрэчы з Лукашэнкам. Галадоўніцы казалі, што шмат юнакоў адбываюць вялікія тэрміны за «пыл у кішэні».

За што пагражае да 15 гадоў зьняволеньня Іларыёну Б.?

Нагандляваў на 500 рублёў

«Сам набыў наркотык і сам прадаваў, ніякай групы не было, таму не прызнаю 4 частку 328 артыкула, а ўсё астатняе прызнаю», — заявіў суду Іларыён Б. Ён сказаў, што ў 2017 годзе за 800 рублёў набыў 73 грамы наркотыку, зь іх пасьпеў зрабіць 5 закладак па 5 грамаў, астатнія трымаў дома.

«Пасьпеў атрымаць 500 рублёў на картку за 2 закладкі».

Паводле падсуднага, закладкі ён рабіў каля вёскі Антані́шкі Менскага раёну, недалёка ад якой жылі ягоныя бацькі. Здымаў закладкі на айфон ды зьмяшчаў у інтэрнэце здымкі з інструкцыяй для спажыўцоў. «Усё проста».

«Google ведае ўсё»

Сваю кампэтэнтнасьць у справе набыцьця і распаўсюду наркотыкаў Іларыён Б. тлумачыць наяўнасьцю інтэрнэту.

«З інтэрнэту даведаўся, што „Альфа ПВП“ — хадавы наркотык».

«Так, што ён небясьпечны, чытаў у інтэрнэце».

«Набраў у Google „праца мінёра“ — там усё ёсьць, што рабіць».

«Сьпісаўся з прадаўцом: Здрасьце, трэба столькі і столькі такога і такога».

Вэрсія сьледзтва: атрымліваў загады ў складзе групы

Паводле сьледзтва, Іларыён Б. зьдзяйсьняў злачынствы ў складзе групы, у якой былі разьмеркаваныя ролі. Ён атрымліваў загады «нявысьветленай асобы», дакладна іх выконваў, рабіў справаздачы, пра што сьведчаць зьвесткі ў ягоным тэлефоне і ноўтбуку.

— А ці знайшлі таго, хто ўцягнуў яго ў гэтую непрыгожую справу і прадаваў наркотыкі? — запытваў сьведак-міліцыянтаў адвакат.

— Ня ведаю, — адказаў опэрупаўнаважаны Менскага РАУС Сяргей Навіцкі.

Аляксандар Малафееў з управы наркакантролю, які браў удзел у аглядзе кватэры, дзе жыў Іларыён Б., не раскрыў суду і таго, як міліцыя выйшла на сьлед падсуднага. «Гэта была апэратыўная інфармацыя».

Лукашэнка запатрабаваў у Шуневіча адрозьніваць пакараньні спажыўцам і пастаўшчыкам наркотыкаў

Мала што дадаў і опэрупаўнаважаны Навіцкі: «З наркакантролю нам паступілі зьвесткі, што ў кватэры на вуліцы Касманаўтаў могуць быць наркотыкі».

Паводле яшчэ аднаго опэрупаўнаважанага, Уладзіслава Піхты зь Менскай раённай міліцыі, калі Б. затрымлівалі, пры ім быў ноўтбук, у якім знайшлі фатаздымкі закладкі наркотыкаў.

«Вобшук быў гадзіны 3–4. Панятыя прысутнічалі, канечне. У шафе знайшлі шэраг скруткаў з наркотыкамі», — сказаў сьведка.

Яшчэ міліцыянт прызнаў, што ведаў пра ўзрост Іларыёна Б. на момант затрыманьня — пра тое, што таму яшчэ не было 18 гадоў. Але які быў статус Б. падчас вобшуку — затрыманага ці не — Уладзіслаў Піхта не адказаў. «Не магу згадаць, бо дакумэнты аб затрыманьні складаў ня я».

Між тым, паводле адваката, гэта важнае пытаньне: ці абʼявілі Б. падчас ператрусу, што ён затрыманы? Бо паводле закону пра затрыманьне яму — як непаўналетняму — мусяць абвясьціць пры бацьках. Гаспадыня аднапакаёвай кватэры, у якой жыў і Б., заявіла суду, што міліцыянты ў яе не пыталіся дазволу на агляд кватэры.

— А вы былі супраць?

— Паспрабавала б я. Уварваліся шасьцёра мужыкоў...

«Думаў, прадам і больш ня буду»

Школу хлопец так і ня скончыў, бо арыштавалі яго за тры месяцы да выпускнога. З бацькамі ён ня жыў, хоць, кажа, падтрымлівае зь імі добрыя адносіны (між тым на працэс бацькі не прыйшлі). Са сваёй непаўналетняй сяброўкай Іларыён Б. здымаў пакой у Менску.

«Пашкадаваў, у яе бацькі пітушчыя, бʼюцца, узяў да сябе». «Хацелі ажаніцца».

«Ён добры, абараняў мяне ад маці», — сказала суду дзяўчына.

Дзіўна, але ў тым самым пакоі зь імі жыла і гаспадыня аднапакаёўкі — маладая жанчына зь дзіцем. «Станоўчы малады чалавек, таленавіты, музыку піша», — ахарактарызавала яна падсуднага.

Продажам наркотыкаў Іларыён заняўся, бо былі патрэбныя грошы.

«Думаў, прадам і больш ня буду. Пішу песьні для вядомых музыкаў. Назва хоць адной маёй песьні? Гэта сакрэт», — сказаў падсудны.

«Для мяне быў такі шок, калі ў яго знайшлі тую вагу, тыя скруткі з наркотыкамі! Даставалі зь ягонага заплечніка, з кішэняў. Ніколі б не магла пра яго падумаць!» — распавяла гаспадыня кватэры.

«Паддаўся імгненнай слабасьці», — падсумаваў Іларыён Б. пры канцы пасяджэньня.

У Магілёве судзяць за наркотыкі 18-гадовую дзяўчыну. «Маці 328» заклікаюць да гуманнасьці

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG