Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брамніку «Лівэрпуля» сталі пагражаць сьмерцю за паразу ў фінале Лігі чэмпіёнаў


Брамнік Лёрыс Карыюс
Брамнік Лёрыс Карыюс

Паліцыя графства Мэрсісайд, што ў Вялікай Брытаніі, пачала расьсьледаваць пагрозы забойствам галкіпэру футбольнага клюбу «Лівэрпуль» Лёрысу Карыюсу, піша The Telegraph.

Фінальны матч Лігі чэмпіёнаў скончыўся ў Кіеве 26 траўня перамогай мадрыдзкага «Рэалу» над ангельскім «Лівэрпулем» зь лікам 3:1. Мадрыдзкі «Рэал» трэці раз запар стаў пераможцам у гэтым турніры.

Першы гол «Рэалу» атрымаўся кур’ёзным: Лёрыс Карыюс выкідаў мяч ад брамы, але выпадкова «паклаў» яго на нагу нападніку праціўніка. За другі прапушчаны мяч яго не крытыкавалі — удар быў вельмі няпросты, некаторыя называюць гол найпрыгажэйшым у сэзоне. Ды шмат крытыкавалі за трэці — гэткія ўдары рэдка прапускаюць на спаборніцтвах узроўню Лігі чэмпіёнаў.

Карыюсу і ягонай сям’і пачалі паступаць сотні пагрозаў у сацсетках і праз мэсэрджэры, у тым ліку пагрозы забойствам, а таксама фразы кшталту «твае дзеці заслугоўваюць сьмерці ад раку». Паліцыя сьцьвярджае, што сур’ёзна ставіцца да пагрозаў забойствам і будзе расьсьледаваць такія выпадкі.

Сам футбаліст папрасіў прабачэньня перад фанатамі і на полі па фінальным сьвістку, і ў сваім твітэры на наступны дзень пасьля гульні. Шмат хто падтрымлівае яго словамі зь нефармальнага гімну «Лівэрпуля» — «Ты ніколі не застанесься адзін» («You’ll Never Walk Alone»).

У складзе «Лівэрпуля» 24-гадовы брамнік згуляў ужо 49 гульняў за два сэзоны, да таго пяць сэзонаў гуляў за нямецкі «Майнц-05».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG