Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Дубавец: Амаль заўсёды плачу ў фінале доўгай гісторыі


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік, рэдактар і журналіст Сяргей Дубавец.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Напэўна, я ўжо ня той хрэстаматыйны чытач і бібліяфіл, якім быў калісьці, у той палове жыцьця. Са студэнцкіх часоў запомніў, як на такое пытаньне адказаў Фолкнэр: чытаю ўсё, што трапляе на вочы, ад кніг да бульварных газэт і афішаў на слупе. Цяпер у мяне тое самае. Што я чытаю цяпер? Я чытаю манітор. Там усё — ад кніг да бульварных газэт і афішаў на слупе. Я счытваю энэргетыку, не асабліва разьбіраючы, кнігі гэта ці газэты, ці фэйсбук, ці рэкляма пральнага парашку. І тое, што гэта менавіта кніга, для мяне ня ў першым шэрагу важнасьці. Часам шкадую пра гэта, але так ёсьць.

Магчыма, гэта вынік маёй працы рэдактара, які, у адрозьненьне ад аўтара, прачытвае тэкст і як аўтар, і як аўдыторыя. А можа ад таго, што я шмат гадоў працую на радыё і маю справу з трансфармацыяй — ня кніг, а чагосьці ў кнігах, часам адной фразы — у самыя розныя фарматы. А можа, гэта сам цяперашні час зрабіў з маёй галавы шматканальны прымач, дзе галоўнымі застаюцца закладзеныя між радкоў энэргетычныя бомбы, а ня кніжная форма. Апошнюю па часе кніжную атаку перажыў, калі чытаў сёлета прэтэндэнтаў на прэмію «Дэбют» — больш за 10 кніжак.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

«Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы. Аўтар з выглядам такога сабе дылетанта (як усе любяць) выключна рэальнымі дакумэнтамі паказвае, што альтэрнатывы абранаму 25 сакавіка 1918 году шляху для Беларусі папросту не было. Іншымі словамі — мы нармальная сярод іншых нацыя, хіба што з заніжанай самаацэнкай і ня надта вялікімі прэтэнзіямі ў самавыражэньні.

Мне ўдалося напісаць кнігу пра нерэальнае

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Найперш праца рэдактара, удзел у журы розных прэміяў і нешта іншае, якое часта нічым не растлумачыш. Рэцэнзіі даўно страцілі мой давер. Я нават схільны сказаць, што ў нас няма літаратурнай крытыкі як такой. Як працэсу яе няма дакладна. Найлепшыя ўзоры нібыта крытыкі самі выглядаюць літаратурнымі творамі. Чытаючы рэцэнзію, я задаю сабе пытаньне пра матывацыю яе аўтара. Знаходзіцца шмат адказаў, апроч патрэбнага, — гэта проста рэцэнзія на кнігу. Чаму? Бо няма нейкага поля, дзе кожная кніга выклікае прынамсі некалькі водгукаў. Прычына сумная — у Беларусі няма кніжнага рынку.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Рэч… У кнізе я знаходжу ці не знаходжу энэргію. Уражаньне. Самае цікавае, бадай, прынамсі, самае моцнае зь нядаўніх было ў кнізе Вольгі Такарчук «Кнігі Якубавы». Забаўна, што гэта ўражаньне ў тэму гэтай апытанкі. Пра кнігі. Чытаючы, я проста эмацыйна ўспомніў, як ставіўся да кніг у дзяцінстве, да якой-небудзь «Адысэі капітана Блада», нечага яшчэ пра амэрыканскіх бізонаў ці шпіёнаў МІ5… Безумоўна, гэта былі для мяне ня проста кнігі, а прадметы культу. І гэтая сакралізацыя кнігі датрывала да Луцкевіча, Абдзіраловіча, да зборнікаў Разанава. Пасьля зьнікла. Але гэта такое трапяткое трымценьне над кнігай, такое поўнае пагружэньне ў яе, такое інтымнае, што бароніцца ад чужога вока. Такая жарсьць, якую давяраеш толькі самаму блізкаму сябру. У Такарчук гэтая бомба пада мной узарвалася зноў, падняўшы ўсе мае юначыя перажываньні. Уразіла, што ў кнізе практычна няма стылю — нарацыя сабе і нарацыя, але ўся мая ўвага адразу была ўзятая ў кулак гэтым вось пачуцьцём колішняй апантанасьці кнігай.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Здаецца, гэта быў «Працэс» Кафкі. Бо я пісаў свой працэс — «Юркойцеў суд». Пасьля «Замку» ў мяне шмат гадоў быў свой Кафка і я пабойваўся разбурыць яго «Працэсам». Яшчэ жывучы ў Празе, я дачытаў Кафку да «ўсяго», апроч «Працэсу». І вось такая патрэба. Што скажу? Нічога не разбурыў, хоць вобраз аўтара трохі і зьмяніўся больш дэталізаваным партрэтам.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Цэніце і любіце… Мабыць, тых, пра каго ведаю, што яны будуць імкнуцца зьдзівіць (сябе найперш). Але гэта пра тэксты, якія выйшлі сёньня і якія я абавязкова прачытаю. Зрэшты, чаму? Ад клясыкаў я чакаю таго самага. Тады трэба назваць сотні прозьвішчаў. Не забыць Гаксьлі. Не забыць таксама сказаць, што іншай сотні прозьвішчаў у гэтым сьпісе ня будзе. Тут не забыць Уэльбэка. І Кутзэе… Я люблю хаос, зь якога вырастае гармонія, а гэта даволі рэдкая зьява, найчасьцей эпізадычная і таму не пэрсаніфікаваная. І калі зараз я назаву пяць прозьвішчаў, дык праз гадзіну гэта будуць іншыя пяць прозьвішчаў. Але гэта пра сучасьнікаў. Цаню і люблю Ядвігіна Ш., Гарэцкага, Гаруна, забітых паэтаў, Караткевіча… Гэты пералік, бадай, ня зьменіцца.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

«Клініка кітайскага дантыста» Зьмітра Бартосіка. Я яе рэдагую:)

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Я амаль заўсёды плачу ў фінале доўгай гісторыі.

Расейская мова навязвае расейскасьць

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

У журы прэміі «Дэбют» — тое, што ня стала адкрыцьцём. Ну вось цэлы паэтычны зборнік безь ніводнага самабытнага слова, бязь ценю прэтэнзіі на арыгінальнасьць, без найменшага злому. «Раманы», якія ні разу не раманы… Моцным расчараваньнем стаў раман Славаміра Адамовіча, які я перачытваў у журы прэміі Гедройця. У «Дзеяслове» я яго ўспрыняў як здабытак нашай літаратуры. У кнізе літаральна ўсё, што мне запомнілася, зьнікла, зьявілася другая частка, якая даразбурыла ўсё.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Прадказальныя.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Калі чытаньне — гэта работа, прычым ненармаваная, выбіраць не выпадае. Шмат, заўсёды і ва ўсіх выглядах.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Мая бібліятэка цяпер раскіданая кавалкамі па розных гарадах і нават краінах. Не скажу, што пра ўсе памятаю, але больш-менш уяўляю, ведаю, што дзе шукаць.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Магчыма, гэта былі б масонскія кнігі — пра тое, як з вугольнікам і цыркулем у руках можна растлумачыць усё на сьвеце, у тым ліку мэтафізыку і Бога. Заўсёды найбольш шанцаў моцна зьдзівіць у рарытэтных кніг, у кніжнага антыкварыяту ці ў незвычайных фарматаў. Мая «Вялікая Кніга ВКЛ» важыць 6 кг. Ці аграменны альбом на 20-я ўгодкі Чарнобыля, які дае вычарпальныя і візуальныя адказы на ўсе пытаньні, зьвязаныя з катастрофай. Альбо вось нямецкая кніга пра сарматаў Усходняй Эўропы, дзе я ўмудрыўся надрукаваць эсэ пра свайго ўласнага бацьку. Шмат для каго робяцца зьдзівам «Пёсэнкі фрывольнэ і танэчнэ» Міхала Федароўскага. Гэта беларускія прыпеўкі, запісаныя ў 19 ст., густа перасыпаныя мацюкамі. Вінцук Вячорка тлумачыў, што мацюкі ў Беларусі ўжываліся традыцыйна як назвы таго менавіта, што яны называюць, а не іншасказальна ці «для краснага слаўца», як у Расеі. Зборнік Федароўскага пацьвярджае гэта.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Гэта былі сыгнальныя экзэмпляры з друкарні.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Відаць, калі б я прачытаў некалькі кніг, можна было б выбраць. А зь некалькіх тысяч гэта зрабіць немагчыма. Галоўная праблема — як захаваць вернасьць свайму выбару. У розных эпохах, канцах сьвету і жыцьцёвых сытуацыях той самы герой можа перамяняцца ў антыгероя, але гэта яго праблема, а не мая.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

У школе чытаў шмат. Гэта амаль заўсёды была заходняя літаратура і тэматыка. Амэрыка ад індзейцаў да По і Драйзэра, французы, ангельцы, італьянцы і нават балгары пра дэтэктыва Авакума Захава… Праграм я не любіў. Першая кніжка, мабыць праграмная, якая мяне перавярнула, гэта «Звычайныя людзі» Ганчарова. Пасьля яе я пачаў пісаць вершы. А пасьля, калі ўжо пачаў працаваць на заводзе «Гарызонт» і стаў заўсёднікам бібліятэкі, я прачытаў «Цветы Польши» Тувіма і стаў пісаць вершы па-беларуску. Наступнага паляка, Лема, я чытаў ужо ў арыгінале.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Калі я пісаў працэс Юркойця, сам сабою склаўся партрэт той сыстэмы, якую стварыў Лукашэнка на трох слупах: КГБ, хлусьня і беззаконьне. Таму я б даў яму свой «Юркойцеў суд» — як дапаможнік, што казаць бацюшку на споведзі.

Юркойцеў палон. Сказаў «ты», запісалі «я»

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Валянціна Тараса, Аляксандра Лукашука, Лідзію Міхееву. І каб кожны зь іх паклікаў яшчэ траіх. І каб гэта было застольле.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Каго-небудзь з фантазёраў, якія б прачыталі маё жыцьцё як захапляльную містыфікацыю.

Што вы перачытваеце?

Вось я праглынуў «Падарожжа ў БНР». А паралельна перачытаў «Падзеньне» Камю, бо мне заўсёды хацелася пісаць так, і зразумеў, што перажыў гэтае жаданьне. За гэта я, прызнацца, і не люблю перачытваць кнігі. Самы вялікі зьдзіў за апошні час атрымаў пры перачытваньні «Муму» і «Старога і мора». «Высокая літаратура» перакваліфікоўваецца ў маім уяўленьні ў найлепшым выпадку ў прымітывісцкую.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Цяпер шмат у каго на такое пытаньне ёсьць «адмазка» — «Сабак Эўропы». Прызнаюся, рабіў падыход, але кнігу забрала дачка. Альгерд выбітны пісьменьнік, але ня мой. Маё — калі чытаеш ня аўтара, а тое, што праз аўтара прамовіў нехта іншы, і ты гэта разумееш. Прафэсійнае пісьменьніцтва, 15 старонак на дзень, мяне, шчыра кажучы, прыгнятае. Калі ж шырэй, дык пытаньне вяртае да пачатку: ніколі ня ведаю, якая назва ці малюнак на вокладцы ці выхапленая зь сярэдзіны фраза змусіць засесьці за чытаньне. Амаль напэўна гэта будзе не імя аўтара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG