Да 2018 году вясновае паляваньне ў Беларусі цягнулася 28 дзён. Указам прэзыдэнта сёлета тэрмін павялічылі ў два разы — да 60 дзён. У зьменах найбольш зацікаўленыя паляўнічыя гаспадаркі, якія арыентуюцца на замежных паляўнічых. Тыднёвы паляўнічы тур з пражываньнем і харчаваньнем каштуе ад некалькіх соцень да 2,5 тысяч даляраў.
«Веснавое паляваньне ставіць пад пагрозу папуляцыі птушак — у самы разгар сэзону размнажэньня яны штодня могуць трапляць пад стрэлы», — гаворыцца ў пэтыцыі супраць вясновага паляваньня.
Страляць ці не страляць: арнітоляг і чыноўнік пра новыя правілы паляваньня ў Беларусі
Як тлумачаць аўтары пэтыцыі, тэрміны вясновага паляваньня накладваюцца на міграцыю і час размнажэньня птушак. Праз адстрэл гінуць кладкі і вывадкі ня толькі паляўнічых, але і большасьці іншых водна-балотных і каляводных птушак.
Сёлета да 11 відаў качак і гусей, на якія дазволена паляваць увесну, дадалі два новыя віды — качак гогаля і сьвіцьву. Да сярэдзіны 2000-х гэтыя віды былі ў Чырвонай кнізе.
Як тлумачыць грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны», вясновае паляваньне наносіць значна большую шкоду папуляцыям водна-балотных птушак, чым восеньскае. Гусі ляцяць вясной ужо сфармаванымі парамі. Калі будзе забітая адна качка і любы партнэр з гусінай пары, гнездаваньня не адбудзецца і шкода папуляцыі гэтаму віду птушак складзе 6-10 асобінаў.
Беларусь — ключавое месца для міграцыі птушак. Падчас пералёту да месцаў гнездаваньня сотні тысячаў птушак прыпыняюцца на беларускіх вадаёмах. Больш нідзе ў Эўропе паляваньне не дазволенае. У Расеі яно абмежаванае 10 днямі, аднак многія рэгіёны самастойна забараняюць паляваньне ўвесну.