Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчаны склад журы прэміі Гедройця. Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 31 траўня


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Кіраўнік Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч адзначыў, што чуткі адносна магчымага зьнікненьня прэміі «крыху перабольшаныя». Сёлета прэмія Гедройця будзе ўручаная, як і ў папярэднія гады.

«Нават калі і ёсьць момант пэўнага крызісу, гэта не падстава, каб адмаўляцца ад свайго дзецішча», — сказаў Пятровіч.

Як кажа сакратар прэміі Аляксей Стрэльнікаў, згодна з палажэньнем конкурсу быў скліканы камітэт па журы, у які ўвайшлі старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, кіраўніца Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай, а таксама асобы, якія выбіраюцца зь сябраў журы мінулых гадоў — сёлета гэта паэт Андрэй Хадановіч. Сем чальцоў журы выбіралі з двух дзясяткаў чалавек. Такім чынам, абвешчаны канчатковы склад журы, якое будзе працаваць у 2018 годзе.

Вызначыць кандыдатаў даручана

  • Валянціну Акудовічу,
  • Але Брадзіхінай,
  • Ганьне Бутырчык,
  • Пятру Васючэнку,
  • Сяргею Кавалёву,
  • Марыне Казлоўскай,
  • Ціхану Чарнякевічу.

Далучыць да працы кагосьці з аўтарытэтных замежнікаў з аб’ектыўных прычын не ўдалося, прызнаўся Андрэй Хадановіч.

Экспэрымэнтальнае журы

«Сёлета мы паспрабавалі зрабіць экспэрымэнт і сфармаваць журы пераважна з крытыкаў і літаратуразнаўцаў, — кажа старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай. — Мяркуем, што прафэсійны падыход да ацэнкі намінантаў дазволіць спадзявацца на большую аб’ектыўнасьць. Вядома, мы ня можам гарантаваць, што гэта рэцэпт, які спрацуе, але спрабуем намацаць новыя падыходы».

Крытык Максім Жбанкоў зь ёю нязгодны. Ён лічыць, што да беларускага літаратурнага працэсу павінны быць далучаныя ня толькі экспэрты-прафэсіяналы, але і бесстароньнія асобы.

«У такім выпадку ступень ангажаванасьці сябраў журы будзе зьведзеная да мінімуму. А на кану, між іншым, пападаньне аўтараў у лонг- і шорт-лісты», — сказаў Жбанкоў.

Дыплёмы прэміі Гедройця, архіўнае фота
Дыплёмы прэміі Гедройця, архіўнае фота

Лонг-ліст будзе ў ліпені

Прыём заявак на конкурс Гедройця будзе спынены 31 траўня. Прэтэндаваць на ўдзел могуць кнігі, напісаныя на беларускай мове, у жанрах мастацкай і дакумэнтальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 сьнежня 2017 году.

Паводле Аляксея Стрэльнікава, лонг-ліст журы мае абвясьціць у ліпені, да канца лета сьпіс прэтэндэнтаў будзе скарочаны і зьявіцца шорт-ліст. Узнагароджаньне пераможцы плянуецца на верасень.

Летась прызавы фонд скараціўся зь першапачатковых 10 тысяч да 5 тысяч эўра.

У 2017 годзе прэмію імя Гедройця атрымаў Зьміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Прэмія Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі. Дыплём і чэк на 5 тысяч эўра ўручаецца, пачынаючы ад 2012 году, за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове.

Заснавалі прэмію амбасада Польшча ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Галоўныя мэты прэміі

  • ушанаваць памяць Ежы Гедройця, публіцыста, палітыка, пасьлядоўнага прыхільніка добрасуседзкіх адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю
  • спрыяць паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры
  • папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і ў Польшчы
  • падтрымаць актуальных беларускіх пісьменьнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасьці на міжнародны ўзровень.

Папярэднія пераможцы

  • Павал Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012)
  • Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013)
  • Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014)
  • Віктар Казько з кнігай «Час зьбіраць косьці» (2015)
  • Макс Шчур з кнігай «Завяршыць гештальт» (2016)
  • Зьміцер Бартосік з кнігай «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017).
Ежы Гедройць (Jerzy Giedroyc)
Ежы Гедройць (Jerzy Giedroyc)

Ежы Гедройць нарадзіўся ў 1906-м у Менску, правёў тут першыя 10 гадоў жыцьця. Пасьля сям’я пераехала ў Варшаву, дзе хлопец скончыў гімназію, вывучаў юрыспрудэнцыю і гісторыю ў Варшаўскім унівэрсытэце.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны Гедройць эвакуюецца ў Румынію, а ў 1941-м выехаў у Стамбул, дзе запісаўся на вайсковую службу. Адправіўся ў Палестыну і ўступіў у Брыгаду карпацкіх стралкоў. У 1944–1945 працаваў у вучэбным цэнтры бранятанкавых войскаў у Італіі, а пасьля дырэктарам дэпартамэнту Міністэрства інфармацыі польскага ўраду ў Лёндане.

У 1946 годзе заснаваў у Рыме Літаратурны інстытут. На наступны год установа пераехала ў Францыю, дзе пачала функцыянаваць як цалкам незалежная. У 1947-м Інстытут выпусьціў першы нумар часопіса «Культура», які стаў найважнейшым выданьнем польскай эміграцыі. Прынцыповай пазыцыяй было разуменьне, што палякі мусяць падтрымліваць памкненьні да свабоды ўсходніх суседзяў — літоўцаў, беларусаў, украінцаў.

У 1998 годзе выйшаў «беларускі» нумар часопіса «Kultura», а ў ліставаньні з Сакратам Яновічам ён горача падтрымаў вылучэньне на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі кандыдатуры Васіля Быкава. У Менску ёсьць вуліца Ежы Гедройця. Ягоным імем названая літаратурная прэмія, якая сьведчыць пра ўнёсак беларуска-польскага дзеяча ў двухбаковыя культурныя стасункі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG